Зянон Пазьняк: «Абараніўшы гонар і годнасць, палюбім свабоду»
Звальненне з працы і пацвярджэнне ісціны «не май 100 рублёў, а май 100 сяброў», эмацыйны зрыў і рэакцыя ЦК КПБ, самвыдат і абарона ад разбурэння Траецкага прадмесця і Верхняга горада. Зянон Пазьняк: як усё пачыналася.
Першую частку інтэрв’ю чытайце тут – Зянон Пазьняк: «Настальгія – страшэнная з’ява. Гэта невыносна!»
– Зянон Станіслававіч, як другі раз вас выключалі з інстытута?
– Я выходзіў на чырвоны дыплом. Мы ўжо здалі сесію, наперадзе заставаліся толькі два дзяржэкзамены і абарона дыплома. Уся кампанія сабралася адзначыць гэту падзею ў рэстаране «Космас». Мы рыхтуемся да ад’езду, а тут мяне выклікаюць у рэктарат. Заходжу туды – там мяне ўсе чакаюць, сядзіць чалавек 20. Рэктар, палкоўнік КДБ Захараў, кажа: на вас паступіла скарга ад выкладчыка навуковага камунізму – вы сарвалі насценгазету, бо яна была на рускай мове.
Гэтага насамрэч не было, глупства прыдумалі (накшталт цяперашняга «нецензурно выражался»), але што там дакажаш. Аб’явілі, што выключылі мяне з інстытута.
Я зноў стаў змагацца. Рэктар прагаварыўся людзям, якія абаранялі мяне (у прыватнасці Максіму Танку), што гэта быў загад КДБ. Такім чынам, ён зрабіў памылку, якую я выкарыстаў на ўвесь голас. У выніку праз год (у 1968-м) у мяне вымушаны былі прыняць абарону дыплома.
– Першая палова 70-х. Вы працуеце ў Інстытуце мастацтвазнаўства Акадэміі навук. Як вы тады ўяўлялі сваё будучае? Ці бачылі перспектывы для сябе?
– У Савецкім Саюзе магчымасці былі невялікія, але можна было іх скарыстаць. Трэба было скончыць інстытут і працаваць на сваю Бацькаўшчыну, на сваю нацыю, на сваю культуру.
Я інтуітыўна адчуваў: гэтая камуністычная ўлада доўга не пратрымаецца. І вырашыў яе скананню дапамагаць. (Хаця тады, зазначу, ужо амаль усе думалі, што СССР вечны, і Беларусі канец, не падымецца).
Пачаў ствараць самвыдат. Набыць друкаваную машынку ў камісійцы папрасіў знаёмага, бо ўсе машынкі былі зарэгістраваны ў КДБ, я не хацеў, каб мяне нават бачылі ў краме.
Пісаў, як у Беларусі знішчаецца культура. Тэксты імгненна разляталіся па руках, траплялі ў творчыя саюзы – мне дапамагалі некалькі чалавек. У нас не было ніводнага праколу.
Падчас экспедыцыі па Палессі на цеплаходзе «Владимир Маяковский». З правага боку ад рубкі Уладзімер Караткевіч, крайні з правага боку Зянон Пазьняк. Здымак зроблены фотаапаратам Зянона Пазьняка.
– А працы за што тады пазбавіліся?
– Я павінен быў абараняць дысертацыю, дзе аналізаваў творчасць забароненых асоб, у лік якіх уваходзілі Ластоўскі, Луцкевіч, Аляхновіч… Дысертацыю мне абараніць не далі, а з Інстытута звольнілі ў сувязі са скарачэннем кадраў.
Зноў я некалькі гадоў змагаўся. Пісаў у ЦК КПБ. Быў там такі сакратар па ідэалогіі Аляксандар Трыфанавіч Кузьмін – адзіны «жывы» чалавек у ЦК, які не баяўся «па-чалавечаму» гаварыць. Але пасля ліста яму я некалькі месяцаў не мог трапіць на прыём. Кожны дзень званіў яго памочніку Шабаліну, а мне адказвалі: Аляксандр Трыфанавіч заняты, то тое, то гэтае.
А я ж без работы! Мяне выручалі толькі сябры-мастакі. Я рабіў працы па мастацкім афармленні (у асноўным фатаграфічныя), яны афармлялі іх на сябе і передавалі мне заробленыя грошы. На практыцы я праверыў ісціну: не май 100 рублёў, а май 100 сяброў. Брацтва, сяброўства – вельмі моцная сіла.
Дык вось, пра Кузьміна. Я цярплівы, без эмоцый, званю чатыры месяцы кожны дзень. Хто – каго. І вось неяк выслухваю ў чарговы раз, што Кузьмін заняты, што, маўляў, у яго сядзяць два генералы ў прыёмнай. І тут я сарваўся.
«Чхаць мне на вашых генэралаў!!! Чатыры месяцы мне душу травіш! Генэралы ім важныя. Я – на сваёй зямлі, а яны тут – хто?! Я найду людзей, якія ваявалі і сядзелі з маім дзядзькам у танку! Я іх прывяду, я з вашых «ендзералаў» пер’е паабрываю!».
Сказаў яшчэ шмат чаго, што, маўляў, дабяруся да іх усіх і маўчаць не буду. Сказаў гэта і кінуў слухаўку. Гэта, канешне, быў зрыў. У 30-х мяне б адправілі ў ГУЛАГ, а мо і расстралялі б.
Прыходжу на кватэру, дзе жыў, у 11 вечара, а там усе перапужаныя. «Па вас прыязджалі з машынай. Тэрмінова выклікалі ў ЦК». Яны, відаць там спалохаліся, падумалі, што нараблю ім клопатаў (над імі ж яшчэ Масква была), а можа проста (і хутчэй за ўсё) сумленне заварушылася. Назаўтра мяне прынялі.
Гэта зноў жа ілюстрацыя таго, што ніколі не трэба іх баяцца, пры гэтым паважаючы іх.
– Вас аднавілі на працы?
– Далі загад аднавіць і вярнуць скрадзеную дысертацыю. Гэты Кузьмін быў разумным чалавекам. Параіў у Інстытут мастацтвазнаўства, дзе ў мяне засталіся ворагі, не вяртацца, а выбраць для працы любы іншы інстытут. Я выбраў Інстытут гісторыі і стаў археолагам.
– Як вы абаранялі ад разбурэння старыя забудовы Мiнску?
– Нямігу мы не ўратавалі, а знішчэнне Верхняга гораду і Траецкага прадмесця ўдалося спыніць на сярэдзіне працэсу.
У Верхнім горадзе і Траецкім прадмесці я пабываў у кожнай кватэры. Там жылі ў асноўным старыя мінчане. Улады ім казалі: мы ўсе гэта знясём, а вам дадзім новыя кватэры. Яны і задаволеныя былі. Я ж растлумачваў ім сітуацыю, збіраў подпісы супраць разбурэння.
Калі вырашалася пытанне Верхняга гораду і Траецкага прадмесця, у Маскве якраз праходзіў з’езд КПСС, дзе любілі зрабіць паказуху, паказаць, што яны разбіраюцца з рэальнымі пытаннямі. Мы вырашылі гэта выкарыстаць і пачалі тэрмінова збіраць подпісы сярод вялікіх людзей супраць разбурэння архітэктурных помнікаў.
Патрабаваўся подпіс Рыгора Раманавіча Шырмы – свяцілы нашага мастацтва. А ён пераехаў у новы дом, адрас невядомы. Даведаліся толькі, што ён жыве недзе ў раёне Пуліхава.
Ужо сцямнела, а ліст трэба адвозіць у Маскву цягніком вечарам, каб паспець да закрыцця з’езду. Што рабіць? Я раздзяліў хлопцаў на дзве групы, і мы пачалі хадзіць па кватэрах і пытаць. Праз некалькі гадзін ноччу трапілі на яго! (Дарэчы, з Шырмам я быў знаёмы, а па Вільні ён памятаў майго дзеда Яна Пазьняка).
Я папрасіў Шырму паставіць подпіс пад зваротам да Брэжнева ў абарону ад разбурэння старога Менска – а гэта ж подпіс фактычна супраць Машэрава (цемрашал яшчэ «той», ён якраз стары Менск і разбураў). Шырма вельмі даражыў сяброўствам з ім, але паставіў подпіс, і іх сяброўства скончылася…
У Беларусі былі людзі, якія атрымлівалі званне «народных», ордэны, медалі, прэміі – і з патрахамі прадаваліся сістэме. Калі паўставала пытанне «мова ці кватэра», яны выбіралі кватэру. А Шырма быў сапраўдным беларускім інтэлігентам. Ён разумеў, што захаванне культуры вышэй за асабістае сяброўства з чыноўнікамі.
Наш зварот спрацаваў. З ЦК КПСС спусцілі па інстанцыях указанне разабрацца.
– Як вы лічыце, якая доля вашай заслугі ў тым, што Верхні горад і Траецкае прадмесце захаваліся?
– Думаю, пра гэта вам трэба пагаварыць з іншымі абаронцамі і археолагамі. Але маё адчуванне, што калі б я той справай не займаўся, гэтых помнікаў сёння б не было.
– Вы са студэнцтва займаліся літаратурнай творчасцю?
– Пісаў трохі… Яшчэ пры саветах у «Полымі» друкавалі падборку маіх вершаў.
Апавяданні і аповесці ў стол пісаў, яны і зараз ляжаць.
– Вы іх не высока цэніце?
– Як сказаць… Трэба, каб хто іншы ацаніў. У мяне не было амбіцый стаць паэтам і пісьменнікам. Я пісаў, бо пісалася (фактычна – для сябе). Хаця Алесь Разанаў мне казаў: давай, пішы, друкуй.
У 80-я гады я пісаў болей. З таго выйшлі дзве вялікія кніжкі – «Глёрыя патрыя» і ўжо пазней «Дарога». У рукапісах засталіся сотні маіх вершаў, апавяданні, аповесці. Не было ў мяне часу іх перапісаць, загінуць – дык загінуць. Не пра гэта клопат (калі, як у прыказцы, – маскаль у хату ўлез).
– Літаратурнае асяроддзе добра ведалі?
– Так, канешне. Добрыя адносіны меў з Караткевічам, Быкавым, Бураўкіным, Барадуліным. Неяк у адной газеце сустрэў фота Максіма Танка з маці (без подпісу, вядома). А гэта ж мая фатаграфія…
Алесь Адамовіч, калі б болей пажыў, зрабіў бы такі ж самы выбар як і Быкаў.
Што было з Зянонам Пазьняком далей, з канца 80-х да сярэдзіны 90-х, мы помнім:
– Зянон Станіслававіч, чаму вы так позна жаніліся, пратрывалі аж да 50?
– Нельга жаніцца абы на кім. Многія беларускія дзеячы культуры і мастацтва, якія ў маладосці жаніліся абы на кім, зазналі потым праблемы ў жыцці. Калі ў сям’і жонка пачынае ненавідзіць мужа за беларускую мову, сям’я разваліваецца. Напрыклад, у 70-х гадах (буянне брэжнеўшчыны, калі тапталі культуру і мову) гэта была праблема цэлага пакалення адраджэнцаў.
Па-другое. Можа гэта добра, а можа некаторыя людзі ацэняць гэта па-іншаму, але для мяне сям’я была пытаннем №2. А пытаннем №1 – грамадская і палітычная дзейнасць, якая патрабавала чалавека цалкам. З’явілася б сям’я – узнік бы выбар: альбо-альбо.
Мне пашанцавала (хоць і пазнавата). Я мог бы і не спаткаць такую асобу, як Галіна. Яна мне і каханне, і жонка, і сябар. Дзе я, там яна. Як я думаю, так і яна думае, усё на дваіх. Чаму пашанцавала? Бо, відаць, ніякая іншая жанчына ня вытрымала б такога жыцця якое выпала на яе долю (пра сябе не кажу – я павінен трываць).
Галіна Пазьняк
– Які перыяд свайго жыцця вы лічыце найбольш шчаслівым, а які – найбольш цяжкім?
– Калі цяпер думаеш, то усё самае цяжкое – яно самае дарагое. Тады было цяжка, а цяпер разважаеш: і добра, што ты гэта перажыў, ты шмат што даведаўся. Я за ўсё ўдзячны Богу. Я вытрымаў, я не зламаўся. Для мяне гэта шчасце – ўсё мае жыццё. Ня трэба баяцца. Бог дае чалавеку столькі, колькі ён можа вытрымаць.
Але найвялікшае шчасце, якое даў мне Бог паспытаць – гэта ажыццяўленне мары жыцця – дасягненне і перажыванне незалежнасці Айчыны.
– Якую параду дасьце тым, хто сёння ў Беларусі адчувае ўціск і рэпрэсіі з-за палітычных поглядаў?
–Я думаю, у Савецкім Саюзе было цяжэй. Не было прыватнай уласнасці, ніякай магчымасці вольных грошай, нельга было прадаць вырашчанае сваімі рукамі, існавала жорсткая прапіска, быў татальны кантроль. І людзі не ламаліся.
Што б там ні было, зараз у беларуса (як бы яго не душылі) ёсць большая магчымасць змагацца. А змагацца трэба за сваё, перш за ўсё, за свой гонар і сваю годнасць. Абараніўшы гонар і годнасць, палюбім свабоду.
Фота svaboda.org, Сяргея Косціна, bielvied.org, reginaz.livejournal.com, «Народная воля»
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное