Скандалы

Зніклі затрыманыя нашаніўцы (абноўлена)

Скончыўся 72-гадзінны тэрмін паўторнага затрымання нашаніўцаў Ягора Марціновіча, Андрэя Дынько і Андрэя Скурко. Сёння ім павінны былі або абраць меру ўтрымання і пакінуць пад вартай — перавесці ў СІЗА, або вызваліць, піша Наша Ніва.

У ізалятары на Акрэсціна сваякам паведамілі, што Дынько своечасова вызвалены, яшчэ ў 10 гадзін раніцы. Марціновіч, якога павінны вызваліць у 13:40, па незразумелых прычынах усё яшчэ ўтрымліваецца ў ІЧУ. Дзе знаходзцца Скурко, увогуле невядома.

8 ліпеня сілавікі прыйшлі з ператрусамі да нашаніўцаў. Затрымалі галоўнага рэдактара НН Ягора Марціновіча, галоўнага рэдактара «Нашай гісторыі» Андрэя Дынько, кіраўніка аддзела маркетынгу і рэкламы Андрэя Скурко, галоўнага бухгалтара Вольгу Раковіч. Пасля допыту ў СК іх як падазраваных па арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх) змясцілі на 10 сутак у ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.

Там для іх наўмысна перадачы ад сваякоў, матрацы і пасцельную бялізну, мінімальны набор гігіенічных сродкаў не выдалі, і гэта ва ўмовах жудаснай спёкі. Бухгалтара 16 ліпеня вызвалілі.

Па сканчэнні 10 сутак нашых калег не вызвалілі, а там жа, у ІЧУ на Акрэсціна затрымалі ў другі раз, на гэты раз на трое сутак, як падазраваных ужо па новым артыкуле —  нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання (ч. 2 арт. 216 КК, караецца «хіміяй» ці калоніяй на тэрмін да 5 год).

Сэнс прэтэнзіяў у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасобаў. Следчыя налічылі, што за чатыры прадпрыемству «Мінэнэрга» быў нанесены ўрон — 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася.

Сёння, 21 ліпеня, сканчыўся тэрмін затрымання: у 10:00 у Дынько, у 13:00 у Скурко, у 13:40 у Марціновіча. Супрацоўнікі ІЧУ паведамілі сваякам, што Андрэй Дынько быў своечасова вызвалены, але дзе дакладна ён знаходзіцца, ніхто не ведае — чатыры гадзіны як не выходзіць на сувязь з роднымі і адвакатамі, следчыя таксама не звязваліся з сям’ёй.

Сваякам Марціновіча ў 13:40 сказалі, што той працягваецца знаходзіцца ў ІЧУ, хаця тэрмін затрымання ўжо скончаны. Дзе знаходзіцца Скурко, наогул невядома, але па часе ён таксама павінен быць вызвалены.

У Андрэя Скурко — цукровы дыябет, ён павінен рэгулярна прымаць інсулін. У такой сітуацыі, кажуць сваякі, не застаецца нічога іншага, як падаваць заяву аб знікненні людзей.

P.S. Рэдактара «Нашай гісторыі» Андрэя Дынько вызвалілі пад абавязальніцтва аб яўцы. 

Галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч застаецца за кратамі. Следчыя вырашылі змясціць яго ў СІЗА.

У 19 гадзін стала вядома, што Следчы камітэт абраў меру ўтрымання ў выглядзе варты для галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча. Таксама пад вартай будзе кіраўнік аддзела маркетынгу і рэкламы Андрэй Скурко.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.9(21)