Барыс Штэрн і «Момант страчанай эйфарыі»

Беларуска-ізраільскі журналіст запісаў альбом на вершы, напісаныя ім на трох войнах.

Выйшаў дыгітальны рэліз альбому «Момант страчанай эйфарыі» праекту #слушатьвнаушниках з удзелам Барыса Штэрна ды іншых беларускіх і ізраільскіх творцаў.

Пра альбом

15 нядоўгіх трэкаў у розных стылях, напісаных і запісаных у розных краінах на вершы Барыса Штэрна (у мінулым — вядомага контаркультурнага дзеяча Беларусі, паэта і героя сьвецкай хронікі, а цяпер — ізраільскага журналіста і прававернага хасіда).

«Гэта вершы, напісаныя на трох войнах — пра каханьне, гаражы, тэорыю вялікага выбуху і адзіноту. У асобных трэках чуецца палітычны падтэкст. Але насамрэч гэта гукі глыбокай гармоніі і стварэньня дыгітальнай будучыні, якая няўмольна набліжаецца. Галоўны мэсыдж праекту: жыцьцё цудоўнае!» — кажа Барыс.

Пра праект

Большасьць музыкаў, якія працавалі над альбомам «Момант страчанай эўфарыі» — удзельнікі вядомых беларускіх і ізраільскіх праектаў канца ХХ — пачатку ХХІ стагодзьдзяў. Яны проста апынуліся ў адзін час у розных месцах.

Аўтары музыкі — Барыс Штэрн, Леанід Нарушэвіч і Андый Граф — знаёмыя яшчэ з пачатку 1990-х. Першыя музычныя экспэрымэнты Нарушэвіча і Штэрна абмяжоўваліся супольнымі канцэртнымі выступамі. З Андыем Графам Штэрн быў заўважаны ў вялікіх шумавых праектах сярэдзіны 90-х.

Сёньня Леанід Нарушэвіч — адзін з самых вядомых у Эўропе аўтараў імправізацыйнай музыкі і лідэр праекту «Князь Мышкін».

Андый Граф працуе ў якасьці саўнд-прадзюсэра зь некалькімі менскімі гуртамі. Яго праект Vacuumable мае статус культавага ўжо на працягу 20 гадоў.

У працэсе працы да праекту #слушатьвнаушниках далучыўся вядомы ізраільскі прадзюсэр і кампазытар Уладзімір Ломбэрг. У Ізраілі і Эўропе ён вядомы дзякуючы свайму праекту Jewrithmix, а таксама супольнай працы з найстарэйшай выканаўцай песень на ідыш Жэняй Фаерман.

У запісе альбома выкарыстоўваліся жывыя інструмэнты і віртуальныя сынтэзатары. Большая частка трэкаў запісаная з дапамогай пляншэта iPad і міды-клявіятуры Xkey.

Ад выдаўцоў

Сузаснавальнік лэйблу SunWoofer («Кассиопея», «Серебряная свадьба», «Невгень», Trubetskoy) Яўген Калмыкоў:

«Мне і бяз музыкі падабаецца голас Штэрна. Нават калі Бора кажа ня ў рыфму, я гатовы яго слухаць, не перапыняючы. А ў гэтым праекце, апроч Борынага тэмбру, прысутнічае яшчэ і выдатная музыка, і рытмічна цікавая паэзія. Ня кажучы ўжо пра сэнс словаў! Гэты матэрыял выдатна заходзіць ноччу на кухні, калі ня сьпіцца; мае гаючы эфэкт пры наяўнасьці душэўных ран і іншых захворваньняў у эфірным целе».

Праект: # слушатьвнаушниках

Альбом: Момант страчанай эйфарыі

Лэйбл: SunWoofer / Soyuz Music

Удзельнікі:

Барыс Штэрн — тэксты, голас, музыка, ідэйка

Андый Граф — музыка, зьвядзеньне

Леанід Нарушэвіч — музыка, зьвядзеньне, дух

Уладзімір Ломбэрг — музыка

Дзьмітры Рывін — зьвядзеньне

Майк Шапіра — сола на электрапіяна

Мошэ Янкоўскі — саз, губная трубёшка

Музыка для запампоўкі даступная па спасылцы: iTunes, facebook, soundcloud.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)