Звольнены суддзя, які пасадзіў Бяляцкага
Падчас чарговай ратацыі страціў пасаду суддзя Першамайскага раёна Мінска Сяргей Бандарэнка — той самы, што ў 2011 годзе выносіў палітычна матываваны прысуд праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, а пасля стаў трапіў пад еўрапейскія санкцыі.
Сяргей Бандарэнка, фота з тэлеграм-канала
Паводле прэзідэнцкага ўказа, Бандарэнка і яшчэ 16 суддзяў сышлі «ў сувязі з выхадам у адстаўку, сканчэннем тэрміна паўнамоцтваў альбо па ўласным жаданні».
Тэлеграм канал Кульгавы д'ябал сцвярджае, што сапраўднай прычынай стала крымінальная гісторыя яго маці, намесніцы дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Тамары Бандарэнкі.
Тамара Бандарэнка
Напрыканцы 2018 года «Белгазета» паведамляла акалічнасці працэсу над Тамарай Бандарэнка. Яе судзілі за хабарніцтва разам з галоўнай доктаркай санаторыя «Срэбраныя ключы» Людмілай Санец.
«58-гадовая Бандарэнка прымала хабары ад кіраўніцтва санаторыяў Беларусі за спрыяльнае рашэнне пытанняў, якія ўваходзілі ў яе кампетэнцыю, — закупку цэнтрам пуцёвак і паслуг у санаторыяў для размеркавання па арганізацыях і паспяховага праходжання планавай атэстацыі ўстаноў», — гаварылася ў публікацыі.
Яна атрымала ў якасці хабару магчымасць пражывання ў санаторыі ў нумары павышанай камфотнасці на працягу 420 сутак і жыла там.
У выніку намесніца дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Тамара Бандарэнка атрымала 7,5 года зняволення, а таксама штраф 350 базавых велічыняў.
«Наша Ніва» звязалася з былым Сяргеем Бандарэнкам, каб спраўдзіць інфармацыю пра прычыны яго сыходу.
— Не хачу каментаваць. Гэта маё рашэнне, я прыняў такое рашэнне, — адказаў ён.
Пра сувязь між лёсам маці і ўласным звальненнем Бандарэнка таксама не адказвае: «Не хачу абмяркоўваць свае прыватныя справы з незнаёмымі».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное