Вячорка: «Чым менш кантактаў і віз з Еўропай, тым больш кантактаў будзе з Расіяй»

Дарадца лідара дэмсіл Франак Вячорка заявіў, што Офіс Святланы Ціханоўскай працуе над праектам «Мільён віз для беларусаў», але з ім ёсць складанасці. Вячорка патлумачыў, чаму беларусам важна мець магчымасць ездзіць у Еўропу і як Офіс даносіць гэту пазіцыю на Захадзе.

— Мы прабіваем тэму, каб у год быў мільён віз для беларусаў. Гэта ўзровень, які быў да рэвалюцыі і вайны. Вядома, цяпер гэта выглядае нерэалістычным, але для гэтага трэба імкнуцца, — кажа Франак Вячорка ў праграме Мне тоже не нравится. — Таксама прабіваем, каб амерыканскія візы выдавалі на тры гады, а не на адзін.

Франак Вячорка

Ёсць праблема ў людскім рэсурсе ў у консульствах. У літоўскім і польскім працуе некалькі чалавек, якія могуць падпісваць візы. Нямеччына, Італія, Іспанія выдаюць шмат, але гэта недастаткова. Многія працуюць праз агенцтвы, якія павышаюць кошт віз. Таксама праблема — гэта расейцы, якія праз беларускія консульствы спрабуюць атрымаць візу.

Вячорка лічыць, што важна захоўваць сувязь паміж тымі беларусамі, якія выехалі з краіны і тымі, хто застаўся.

— Для дэмакратычнага руху вельмі важна, каб была магчымасць дастаўляць нейкую дапамогу, камунікаваць, запрашаць тых, хто ўнутры Беларусі.

Другі момант — гэта сувязі з Еўропай. Нават калі людзі едуць па турызме, лепш хай яны едуць у Рым, Берлін і Парыж, чым у Самару і Мурманск. Каб людзі інтэграваліся, адчувалі сабе часткай еўрапейскай цывілізацыі.

Таксама мы выкарыстоўваем аргумент, што калі мы ўводзім аднолькавыя абмежаванні супраць рэжыму і людзей, мы такім чынам кансалідуем лукашэнкаўскі рэжым з людзьмі.

Мы дазваляем рэжыму казаць: бачыце, яны адгароджваюцца ад вас. Гэта не я вінаваты, а яны. А калі Захад, наадварот, уводзіць санкцыі супраць Лукашэнкі, але запрашае беларусаў, тады мы раздзяляем рэжым і шырокія пласты беларускага грамадства.

Дарадца Ціханоўскай таксама адзначыў, што вельмі важна, каб выдаваліся студэнцкія візы.

— Зараз упершыню колькасць студэнтаў, якія паехалі вучыцца ў Расію большая, чым у Еўрасаюз. Упершыню, напэўна, за апошнія гадоў 20. І гэта кепская тэндэнцыя.

Праз пяць гадоў усе іх кантакты будуць расейскія, сувязі расейскія, мысленне расейскае. Таму ўскосна гэта ўплывае. Чым менш кантактаў і віз з Еўропай, тым больш кантактаў будзе з Расіяй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(15)