Леся Руднік: «Калі будуць вера і давер, чалавек можа захоўваць легітымнасць»

Дырэктар Цэнтра новых ідэй, палітолаг Леся Руднік — пра вобраз Ціханоўскай у замежных медыя і яе легітымнасць пасля 2025-га.

Цэнтр новых ідэй правёў даследаванне «Медыйны вобраз Беларусі за мяжой у 2022-2023: маніторынг замежных СМІ». У ім, адзначыла Леся Руднік, можна заўважыць змены наконт успрымання Святланы Ціханоўскай.

— Пра Святлану Ціханоўскую кажуць праз прызму таго, што яна лідарка беларускай дэмакратычнай супольнасці, якую ў большасці артыкулаў, дарэчы, называюць апазіцыяй, — кажа палітолаг у эфіры Еўрарадыё.

Леся Руднік

— Таксама больш згадваюць пра яе прафесійныя сустрэчы, ролю, чым пра яе персанальны вобраз, як гэта было раней. У мінулым маніторынгу мы бачылі, што журналісты любілі раскапаць персанальную гісторыю, як Святлана Ціханоўская прыйшла да таго, каб стаць прэзідэнт-элект, лідаркай дэмсіл, як яна змагаецца з тым, што яе муж у турме. Зараз мы бачым, што адбываецца пэўная прафесіяналізацыя яе вобразу ў замежных медыя.

Экспертка таксама адказала на пытанне наконт легітымнасці Святланы Ціханоўскай пасля выбараў-2025 і ці можа адбыцца ратацыя лідара беларускіх дэмакратычных сіл.

— Калі казаць пра ратацыйнае лідарства, то гэта ўсё ўнутраныя палітычныя працэсы, якія пакуль што прадказаць складана. Калі такая ідэя ўзнікне, яна можа мець як перавагі, так і праблемы.

Перавагі могуць быць у тым, што гэта будзе падзеленае лідарства, якое будзе гарантаваць пэўным чынам адсутнасць манаполіі ўлады, агульнае лідарства, пакуль людзі з дэмсіл не атрымаюць шанс на рэальных свабодных выбарах у краіне.

Можна гэта бачыць як пераходны перыяд, у межах якога дзеліцца гэтае лідарства. Наколькі гэта можа мець толькі пазітыўныя бакі, сказаць складана. Думаю, гэта будзе прыводзіць і да негатыўных рэчаў, звязаных з тым, што падзяляецца і адказнасць.

Калі мы кажам пра легітымнасць, то людзі змогуць больш паразумецца ў гэтым пытанні, калі звярнуцца да дэфініцыі легітымнасці. Гэта каштоўнасць, вера ў тое, што канкрэтны чалавек або група людзей маюць права на кіраванне, гэта не абавязкова падмацоўваецца вынікамі электаральных працэсаў.

У залежнасці ад таго, на чым мы грунтуем разуменне легітымнасці: на электаральных працэсах, персаналіях ці на заканадаўстве і будзе выходзіць адказ. У выпадку Ціханоўскай, я думаю, мы маем сітуацыю, на якую можна паглядзець з двух бакоў.

Калі казаць праз электаральную легітымнасць, напэўна, нельга сцвярджаць, што яна ўвогуле была ў Ціханоўскай, бо ў нас не было сапраўднай заявы ЦВК і сапраўдных пратаколаў з усіх участкаў.

Калі сыходзіць з ідэі харызматычнага лідарства ці падтрымкі і веры, што гэты чалавек мае здольнасці і падтрымку сярод людзей, у гэтым сэнсе легітымнасць ёсць.

Напэўна, частка грамадства верыць у легітымнасць Лукашэнкі, хаця электаральнай легітымнасці там таксама няма, частка — у легітымнасць Ціханоўскай, але таксама электаральнай няма. Калі выбары фальсіфікаваныя, то пасля 2020 года ні ў каго няма гэтай легітымнасці.

Таму тут трэба трэба ўключаць запыт, веру грамадства і вылучэнне самога грамадства пэўных лідараў. Мы бачым, што зараз дэмсупольнасці схіляюцца да таго, каб падтрымліваць Святлану Ціханоўскую як лідарку дэмсілаў. Ёсць крытыкі, але з большасці на яе глядзяць як на лідарку дэмакратычнага руху, так жа яна ўспрымаецца і за мяжой.

І калі грунтавацца на гэтым, можна сказаць, што ў 2025 годзе Ціханоўская не згубіць гэту ідэю і не страціць магчымасць падтрымліваць веру грамадства ў тое, што яна здольная весці краіну далей. Калі будуць захоўвацца вера і давер, чалавек можа захоўваць легітымнасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(24)