Комментарии
Сяргей Дубавец, Радыё Свабода

Апошняя спроба зразумець Статкевіча

Пра кантэкст канфлікту паміж шэсьцем і канцэртам.

Радыё Свабода апублікавала відэакамэнтар Міколы Статкевіча да затрыманьняў арганізатараў шэсьця 25 сакавіка.

Шчыра шкада, што затрымалі. Але больш шкада, што арганізатары не адмовіліся ад сваёй задумы. Я вылучыў тры асноўныя рэзоны, на што яны спадзяваліся і спадзяюцца, у надзеі паспадзявацца на тое самае сабе самому.

1. Шэсьце традыцыйнае і, адмовіўшыся ад яго, мы трацім твар. Але факт — за дзесяцігодзьдзі такія шэсьці вымерхаліся і страцілі масавасьць. Для староньняга назіральніка яны незразумелыя, каб хацелася да іх далучыцца, бо шэсьце не выконвае асьветніцкае місіі. Людзі элемэнтарна ня ведаюць, што такое БНР і незалежнасьць, а пры тым разумеюць, што ісьці за такім шэсьцем — нарывацца на непрыемнасьці. У імя чаго? Можа быць, ня варта трымацца такой «традыцыі», а прыдумаць іншыя формы масавага самавыразу?

2. Гэта палітыка. Грамадзкі сэктар каля Опэры, кажа Мікола Статкевіч, «паляпшае сыстэму», а наша, маўляў, задача — «сыстэму памяняць». Гэта як? 2-3-тысячнае шэсьце ідзе рабіць рэвалюцыю? Ці ідзе прымусіць урад сесьці за круглы стол? Ці ідзе настрашыць Лукашэнку, каб ён куды-небудзь уцёк? Ці — не глядзіце, што нас мала, заўтра будзе болей? Але з году ў год нас робіцца толькі меней.

І потым — давайце падрыхтуем сапраўды масавую акцыю на мільён чалавек, тады і выйдзем. Чаго ж цяпер лезьці пад дубінкі? Скажу вам па сакрэце, што якраз каля Опэры зьбяруцца тыя, хто пра БНР ведае і раскажа іншым. Бо зусім не сыстэму яны паляпшаюць, а наша беларускае грамадзтва. Канцэрт — яшчэ не палітыка. Але і шэсьце — ужо не палітыка.

3. Гэта пратэст, а там «танцулькі ў загародцы». Пратэст, асабліва вось такі, дысыдэнцкі паводле маштабу, павінен быць напоўнены зьместам. Калі пратэст усяго толькі «пацанскі» — гэта пусты пратэст. Соты раз выйсьці малалікай групай, каб сказаць Лукашэнку, што мы яго ня любім, — гэта ня зьмест пратэсту. Гэта выкід адрэналіну, ня больш. І гэтая пустата, мабыць, самая галоўная прычына, чаму людзі масава не далучаюцца да шэсьця, — ня бачаць у ім зьместу.

Я ведаю, што і Някляеў, і Статкевіч, і Сіўчык, і астатнія — свае людзі, але калі казаць пра іх як пра палітыкаў, я зусім не ўяўляю сабе, чаго ці каго яны хочуць замест Лукашэнкі, якім чынам плянуюць «зьмену сыстэмы». На якую? Ну, каб добра было. Дык хто ж гэтага ня хоча, самыя заўзятыя лукашысты таксама.

Затое ўяўляю, чаго хоча грамадзкі сэктар. І ўяўляю, чаго хоча народ Расеі пасьля перавыбараў Пуціна. Народ хоча пашырэньня «русского мира» і чым хутчэй. Гэта галоўны зьмест новага прэзыдэнцкага мандату. Уяўляю таксама, што пашырэньне адкрытым спосабам можа пачацца ўжо заўтра, а можа і гэтай ноччу — як у Крыме. І рэфэрэндум з бэтээрамі на вуліцах прынясе тыя самыя вынікі.

Вось які кантэкст канфлікту паміж шэсьцем і канцэртам. Кансалідацыя — на маю думку, адзінае, што павінны сёньня мець за мэту ўсе беларускія нацыянальныя сілы. Усе іншыя амбіцыі, прыватныя выгады, звычкі і «традыцыі» мусяць адысьці на маргінэс.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)