Зьнікненьне Максіма Мархалюка: 4 вэрсіі сьледзтва

Асноўная вэрсія сьледзтва ў справе 10-гадовага Максіма Мархалюка, які 12 дзён таму зьнік зь вёскі Новы Двор на ўскрайку Белавескай пушчы, — што дзіця па-ранейшаму ў лесе.

Пра гэта сказаў Свабодзе намесьнік кіраўніка крымінальнай міліцыі Гарадзенскай вобласьці па апэратыўнай працы, палкоўнік міліцыі Валеры Козел.

Вэрсія 1: крымінальнага сьледу няма

Па словах Валерыя Козела, падставаў для крымінальнага сьледу пакуль ня знойдзена: ровар хлопчыка быў кінуты ў лесе, Максіма 16 верасьня бачылі ў глыбіні лесу паміж 19.00 і 19.30.

Разглядалася патэнцыйная вэрсія, што хлопчыка мог пакрыўдзіць патэнцыйны злачынца.

— Але хто ў 19.30 будзе ў гэты час у лесе? Калі нехта з грыбнікоў, то грыбнікі, як правіла, усе сышлі ў гэты час зь лесу. Патэнцыйнага злачынцы сярод іх няма. Калі браць маньячны сьлед, то ўявіце, якой празорлівасьцю Вангі трэба валодаць, каб прыйсьці менавіта ў гэты лес, менавіта там праседзець палову дня, каб адчуць, што туды прыйдзе гэтае дзіця безь нікога. Прасьцей на сотым маршруце па праспэкце Незалежнасьці праехаць і адсачыць дзіця, чым тут, у лесе, — кажа намесьнік кіраўніка крымінальнай міліцыі Гарадзеншчыны.

26 верасьня Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу аб зьнікненьні дзіцяці. З бацькамі, суседзямі і аднаклясьнікамі Максіма ўжо правялі афіцыйныя допыты. Паводле праваахоўнікаў, крымінальны сьлед сёньня не прасочваецца:

— Нельга сказаць, што ён адмятаецца цалкам, проста пацьверджаньняў у яго бок няма. Калі б падчас прачэсваньня лесу знайшлі нейкія фрагмэнты вопраткі, сьляды барацьбы ці іншае, тады ў бок гэтай вэрсіі быў бы асноўны ўхіл.

Вэрсія 2: напад жывёлаў

Няма пацьверджаньняў і вэрсіі няшчаснага выпадку з удзелам жывёлаў:

— Вы ж разумееце, што зубар ці алень не прывяжуць яго да сябе на сьпіну і не зьбягуць. Мы б тады знайшлі цела. Пакуль ніякіх сьлядоў дзіцяці не было знойдзена.

Вэрсія 3: уцёкі

— Мы разглядалі гэтую вэрсію, але я 24 гады працую ў міліцыі на апэратыўнай працы і скажу: калі дзіця зьбіраецца сысьці, то гэтаму папярэднічае нейкая канфліктная сытуацыя ў сям’і. Тады дзіця рыхтуе ўцёкі, зьбірае нейкую ежу, грошы, — кажа намесьнік кіраўніка крымінальнай міліцыі Гарадзеншчыны. — Калі з дому ўцякаюць, напрыклад, з прычыны недахопу любові, то тады малое ўсё роўна хоча, каб яго знайшлі, каб прыцягнуць увагу бацькоў да сябе. Як правіла, сыходзяць ранкам і кажуць «Я пайшоў у школу», а ў школу не ідуць.

Міліцыя адсачыла, што ў які час Максім рабіў і дзе быў перад зьнікненьнем. Ягоныя паводзіны, кантакты зь сябрамі, бацькамі — нічога не паказвала на тое, што ён плянуе кудысьці зьбегчы.

— На працягу 1–2 гадзінаў ён прапаноўваў сваім сябрам: давайце пойдзем пагуляем. Ён казаў гэта не аднаму чалавеку. Размову гэтую чулі і дарослыя. Калі б дзіця зьбіралася зьбегчы, то не было б такіх гутарак і ня ў гэты час здарыліся б уцёкі, — кажа міліцыянт.

Вэрсія 4: заблукаў у лесе

Цяпер сьледзтва адпрацоўвае паказаньні сьведак, якія бачылі Максіма зусім у іншым баку ад дому.

— Калі ён пайшоў налева, як яны кажуць, а не направа па дарозе, то відавочна, што ён ужо ў той момант страціў арыентацыю і аддаляўся ад дому. А менавіта ў тым баку пачынаецца густы лес і балоты. Яшчэ адзін важны факт. Дзіця, якое згубілася ў лесе, спрабавала б як мага хутчэй вярнуцца дадому да цемры, і таму верагоднасьць заблукаць узрастае шматкроць.

Как ищут пропавшего мальчика в Беловежской пуще: рассказ волонтера

Цяпер у гэтых квадратах працуюць нашы супрацоўнікі. Мы таксама пераправяраем ужо адпрацаваную пошукавую тэрыторыю некалькі разоў, бо нешта маглі праглядзець і валянтэры. Мабільны тэлефон Максіма, які б дапамог нам яго адшукаць, на жаль, на той момант не працаваў, — кажа палкоўнік Козел.

Цяпер паралельна расьсьледуецца крымінальная справа і працягваюцца пошукі. Паводле міліцыі, шукаць будуць датуль, пакуль дзіця ня знойдзецца.

Што рабіць, калі вы заблукалі ў лесе

— Калі вы заблукалі ў лесе і хутка цямнее, то не спрабуйце выбрацца. Арыентавацца ў цемры непадрыхтаванаму чалавеку, ды яшчэ ў стане стрэсу, не выпадае. Прыглядзіцеся да магчымага месца начлегу. Паведаміце праз тэлефон пра сваё зьнікненьне, але не садзіце батарэю ў тэлефоне.

Зранку вам будзе нашмат прасьцей патлумачыць супрацоўнікам міліцыі, што вы бачыце і чуеце. А зараджаны тэлефон дапаможа вас хутка адшукаць, — раіць намесьнік кіраўніка крымінальнай міліцыі Гарадзенскай вобласьці па апэратыўнай працы, палкоўнік міліцыі Валеры Козел.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)