Общество
Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

Таямнічая прылада на даху. Як у Дзень Волі над Опэрным выкрадалі дроны

Асобы з невядомай прыладай прысутнічалі на даху «дома Чыжа».

Апісаньне тэхналёгіі, сьведчаньні апэратара бесьпілётніка і відэа спробы перахопу.

25 сакавіка на канцэрце ля Опэрнага працавалі каманды адразу некалькіх СМІ. Некаторыя зь іх плянавалі здымаць сьвяточны канцэрт і мітынг з паветра з дапамогай дронаў.

Арганізатары мерапрыемства, зьбіраючы зьвесткі аб журналістах для акрэдытацыі, прасілі пазначыць імя і тэлефон апэратара дрона. Некаторыя СМІ гэта зрабілі. Пры гэтым інфармацыя аб колькасьці дронаў над пляцоўкай ля Опэрнага і іхных апэратарах праз арганізатараў трапіла ў рукі «невядомай асобы». Кім быў гэты чалавек і да якой структуры належаў, дакладна невядома. Аднак усе дроны, пра якія меў інфармацыю гэты чалавек, прапалі.

«Пасьпелі паздымаць чатыры хвіліны»

«Мы ўзьляталі з пляцоўкі, дзе раней быў выставачны цэнтар „Белэкспа“, — расказвае Свабодзе кіраўнік аддзелу мультымэдыя парталу Tut. by, Алег Ануфрыенка. — Апэратар вывеў дрон на пляцоўку перад Опэрным тэатрам, здымаў з вышыні прыкладна 20 мэтраў сцэну і тое, што адбывалася вакол. Пасьпеў палётаць прыкладна чатыры хвіліны, і раптам апэратар страціў з дронам сувязь. Чорны экран і ўсё. Мы адразу пайшлі шукаць бесьпілётнік, абышлі ўсю пляцоўку ля тэатра, прайшліся па ваколіцах, па Асмалоўцы, аднак дрона нідзе не было. Ніхто яго ня бачыў».

Акрамя Tut. by, свой дрон «зарэгістраваў» у арганізатараў сьвяткаваньняў канал «Белсат». Яго гісторыя вельмі нагадвае тое, што адбылося з бесьпілётнікам каманды Ануфрыенкі. Узьлёт, некалькі хвілін працы над Опэрным і зьнікненьне.

«Мы ўсе ваколіцы абышлі, размаўлялі з жыхарамі, аднак нічога, — гаворыць прадстаўнік „Белсату“ ў Беларусі Аляксей Мінчонак. — Цяпер уладальнік дрона, які мы бралі ў арэнду, зьбіраецца пісаць заяву ў міліцыю».

Апроч журналістаў, свае дроны «рэгістравалі» яшчэ тры прыватныя асобы, якія хацелі паздымаць сьвята з вышыні для сябе. Аднак усе яны з розных прычынаў 25-га не ляталі.

 

«Я падумаў, што ўжо ўсё, канец»

Апэратар, які здымаў сьвята ля Опэрнага тэатру з дрона для Свабоды, свой апарат у арганізатараў мерапрыемства не рэгістраваў. Адпаведна, зьвестак пра гэты дрон у «невядомага чалавека» не было. Чамусьці супала, што менавіта гэты бесьпілётнік змог ня толькі зрабіць фота і відэа з паветра, але і вярнуцца да свайго ўладальніка. Хоць і не без прыгодаў.

«Я ўзьлятаў з пляцоўкі ля „дома Чыжа“, — расказвае апэратар „шчасьлівага“ дрона. — Падняўся над будынкамі, паздымаў панараму сьвяткаваньняў зь вялікай вышыні. Прыкладна са ста мэтраў. Падляцеў бліжэй да „дома Чыжа“ і заўважыў на яго даху трох чалавек, побач зь імі стаяла невядомая прылада на штатыве. Падляцеў крыху да іх, затым назад. І раптам сувязь з дронам абарвалася, я ня мог ім кіраваць і ня бачыў, што адбываецца зь бесьпілётнікам. Націснуў на кнопку, якая адказвае за аўтаматычнае вяртаньне на месца ўзьлёту.

Я ня ведаў, дзе мой дрон, прыкладна 2-3 хвіліны. Потым сувязь раптоўна аднавілася і я пабачыў, што ён сам вяртаецца на месца старту. Калі пазьней дастаў карту памяці зь яго камэры, то моцна зьдзівіўся. Аказалася, што дрон самастойна некалькі разоў спрабаваў прызямліцца, раз нават проста пасярод ажыўленай вуліцы Багдановіча. Гэтаму перашкодзілі толькі нацягнутыя над праезнай часткай тралейбусныя драты».

Беларускую зброю для барацьбы з дронамі прэзэнтавалі яшчэ год таму

Спробы атрымаць кантроль над дронамі журналістаў здараліся і раней. Вядома як мінімум пра адну зь іх, і яна таксама зьвязаная зь бесьпілётнікам парталу Tut.by. 25 сакавіка 2017 году журналісты парталу здымалі з паветра разгон дэманстрацыі непадалёк ад ЦУМа. Нечакана сувязь зь бесьпілётнікам абарвалася, а ён пачаў зьніжацца і прызямліўся. Тады журналістам удалося яго хутка знайсьці і падабраць.

«Відавочны прагрэс, — гаворыць Алег Ануфрыенка. — Год таму наш дрон змаглі толькі пасадзіць, цяпер ужо могуць перахапіць канал сувязі і кіраваць бесьпілётнікамі журналістаў самастойна. Верагодна, на нас яны проста трэніраваліся».

Распрацовак, якія дазваляюць змагацца зь бесьпілётнікамі, у сьвеце даволі шмат.

Увосень 2016-га ў Беларусі, а пазьней на выставе зброі IDEX-2017 у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах былі паказаныя адразу два комплексы беларускай вытворчасьці: «Навальніца-С» і «Навальніца-Р».

Першы мантуецца на базе невялікага фургона і дзейнічае нават на адлегласьці 50 кілямэтраў. Другі значна больш кампактны, можа пераносіцца адным чалавекам (важыць каля 10 кіляграмаў) і здольны перахопліваць дроны на адлегласьці да 5 км. З выгляду нагадвае аўтаматычную вінтоўку зь дзьвюма масіўнымі радарамі збоку ад ствала.

Маршруты палётаў дронаў 25 сакавіка і месцы іх захопу

​Прынцып працы абодвух комплексаў падобны. Яны могуць выяўляць дроны па каналах іх сувязі з апэратарам, перарываць іх, а таксама пазбаўляць бесьпілётнікі сувязі са спадарожнікамі. У выпадку партатыўнага комплексу дастаткова скіраваць радар туды, дзе працуе дрон.

Прыкладна гэта адбывалася з дронамі, якія зьніклі 25 сакавіка ля пляцоўкі ля Опэрнага, а таксама з тым бесьпілётнікам, які змог вярнуцца да гаспадара пасьля аднаўленьня сувязі. Спачатку гублялася сувязь, затым дрон пераставаў бачыць спадарожнікі, пасьля чаго спрабаваў самастойна сесьці на падыходзячую пляцоўку.

Таямнічая прылада на даху «дома Чыжа»

На відэа, якое Свабодзе ўдалося зьняць з паветра 25 сакавіка ля Опэрнага, відаць некалькі падазроных мікрааўтобусаў.

Яны, відавочна, належаць праваахоўным органам. Адзін прыпаркаваны насупраць цэнтральнага ўваходу на сьвяточную пляцоўку, яшчэ адзін побач з галоўным уваходам у Опэрны тэатар, за паласой ачапленьня міліцыі. Абодва сіняга колеру, зь незвычайнымі антэнамі і абсталяваньнем на даху. Аднак яно мала нагадвае тое, якое можна пабачыць на фатаздымках комплексу «Навальніца-С».

Куды больш цікавыя кадры з пляцоўкай на даху так званага «дома Чыжа». На відэа Свабоды відаць, што там знаходзяцца тры чалавекі, а побач зь імі незразумелая прылада на штатыве. Яе памеры і форма моцна нагадваюць «Навальніцу-Р», прэзэнтаваную ў Эміратах больш за год таму.

Уладальнікі дронаў, якія зьніклі ля Опэрнага 25 сакавіка, зьвярнуліся ў праваахоўныя органы. Улічваючы кошт бесьпілётнікаў (каля 1000 эўра за кожны), пакараньне для злачынцаў можа быць вельмі сур’ёзным. Калі іх знойдуць, вядома.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)