Общество

Звальняюць фэльчара «хуткай» зь Ліды: «Мне вельмі крыўдна»

Павал Палейчык лічыць, што прычынай гэтага стала яго палітычная актыўнасьць, пiiша Радыё Свабода. Раней ён адседзеў «суткі» за стрым Ціханоўскага.

Пасьля вызваленьня з «сутак» Павал вярнуўся да працы і некалькі тыдняў не меў ніякіх праблем. Аднак на пачатку чэрвеня яго выклікалі ў аддзел кадраў і ўручылі паведамленьне аб непрацягненьні кантракту. Апошнім працоўным днём Паўла на лідзкай «хуткай» стане 9 ліпеня.

— Паведамленьне аб не працягненьні кантракту мне выдалі некалькі дзён таму, — расказвае Свабодзе Павал. — Я яго адразу не выкладваў у інтэрнэт, хацеў спачатку паразмаўляць з галоўным урачом асабіста. У яго акурат памёр бацька, не хацеў турбаваць у гэтыя дні. Мы ж усе людзі.

А сёньня я асабіста пад’ехаў да яго на размову. Спытаў, ці асабіста яго гэта меркаваньне. Ён адказаў, што гэта не толькі яго рашэньне, што гэта меркаваньне ўсіх. Сказаў, што я не спрацоўваюся з загадчыцай станцыі хуткай дапамогі. Але яе ён ня будзе звальняць. Таму я пасяджу дома, падумаю. Увесь адказ

Фармальна парушэньня заканадаўства няма. Пяцігадовы працоўны кантракт Паўла Палейчыка заканчваецца акурат на пачатку ліпеня. Сам фэльчар аднак зьвязвае звальненьне са сваёй палітычнай актыўнасьцю.

— Я сам зьвязваю непрацягненьне кантракта з тым, што выказаўся на стрыме ў Ціханоўскага, — перакананы Павал. — Улез у палітыку. Раней кантракты заўсёды працягваліся аўтаматам. Мэдыкаў у нас у Лідзе не хапае. І ўрачоў, і фэльчароў. У мяне толькі адна вымова была за ўвесь час працы, за шэсьць гадоў. Гэта, калі я свайго бацьку вазіў у шпіталь на абсьледаваньне. Мне не працягнулі кантракт, бо хацелі чымсьці зачапіць. У мяне шмат калег, у каторых, груба кажучы, і запоі, і ўсё можа быць. Але ім кантракты працягваюць.

Па словах Паўла, лідзкая станцыя хуткай мэдычнай дапамогі мае патрэбу ў супрацоўніках. Эпідэмія каранавірусу нікуды не падзелася, некаторыя супрацоўнікі ў адпачынках, ёсьць і вакансіі.

— Мне вельмі крыўдна было таму, што прафсаюз за мяне не заступіўся, — гаворыць Павал. — Я быў актыўным супрацоўнікам, выступаў за бальніцу на спартыўных спаборніцтвах. А ў прафсаюзе мне сказалі, што калі юрыдычная дапамога трэба, то мы дапаможам. А пра гэта ідзіце да наймальніка вашага і зь ім размаўляйце. Калегі падтрымліваюць. Яны ведалі, што мяне звольняць. Але ўсе баяцца згубіць працу, баяцца напісаць калектыўную заяву аб звальненьні. Прапанавалі выйсьці з прафсаюза. Зараз чалавек 15 зьбіраецца напісаць заяву.

Фэльчар не ведае, што будзе рабіць далей. Бліжэйшы месяц Павал будзе дапрацоўваць на «хуткай». Пасьля зоймецца пошукамі новай працы, альбо сыдзе ў дэкрэтны адпачынак.

Атрымаць апэратыўны камэнтар галоўнага ўрача лідзкай раённай бальніцы Вадзіма Трубчыка не выйшла. У прыёмнай паведамілі, што спэцыяліст не можа размаўляць. Радыё Свабода будзе працягваць намаганьні атрымаць камэнтар кіраўніцтва Паўла Палейчыка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(19)