Лявон Вольскі выступіць 25 сакавіка ля Опернага, але толькі ў рэжыме тэлемоста

Музыка мае абавязкі перад слухачамі ў Беластоку, пра гэта ён паведаміў у Фэйсбуку.

– 25 сакавіка я засьпяваю на сьвяточным канцэрце ў Менску. Але ў рэжыме тэлемосту, – напісаў Лявон Вольскі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

– Яшчэ летам 2017 году я прыняў прапанову выступіць у гэты дзень на канцэрце да 100-годзьдзя БНР у Беластоку, які ладзяць мясцовыя беларусы. У памяці яшчэ былі сьвежыя малюнкі з 25 сакавіка 2017, калі я сам ледзь не патрапіў у пастарунак. І цяжка было ўявіць, што праз год улады дазволяць ўрачыстае сьвята ў Менску ў такі дзень.

Лявон Вольскі падкрэсліў, што «сьвята ў Менску каля Опэрнага – гэта выдатная навіна». І ён вельмі хацеў там выступіць асабіста.

– Цягам апошніх двух тыдняў мы спрабавалі дамовіцца з арганізатарамі канцэрту ў Беластоку спачатку пра перанос на іншы дзень. Потым пра перанос хаця б на некалькі гадзін, але яны маюць свае абавязкі і кажуць, што гэта немагчыма.

Тэхнічна немагчымым выглядае і спроба сумясціць два выступы ў адзін дзень у Беларусі і Польшчы, падкрэсліў Вольскі:

– Я маю быць на сцэне а 17-й па Варшаве (18-я ў Беларусі). Выступіць у Менску а 14-й, даехаць і перасекчы мяжу я проста не пасьпею. Разам з арганізатарамі сьвята каля Опэрнага мы абмяркоўвалі нават варыянт з гелікоптэрам, але міжнароднага аэрапорта ў Беластоку няма, а з Варшавы ці Гародні даехаць ізноў не пасьпяваю. Таму я засьпяваю ў Менску ў варыянце тэлемаста. Адбудзецца прэзентацыя маёй песьні, прысьвечанай 100-годзьдзю абвяшчэньня БНР.

Напрыканцы допісу музыка дадае:

– Я разумею, што гэта ня тое самае, што быць на гэтым канцэрце асабіста, але, перабраўшы ўсе варыянты, хачу ўзяць удзел хаця б такім чынам. Бо гэта наша агульнае сьвята і нават такія абставіны ня мусяць нас разьяднаць у гэты дзень. Мы працягваем шукаць іншыя варыянты выступіць у Беларусі ў межах сьвята і калі іх знойдзем, абавязкова паведамім вам.

Нагадаем, што арганізатары святочнага канцэрта таксама вялі перамовы пра ўдзел у праграме лідара гурту Brutto Сяргея Міхалка. аднак дырэктар калектыва паведаміў, што ў гэты дзень гурт будзе выступаць у Мазыры.

Не будзе на менскім канцэрце #БНР100 і Аляксандра Саладухі, якога нібыта таксама запрашалі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)