Общество

Марына Міхайлава

«Мы павінныя гаварыць і паказваць, што ў Беларусі рэжым здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці»

У Сусветны дзень свабоды друку беларускія журналісты нагадалі міжнароднай супольнасці пра калег у няволі.

Акцыя салідарнасці адбылася ў Вільні 3 мая. Незалежныя беларускія журналісты і калегі з літоўскіх медыя сабраліся ва ўнутраным дворыку Лукішскай турмы.

Лакацыя гэта знакавая: турэмны замак быў збудаваны яшчэ ў 1904 годзе для патрэбаў Расейскай імперыі, канчаткова ж турма была зачыненая з 2019-га — сёння гэта турыстычны аб’ект і арт-прастора.

Аднак адпаведная «турэмная» атмасфера звонку і ўнутры захавалася напоўніцу — і менавіта тут беларусы ўзгадалі пра 35 нашых калег, прадстаўнікоў незалежных медыя, якіх беларускі рэжым пераследуе за прафесійную дзейнасць і якія проста цяпер знаходзяцца ў няволі.

— Словы «свабода прэсы» і «Беларусь» цяпер не вельмі суадносяцца, — зазначае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. — Год назад мы ўзгадвалі пра нашых калег за кратамі — на жаль, сёння сітуацыя не палепшылася: нават калі хтосьці выйшаў на волю, іншыя апынуліся ў месцах яе пазбаўлення.

Але, хоць мы не можам дасягнуць галоўнай мэты, вызвалення ўсіх калег, мы можам нагадваць пра гэтую сітуацыю, пра Беларусь і беларускіх журналістаў у няволі, наогул, пра беларускіх палітвязняў.

За мінулы год, дарэчы, Беларусь упала ў рэытйнгу свабоды прэсы, які складаюць «Рэпарцёры без межаў», адразу на 10 пазіцый — сёння наша знаходзіцца краіна на 167 месцы са 180, побач з Іракам, М’янмай ды Кітаем. З былых постсавецкіх краін ніжэй размясціўся толькі Туркменістан — на 175 пазіцыі, — але дно як ніколі блізка.

Аднак ніякія захады аўтарытарнага беларускага рэжыму, ані блакіроўкі незалежных медыя і выцісканне іх з краіны, ані арышты журналістаў, ані занясенне ва ўсемагчымыя «экстрэмісцкія» спісы, не здольныя знішчыць незалежную журналістыку і салідарнасць.

— Сёння, я лічу, для нас важна гаварыць не столькі пра лічбы, колькі паказваць твары, называць імёны, агучваць лёсы беларускіх палітзняволеных журналістаў, — падкрэслівае старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус. — І другі важны момант — мы таксама павінныя нагадваць міжнароднай супольнасці, найперш тым, хто прымае рашэнні, еўрапейскім палітыкам, што трэба працягваць працаваць і ціснуць на рэжым, каб вызвалілі нашых калег.

І каб усе тыя, хто іх пераследаваў, адказалі перад законам за тое, што зрабілі. Таму мы павінныя гаварыць і паказваць, што ў Беларусі рэжым здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці.

А на знак падтрымкі я папрасіў, каб калегі прынялі мяне ў БАЖ. Адзіная краіна, дзе вашу незалежную журналісцкую арганізацыю прызналі «экстрэмісцкай», гэта Беларусь — але я рады і ганаруся быць у такой кампаніі, і мы разам мусім быць вельмі добрымі і салідарнымі «экстрэмістамі» да таго часу, пакуль зможам зноў быць проста журналістамі.

Напрыканцы флешмобу беларускія і літоўскія журналісты выйшлі з партрэтамі зняволеных калег за вароты Лукішскай турмы — каб, хай пакуль толькі сімвалічна, паказаць, што кожны з іх павінен быць вызвалены.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(15)