Зьязджаць ці заставацца?

Развагі Віталя Цыганкова.

Фото с сайта visaapp.ru

– Я неяк хацеў напісаць пафасную фразу, якая, маўляў, для будучых гісторыкаў павінна красамоўна характарызаваць наш час, – піша Цыганкоў. – Фраза такая – «кожную раніцу, калі я прачынаюся гадзін у 9-10, я з задавальненьнем думаю, што сёньня не прыйшлі (прынамсі, з раніцы), і гэты дзень я хутчэй за ўсё правяду на свабодзе».

У прынцыпе, такую фразу добра казаць у каментарах для замежных СМІ. Калі мяне днямі запісвала чэскае тэлебачаньне, тут з усіх маіх развагаў  хвілін на 20 пакінулі менавіта гэта.

Але парадокс у тым, што гэта не пафасная фраза, а гэта мае рэальныя праўдзівыя пачуцьці на дадзены момант. Ня тое, каб яны былі пастаянныя, штодзённыя, але ад пэўных падзеяў яны то затухаюць, то абвастраюцца.

Днямі паўдзельнічаў у праграме «Нямецкай хвалі» на тэму «Зьяжджаць ці заставацца». І там якраз казаў пра тое, што якім бы ты ні быў аналітыкам, разумнікам і рэалістам – ты ня можаш дакладна вызначыць тую канкрэтную кропку, падзею, пасьля якой «трэба ўцякаць».

Канешне, калі ёсьць непасрэдная  пагроза – тут без варыянтаў, як гэта было ў Арцёма Шрайбмана, які да апошняга не хацеў зьяжджаць.

Але калі, фармальна кажучы, няма даказанай непасрэднай і адначназнай пагрозы – ты працягваеш жыць і працаваць тут, бо гэта «твой грамадзянскі абавязак», і «сотні калегаў застаюцца і працуюць», і «хто калі не я», і «я не парушаю законаў, я раблю сваю працу» і нават «чаму мы павінны ўцякаць, гэта наша краіна» і ўсё астатнія правільныя аргументы.

Але ўсе гэтыя аргументы лёгка разьбіваюцца аб беларускую рэальнасьць, у якой журналісты Тут.бай зараз за кратамі абсалютна ні за што, проста за прыналежнасьць да свайго СМІ.  І ты разумееш, што ў любы момант можа быць дадзены загад на такую самую аперацыю ў дачыненьні да любога іншага СМІ.

І ты пакуль застаешся, бо ты не панікёр, бо гэта слушна і сумленна, і нібыта няма «канкрэтнай і даказанай непасрэднай пагрозы». Але ты разумееш, што калі яна зьявіцца, ты пра гэта можаш не даведацца, бо будзе надта позна. І ты будзеш не героем, а дурнем, які своечасова не зваліў.

Цыганкоў: Чым сённяшнія сілавікі і чыноўнікі нагадваюць неразумных савецкіх укладчыкаў

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(58)