Зорка Купалаўскага: Што гэта за бандфармаванні арудуюць у цэнтры Мінска?
Вядучы актор Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Павал Харланчук расказаў Радыё Свабода пра сваё стаўленьне да жорсткіх затрыманьняў, чыноўнікаў і тэлевізійнікаў.
Павал Харланчук 19 чэрвеня пад вечар знаходзіўся на плошчы Якуба Коласа, сядзелі разам з жонкай Ганнай каля філярмоніі на лаўцы. Да іх падышоў маладзён у масцы, цывільным адзеньні, без апазнавальных знакаў і кажа: сыходзьце адсюль.
«Я пытаюся — чаму? Ён адказвае: «Вы парушаеце грамадзкі парадак». Як я магу парушаць правапарадак, седзячы на лаўцы? Я наагул не разумею, што адбываецца: чалавек не назваўся, ён у звычайным цывільным адзеньні, падыходзіць і просіць мяне сысьці. Звонку як выглядае сытуацыя: проста нейкі чалавек падыходзіць да мяне і абвінавачвае ў парушэньні правапарадку! Што гэта за людзі? Гэта не міліцыя, не АМАП, проста чалавек у цывільным.
Што гэта за бандфармаваньні, якія арудуюць у цэнтры Менску? Я ня бачыў ніводнага п’янага на вуліцы, людзі гулялі ў добрае надвор’е, стаялі ў чарзе паставіць у апошні дзень подпіс за кандыдата ў кандыдаты. Беззаконьня з боку простых грамадзян, мінакоў, людзей, якія ў чэргах стаяць, я ня бачыў. А з боку гэтых невядомых людзей бачыў. Дзіўныя людзі ў цывільным жорстка хапаюць мінакоў, калі хтосьці выпадкова раптам апынуўся ня ў тым месцы.
«Гэта параза ўлады на ўсіх франтах»
Абураецца Павал і дзяржаўнымі тэлеканаламі, і іх вядоўцамі. Расказаў пра палеміку ў фэйсбуку з адным тэлежурналістам — «тварам тэлеканалу».
«Я прачытаў, як гэты журналіст меў неасьцярожнасьць выказацца наконт ланцугоў салідарнасьці — маўляў, правільна разганяюць. Ды яшчэ так абразьліва, гнюсна! Я ў прываце рэзка адказаў яму. Ну як так можна хлусіць, круціцца, прыстасоўвацца, балянсаваць?
Паслухайце толькі, што кажуць з тэлеэкранаў нашы высокапастаўленыя чыноўнікі. Тых, хто зараз прыйшоў ва ўрад, я называю «ўладай пакрыўджаных школьнікаў». Гэта зацюканыя школьнікі, якіх ніколі не прымалі ўсур’ёз. Калі я гляджу на новага кіраўніка камітэту дзяржаўнага кантролю, які агучвае падрыхтаваны тэкст, а калі яму задаюць пытаньні, — ён такі шчасьлівы, што да яго такая ўвага!
Гэта параза ўлады на ўсіх франтах. Ува ўсіх нармальных людзей адназначная ацэнка таго, што адбываецца, — гэта агонія ўлады. Толькі ў самой улады, чыноўнікаў, сілавікоў, праваахоўнікаў, тэлевізійнікаў — нібыта іншы сьвет. І іх мне таксама шкада», — кажа вядучы актор Купалаўскага тэатру і Тэатру-студыі кінаактора Павал Харланчук.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное