«Маці 328»: У Лідзе галадаюць трое жанчын

Людміла Лапко з Ліды галадае з чацьвярга, у пятніцу да яе далучылася лідчанка Алена Мікалаюк, а ў суботу — Натальля Горбач з Горадні.

Удзельніца галадоўкі зь Ліды Людміла Лапко

Усе спадарыні фізычна пачуваюцца здавальняюча.

Адна з лідарак руху «Маці 328» Ларыса Жыгар сказала Свабодзе, што яны пачалі задумвацца аб прыпыненьні галадоўкі.

Ларыса Жыгар

— Справа ў тым, што мы атрымалі ліст з адміністрацыі прэзыдэнта ў якім спадарыня Качанава (кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава — РС) запэўнівае нас, што ў парлямэнт перададзены новы законапраект са зьменамі ў заканадаўства, якое датычыць крымінальнай адказнасьці за злачынствы зьвязаныя з наркаманіяй, — кажа Жыгар.

Аднак, паводле яе, у сваім лісьце Качанава не ўказала, якія канкрэтна зьмены прапануецца ўнесьці ў заканадаўства.

— Таму мы і думаем наконт прыпыненьня галадоўкі. Тут практычна кот у мяшку, бо мы нічога канкрэтна ня ведаем. Калі нам канкрэтна пакажуць, якія зьмены прапануецца ўнесьці ў заканадаўства, тады і будзем прымаць канкрэтнае рашэньне, — сказала Жыгар.

Паводле яе, рашэньне аб прыпыненьні галадоўкі альбо яе працягу будзе прынятае ў панядзелак.

Лідчанка Людміла Лапко сказала Свабодзе, што яна працягне галадоўку незалежна ад рашэньня, якое прымуць удзельнікі руху «Маці 328».

— Справа ў тым, што я асабіста пісала ліст у адміністрацыю прэзыдэнта з тым, каб сустрэцца з Лукашэнкам. І я буду чакаць адказу, бо нехта ж павінен яму распавесьці, аб прычынах галадоўкі, — сказала Свабодзе Людміла Лапко.

Людмілу Лапко пасьля аб’яўленьня галадоўкі выклікалі ў райвыканкам для размовы. Зь ёй гутарыў намесьнік старшыні Лідзкага райвыканкама Віктар Пранюк. Ён адмовіўся прыняць і зарэгістраваць зварот Лапко аб пачатку галадоўкі, а прапанаваў спыніць галадоўку і дамагацца сваіх мэтаў праз скаргі ў судовыя інстанцыі і пракуратуру.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:

Акцыя доўжылася 15 дзён. 11 траўня актывісткі пачалі выхад з галадоўкі.

Працягвае галадаць Людміла Лапко зь Ліды, якая пачала галадоўку 10 траўня. Да яе на выходныя дні далучылася Алена Мікалюк.

Саўмін накіраваў у Палату прадстаўнікоў законапраект аб зьмене наркатычнага артыкула.

Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці спажыўцоў наркотыкаў.

2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавіч сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы яны адмовіліся спыніць галадоўку.

27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.

Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)