Коктейль

Made in China. Як новая літаратура скарае свет (+спіс твораў)

Марыя Малевiч для Сойкi – пра мегапапулярнасць кітайскай літаратуры.

Малюнкі: pommedo

З дабраслаўленнем небажыхароў усе дарогі адкрытыя.

Масян Тунсю, «Дабраслаўленне небажыхароў»

Падчас чытання гэтага тэксту, на фоне можа пачуцца працяжнае «Аааааааааааа». Гэта заходнія аўтары ляцяць з п’едэстала сусветнай папулярнасці, адкуль іх з ветлівай усмешкай і паклонамі спіхвае новая хваля кітайскіх літаратараў.

Унутраны Раскольнікаў схапіўся за сякеру, а Гамлет нядобра пазірае на чэрап? Спакойна! Кітайская літаратура не прэтэндуе на званне вялікай, толькі на тытул мегапапулярнай. Прынамсі пакуль што.

Давайце ж прысядзем пад квеценню магноліі, каб пагартаць старонкі, аблітыя гарачымі слязьмі фанатаў з усяго свету. А вашая Cháoxiào niǎo (яна ж — сойка-перасмешніца) распавядзе вам гісторыю.

Сціплае абаянне «Паху грошай»

Калі на вашым плячы сядзіць аўтар класічнай літаратуры і шэпча, што ўся гэта кітайшчына не вартая ўвагі, то наступная інфармацыя дапаможа з экзарцызмам літаратурнай ксенафобіі. Нават калі не ўзгадваць Нобелеўскага лаўрэата 2012 года Мо Яня, ёсць чым адбіць атаку.

За апошнія гады ў спісе бестсэлераў ад The New York Times тройчы знаходзілася месца для кітайскай аўтаркі сеткавых навэлаў з псеўданімам Масян (Пах атраманту) Тунсю (Пах грошай). Ніхто не ведае на 100%, што за чалавек хаваецца за абліччам Масян, інтэрв’ю яна дае мала, але дакладна вядома, што яе творы скарылі сэрцы людзей па ўсім свеце. І пачалося гэта ў Кітаі.

Сянься (жанр фэнтэзі на падмурку кітайскага Сярэднявечча і міфалогіі) навэлы Масян поўныя даоскага містыцызму, усходняй магіі і прыгодаў. Хто б ні быў галоўным героем — боства-небарака ці цёмны чарадзей — ім лёгка суперажываць, разам з імі натуральна смяяцца і плакаць.

А самае прыемнае, што праз усе перашкоды і трагедыі ў канцы чакае хэпі-энд і вяселле. Вельмі зразумелы канцэпт шчасця, нават калі ўлічыць, што рамантычная лінія заўжды палягае паміж хлопцамі. Калі вы толькі што схапіліся за сэрца, то вы не адныя на гэтам чоўне неталерантнасці.

Кітайскія чыноўнікі таксама занепакоеныя — зусім не такой яны хацелі б бачыць папулярную кітайскую літаратуру на Захадзе. Але што паробіш, не адмаўляцца ж ад інструменту soft power, хоць ён і зусім не падобны да кодэксу будаўнікоў камунізму.

Невялікі гурток аматараў літаратуры

Кітай — адзіная краіна ў свеце, якая паспяхова справілася з амаль поўным кантролем над глабальнай сеткай на сваёй тэрыторыі. Цэнзуры вельмі шмат. Але адна справа — стварыць свой унутраны сеціўны сусвет з блэкджэкам і ліхтарамі, дзе, напрыклад, не ўхваляюць рэінкарнацыі і падарожжы ў часе, а іншая — кантраляваць творчы парыў мільёнаў аўтараў, у якіх так і чэшуцца рукі напісаць нешта гэгэ-гэй*. А часам нават і гэгэ-gay…

*«Гэгэ», у перакладзе з кітайскай, — гуллівы зварот, які літаральна значыць «дзядзечка» ці «старэйшы брат».

Сонца новай кітайскай літаратуры пачало ўзыходзіць над сусветам, калі за клавіятуру ўселася новае пакаленне 20-30-гадовых аўтараў. Карпарацыя China Literature займаецца выключна сеціўнымі творамі — тымі, што паступова публікуюцца на адмысловых пляцоўках у інтэрнэце. Пул яе аўтараў — амаль 9 мільёнаў чалавек, а колькасць спажыўцоў сеткавай літаратуры толькі ў Кітаі — каля 500 мільёнаў чалавек.

Для параўнання: 500 мільёнаў копій кніжак пра Гары Потэра надрукавалі па ўсім свеце больш як на 80 мовах за ўсю гісторыю існавання франшызы.

Высокая канкурэнцыя на ўнутраным рынку выносіць на алімп найлепшых. І хоць большасць з аўтараў працуе пад псеўданімамі (часам досыць дурацкімі, кшталту Лаоін чы Сяоцзы — «Арол есць Курыцу»), але відавочна, што гэтыя імёны хутка будуць вядомыя па ўсім свеце. Бо гэтак ужо адбылося з дарамамі.

Слава пераможцам

Дарамамі называюць серыялы азіяцкага паходжання. Пачалося ўсё ў Японіі, эстафету падхапіла Паўднёвая Карэя, а Кітай надаў індустрыі неверагодны размах. У Кітаі любяць перамагаць і выціскаць максімум з любога рэсурсу. Вакол кожнага паспяховага твору іклікліва ўзнікае сваё новае бурлівае жыццё — здымаюць фільмы і серыялы, ствараюць радыёпастаноўкі і тэатральныя п’есы.

Ужо ў 2020 годзе топ-100 кітайскіх серыялаў больш чым на 40% складаўся з экранізацый сеткавай літаратуры. Натуральна, цунамі літаратурнага мора не магло доўга заставацца ў берагах роднага мора і ўрэшце выплеснулася ў заходні свет.

Сянься-дарама «Неўтаймаваны: Уладар Чэньцын» (Chén Qíng Lìng) толькі на кітайскай стрымінгавай платформе Tencent Video набрала 9 мільярдаў праглядаў (насельніцтва планеты Зямля і яшчэ трошкі). Потым яго паказвалі па ўсім свеце, у тым ліку і на Netflix.

Сцэнар быў створаны на аснове навэлы той самай Масян Тунсю «Магістр Д’ябальскага культа» (Módào zǔshī). Дарэчы, праз цэнзуру галоўныя героі не маюць рамантычных стасункаў, а выключна крэпка, па-мужчынску, сябруюць. Што, вядома, раз’юшыла фанатаў арыгінальнай гісторыі. Ну а Захад? Захад застаўся ў захапленні.

У чым сакрэт?

Кітайскія сацыёлагі сцвярджаюць, што аўдыторыя сеціўных раманаў у Кітаі павялічваецца з кожным годам. Што так вабіць людзей у літаратурныя сусветы? Падобна, ім падабаюцца прыгожыя, зразумелыя гісторыі і натуральныя, не папяровыя героі. А яшчэ — магчымасць знайсці аднадумцаў для абмеркавання прачытанага. Найлепшыя ўзоры сеціўнай літаратуры ў Кітаі набіраюць мільёны каментароў!

Той самы аўтар класічнай літаратуры, што шаптаў вам пра нікчэмнасць кітайскіх твораў, напэўна, мог бы забяспечыць бясплатнай электрычнасцю ўсю Беларусь, калі б ягоныя кручэнні ў труне сталі часткай дынама-машыны.

У сучаснай кітайскай літаратуры зусім мала прафесійнага пафасу (хоць прыбыткі яна прыносіць касмічныя — 250 мільярдаў юаняў, то бок каля 35 мільярдаў даляраў, за 2016 год, паводле дадзеных дзяржстату Кітая). Апошнім часам у заходняй культуры мастацкая літаратура робіцца другаснай. Калі чытаць, то карыснае, эфектыўнае — пажадана, нонфікшн. А калі зусім немагчыма не чытаць фікшн, то хаця б нешта максімальна высакалобае. Хаця б «Уліса» Джойса.

Кітайская мастацкая літаратура, падобна, нічога не ведае пра гэты трэнд і паспяхова прапануе чытачам старыя і добрыя прыгоды, таямніцы, інтрыгі, раманы, сяброўства і здрады. Тое, што зразумела людзям па ўсім свеце, незалежна ад нацыянальнасці, рэлігіі ці арыентацыі. Нешта ўніверсальнае, як каханне, і зразумелае, як радасць ад новай гісторыі ў яшчэ пакуль непрачытанай кнізе.

Як (пера)знаёміцца з кітайскай літаратурай

Кітайская мова пакуль не адносіцца да тых, што лёгка спажываецца ў Беларусі, але шэраг найбуйнейшых твораў перакладзеныя на ангельскую, рускую і іншыя мовы. У спісе не толькі сеціўныя творы, але ўсе яны знайшлі сваю славу, як найлепшыя прадстаўнікі жанраў сянься і ўся:

  • Масян Тунсю «Дабраслаўленне небажыхароў»
  • Масян Тунсю «Магістр д’ябальскага культу»
  • Масян Тунсю «Сістэма «ўратуй сябе самастойна» для галоўнага злодзея»
  • Лаоін чы Сянцзы «Бедства тысячы расаў»
  • Дянь Сянь, Heavy Sweetness, Ash-like Frost
  • Цан Юэ, «Балада пра нефрытавую костку»
  • Фэйсян Цзулю «Сіні шэпт»
  • Фэйсян Цзул, «Легенда пра Чжаояо»
  • Танься Гуйюань «Узыходжанне фенікса»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(4)