Общество
Юрась ДУБІНА, ”Ежедневник”

Знойдзены невядомы твор Васіля Быкава

Своеасаблiвым пасланнем беларускаму чытачу ад Васiля Быкава можна лiчыць машынапiс невядомай дасюль аповесцi пiсьменнiка «Блiндаж», знойдзены ў ягоным архiве праз 20 гадоў пасля напiсання. Лiтаратурнае асяроддзе ўжо назвала знойдзены твор «бомбай». 20-22 кастрычнiка аповесць пабачыць свет у часопiсе «Дзеяслоў».

«Е» размаўляе з «першаадкрывальнiкам» невядомага беларускаму i сусветнаму чытачу твора старшынёй Саюза беларускiх пiсьменнiкаў Алесем Пашкевiчам.

— Алесь, як сталася, што «першаадкрывальнiкам» невядомага раней твора Васiля Быкава сталiся менавiта вы?

— Па-першае, я не стаў першаадкрывальнiкам. Не падумайце, што мы знайшлi тапор пад лаўкай. Мы рыхтуем поўны збор твораў Васiля Быкава. Пасля смерцi пiсьменнiка вядзецца планамернае вывучэнне асабiстага архiва Васiля Уладзiмiравiча, таму мы працуем у цесным кантакце з Iрынай Мiхайлаўнай — удавой пiсьменнiка. Калi вы сочыце за лiтаратурнымi падзеямi, то маглi заўважыць, што ў кожным нумары нашага часопiса «Дзеяслоў» друкуецца нешта невядомае з архiва Васiля Уладзiмiравiча. I так сталася, што пры знаёмстве з архiвам мы шчаслiва натрапiлi на папку з машынапiсам новай, невядомай дагэтуль чытачу аповесцi «Блiндаж». У блiжэйшым нумары «Дзеяслова», якi выйдзе прыкладна 20-22 кастрычнiка, мы i надрукуем гэтую аповесць.

— Што ўяўляе сабой «Блiндаж», якi сюжэт гэтай аповесцi?

— Сюжэт абвострана напружаны i сканцэнтраваны. Вяскоўка, якая выйшла пасля бамбавання з падвалу, пачынае абследваць наваколле. Савецкiя войскi адступiлi, фашысты яшчэ не дайшлi да гэтай мясцовасцi. Беларуская вяскоўка знаходзiць блiндаж, і ў ім — сляпога чырвонаармейца. Яна пачынае сачыць за iм, даглядаць яго. Хутка да чырвонаармейца далучаецца i дэзерцiр — фашыст, фельд’егер. Жанчына бярэцца даглядаць i яго. Праз пэўны час палку «блiндажоўцаў» прыбывае — да чырвонаармейца i фашыста далучаецца камунiст, якi хаваецца ад палiцаяў. Затым i чалавек, блiзкi да бандытаў, знаходзiць прытулак у блiндажы. Фактычна блiндаж ператвараецца ў своеасаблiвы Ноеў каўчэг, дзе ратуюцца самыя розныя людзi. Сюжэт «Блiндажа», як i астатнiх твораў Васiля Быкава, пераказаць практычна немагчыма…

Усё заканчваецца трагiчна: палiцаi даведваюцца пра iснаванне блiндажа ды гвалтуюць жанчыну. Яна больш у блiндажы не з`яўляецца, а памiж ягонымi насельнiкамi пачынаюцца супярэчнасцi, iдуць разборкi.

— «Не рабi дабра людзям — дабро адгукнецца злом». Небiблейская запаведзь, але жыццёвая…

— Не, мараль гэтай аповесцi не такая. Наадварот, рабi людзям дабро. Менавiта Серафiмка (так завуць згвалтаваную беларускую жанчыну) ратуе камунiста, якi спрычынiўся да смерцi яе брата, якога рэпрэсавала Савецкая ўлада. Серафiмка, не зважаючы на дачыненне гэтага чалавека, якога камунiсты выгналi са свайго лагеру, да смерцi роднага брата, ратуе яго. У вынiку — у жывых застаецца толькi адзiн чалавек — сляпы чырвонаармеец, капiтан.

— Чаму гэтая аповесць дагэтуль не была надрукаваная, хаця напiсана яшчэ ў 1987 годзе? Чаму 20 гадоў твор праляжаў пад сукном?

— Трэба заўважыць, што аповесць не закончана. План аповесцi ёсць, але Васiль Быкаў не паспеў напісаць некалькiх апошнiх глаў. Мы канструявалi iх па накiдах, знойдзеных у архiве. Гэтую аповесць Васiль Быкаў згадваў у сваiх запiсах, напрыклад, у сваёй перапiсцы з расейскiм крытыкам Дзядковым. У апошнiх запiсах, у сваiм нататку, зробленых ужо ў Нямеччыне, ёсць запiс: «Серафiмка» («Блiндаж»). Гэта значыць, што да апошнiх дзён свайго зямнога жыцця Васiль Быкаў памятаў пра гэтую аповесць. А чаму ён не надрукаваў твор? Хто знае, можа, не хапiла жыцця зямнога…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)