Зорка боксу Алеся Граф марыць адшукаць маці і пабаксаваць з Глебам
Зорка боксу, чэмпіёнка сьвету ў супэрлёгкай вазе Алеся Граф у інтэрвію нямецкаму выданьню BILD распавядае пра паездку ў Беларусь, якая мае адбыцца пры канцы жніўня, і пра пачуцьці да маці, якой ніколі ня бачыла. Таксама — пра атмасфэру дзіцячага дому, што знаходзіўся непадалёк ад Чарнобылю, пра чарнобыльскія наступствы, а яшчэ — пра свайго спартовага куміра, двойчы земляка (беларуса і штутгартца) Аляксандра Глеба.
Алеся Граф (Клімовіч) нарадзілася ў тым жа горадзе, што і
другі ўсясьветна вядомы баксэр, Юры Форман, — у Гомелі. Цяпер 29-гадовы Форман
жыве і працуе ў ЗША, у Нью-Ёрку. 28-гадовая Алеся — у нямецкім Штутгарце.
Адрозна ад Формана, які зь дзяцінства жыў сярод бацькоўскай
любові, Алеся выхоўвалася ў дзіцячым доме. Сваіх бацькоў яна ніколі ня бачыла.
Паводле самой Алесі, менавіта дзіцячы прытулак дапамог ёй сфармаваць характар і
стаць той, кім яна ўрэшце стала. Як пішуць нямецкія выданьні, “Алеся сёньня —
гэта вельмі моцная баксэрка, якая б’е як з гаўбіцы. Разам з тым яна прыгажуня —
можа ня толькі біцца на рынгу, але і выступаць як мадэлька. Да таго ж яна
вельмі інтэлігентная”.
У размове з журналістам самага масавага нямецкага выданьня
BILD Алеся Граф дзеліцца сваімі плянамі, марамі і пачуцьцямі.
Пра пошукі маці
“Дзеля ўласнай самаідэнтыфікацыі мне вельмі важна ведаць,
хто мая маці. У мяне ніколі не было яе фота. Адзінае, што я атрымала зь
дзіцячага дому, гэта адпаведныя грамадзянскія акты. Там ёсьць яе менскі адрас.
Я спадзяюся, што яе знайду”, — кажа спартоўка.
На рэпліку журналіста, што Алесіна маці, безумоўна, павінна
ёю ганарыцца, чэмпіёнка сьвету адказвае:
“Ня ведаю. Магчыма, будзе рада. Таксама магчыма, што скажа:
“Пайшла адсюль, я не хачу цябе бачыць. Я ўсё для сябе даўно вырашыла”.
Алеся, аднак, дадае, што ня мае да маці ніякіх варожых
пачуцьцяў. “Я ня ведаю абставінаў. Ніводная маці ніколі без прычыны не
адмовіцца ад уласнага дзіцяці. Я хачу ведаць, што тады ўсё ж адбылося”, — кажа
спартоўка.
Пра дзіцячы дом
Алеся Граф узгадвае атмасфэру дзіцячага дома на Гомельшчыне,
у якой правяла 14 гадоў жыцьця. Паводле яе слоў, яна, сірата, адчувала сябе
нейкім пакідзішчам: “Мы не належалі да грамадзтва. І гэта трэба было
вытрымаць”. Паводле маладой жанчыны, у Нямеччыне, дзе яна жыве каля дзесяці
гадоў, яна доўгі час саромелася казаць, што выхоўвалася ў прытулку. Яна
баялася, што людзі, пачуўшы гэтую гісторыю, пачнуць яе абражаць.
“Узгадваючы дзяцінства, я не магу прыгадаць, каб хто зрабіў
мне хоць нейкі падарунак, абараніў мяне ці проста ўзяў на рукі. Гэта не магло
не накласьці адбітку на фармаваньне маёй асобы. Аднойчы я сказала сабе: “Я
стану чалавекам, якога будуць паважаць”. І я гэтага дасягнула”.
Пра Чарнобыль
Дзіцячы дом, у якім выхоўвалася Алеся, стаяў непадалёк ад
месца катастрофы, піша BILD. На просьбу карэспандэнта выданьня ўзгадаць падзеі
23-гадовай даўніны спартоўка кажа:
“Гэта быў звычайны дзень. Мне было пяць гадоў, і мы цэлы
дзень гулялі на вольным паветры. Тое ж самае было і ў наступныя дні і тыдні.
Толькі значна пазьней кіраўніцтва дзіцячага дома даведалася, што гэта была за
катастрофа. Мой дзіцячы дом — непасрэдна ў 30-кілямэтровай чарнобыльскай зоне…
У выніку Чарнобылю ў мяне была хвароба шчытападобнай залозы. Аднак цяпер я
адчуваю сябе добра”.
Пра Аляксандра Глеба
Паводле Алесі Граф, Глеб, які цяпер ізноў жыве разам зь ёй у
адным горадзе — Штутгарце, — сапраўдны кумір для яе.
“Які яшчэ спартовец зь Беларусі дасягнуў такіх посьпехаў, як
ён? Я веру, што ён яшчэ не аднойчы будзе перамагаць. Ён мае выдатную спартовую
форму”.
Чэмпіёнка сьвету Алеся Граф марыць калі-небудзь пабаксаваць
з Глебам. Калі яна атрымае падобны выклік, то ахвотна прыме яго.
Читайте еще
Избранное