Лица
Настасся Роўда, «Наша Ніва»

Знаёмцеся, Максім Пушкін, за якiм у Твітары сочыць амаль сто тысяч чалавек

Ён яшчэ не паспеў выйсці з дома, а яго падпісанты ўжо публікуюць чарговы твіт: «Не думала, што калі-небудзь напішу пра гэта, але сёння ўбачыла @mc_maxim».

Мы пагутарылі з Максімам пра тое, як гэта — быць папулярным.

— Як вам сённяшняе надвор’е?

— Сумна. Журботна. Панура.

— Ці стомленыя вы?

— Не выспаўся, вельмі рана прачнуўся, толькі прыбег дадому з аўташколы. Таму сёння — так, я стаміўся.

— Ці пазналі вас ужо на вуліцы?

— Пакуль што не, бо на вуліцы быў нядоўга, толькі ў аўташколу з’ездзіў: туды пяць хвілін, назад пяць хвілін.

«Мяне завуць Максім. Мне 20 гадоў. Я нарадзіўся ў Мінску і ўвесь час жыў у гэтым горадзе. Пасля дзявятага класа паступіў у Мінскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж, вучыўся на тэхніка-тэхнолага. Маю трэці разрад фрэзероўшчыка. Дзесьці ў 16 гадоў пачаў супрацоўнічаць з tut.by, цяпер займаюся сацыяльнымі сеткамі партала. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і вучуся на другім курсе факультэта камп’ютарных тэхналогій на вечаровым аддзяленні».

— Як выглядае ваш дзень?

— Распісаны па хвілінах. Сёння прачнуўся а 8-й гадзіне, а 9-й — аўташкола. Скончылася яна ў 11 з капейкамі. Цяпер прыбег дамоў, каб перакусіць. Пасля паеду ў офіс. У офісе папрацую недзе да 19:00. Потым паеду на заняткі. І пасля вучобы, магчыма, забягу ў якую-небудзь установу патэсціць яе для асабістага твітара.

— Якое месца ў Мінску ў вас самае любімае?

— Я абажаю цэнтр горада. Люблю раёны Кастрычніцкай, Нямігі, плошчы Перамогі і Асмалоўкі. Калі дамаўляюся з кім-небудзь пашпацыраваць, нават калі гэты чалавек знаходзіцца непадалёк ад мяне, а жыву я ў раёне Кунцаўшчыны, усё адно прашу паехаць у цэнтр. Каменная Горка, Шабаны — для мяне проста жах. Не тое, што я чагосьці баюся, проста яны мне не падабаюцца.

— Ці памятаеце, калі завялі старонку ў Твітары?

— У чэрвені 2010 года. Здаецца, я тады напісаў штосьці накшталт: «Цяпер я ёсць у Твітары». Адзін з першых пастоў быў пра сок. Сфатаграфаваў яго на свой тагачасны кнопачны тэлефон Sony Ericsson K750, але чамусьці гэтае фота перакулілася ўверх нагамі і так і апублікавалася ў твітары з подпісам, што гэты сок мне не спадабаўся.

— Калі на вас пачалі масава падпісвацца? Сёння гэта ўжо амаль 100 тысяч чалавек — цэлы горад Маладзечна.

— Спачатку я пісаў толькі асабістае: дзе шпацыраваў, дзе спаў, з кім гутарыў, што еў і іншае ў такім духу. Зрухам стаў чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску. Калі ён пачынаўся, я напісаў твіт з зоны адпачынку: «Як жа крута на Нямізе!». І паляцелі рэтвіты.

Упершыню са мной папрасілі сфатаграфавацца таксама падчас гэтага чэмпіянату. На другім паверсе «Арэны-сіці» знаходзіўся фудкорт, дзе было шмат людзей. Я забраўся на вышэйшы паверх і зрабіў фота. У гэты момант нейкая дзяўчына мяне заўважыла, і, калі я спусціўся ўніз, падбегла і папрасіла са мной сфатаграфавацца. Я тады неяк не зразумеў гэтага ўвогуле, але яна зрабіла фота, я рэтвітнуў, і пайшла ланцуговая рэакцыя. Цяпер людзі глядзяць на гэта так: усе фоткаюцца, і я сфоткаюся.

Тады, падчас чэмпіянату, у мяне была, можа, тысяча падпісантаў. Дзесьці праз месяц пасля чэмпіянату — ужо каля трох тысяч.

— Цяпер часта просяць сфатаграфавацца?

— У дзець тры-пяць чалавек, бывае больш. Гледзячы, куды заходзіш. Напрыклад, калі хтосьці заўважыць мяне ў метро, то альбо проста напіша, што бачыў mc_maxim, альбо падыдзе сфатаграфавацца. Часам заходзіш у вагон, а на цябе глядзіць дзяўчына ці хлопец — вочы па пяць капеек. Выходзіш з вагона, і нейкі чалавек з табой выходзіць, падбягае, робіць сэлфі. А потым бачыш, што ён застаецца і чакае цягнік, таму што яму не трэба было тут выходзіць.

Я ўжо больш-менш прывык да гэтага, у мяне няма зорнай хваробы. Езджу ў аўтобусе, у метро, з усімі размаўляю, нікому не адмаўляю ў фота. Магу месца саступіць, дапамагчы бабулі сумку вынесці.

— Вам гэтая ўвага ўвогуле прыемная? Ці можа ўжо падбешвае?

— Мне, у прынцыпе, падабаецца. Бываюць сітуацыі, вядома, дзе гэта не ў тэму. Напрыклад, калі прыходзіш куды-небудзь з дзяўчынай, альбо калі вырашаеш па тэлефоне нейкія пытанні па працы-вучобе. То бок ты заняты, а тут падбягаюць з сэлфі, і ты разумееш, што чалавек, магчыма, больш цябе не ўбачыць, бо ён увогуле з іншага горада. Я заўсёды фатаграфуюся. І мне без розніцы, як атрымліваюся на здымку, галоўнае, каб ён падабаўся чалавеку, з якім я фатаграфуюся.

— З гэтай шалёнай папулярнасцю, ці пачалі на вас «вешацца» дзяўчаты?

— Я б не сказаў, што ўсе так ужо «вешаюцца». Але завязаць размову стала нашмат прасцей, таму што многія чытаюць мой твітар і ведаюць, чым я займаюся і хто я такі. Знаёмішся з дзяўчынай, а яна кажа, што ведае цябе, і ўжо не баіцца сустрэцца, пашпацыраваць. Раней ты павінен быў спачатку паразмаўляць з дзяўчынай, каб яна зразумела, што ты не маньяк.

Ёсць дзяўчаты, якім я не падабаюся праз тое, што пішу. Калі пачытаць мой твітар, можа падацца, што я школьнік, які посціць відавочную лухту. Некаторым, мабыць, так і карціць сказаць: «Максіме, дзесьці ў Афрыцы ў людзей няма простай вады, а ты пішаш, што табе там цяжка працуецца, калі ты сядзіш і ясі».

— Дык давайце ўсім патлумачым, што ж у гэтым складанага, каб больш пытанняў не было.

— Гэтую фішку «працую» — «стамляюся» прыдумаў не я. Іван у самым пачатку праграмы «Вечаровы Ургант» кажа: «Працуем». Гэта я ў яго ўзяў. А наконт «стаміўся»… Гэта пісалі ў твітары іншыя, мне проста спадабалася, я пазычыў. Вось і ўсё.

Насамрэч, я не стаміўся тэсціць розныя месцы, гэта проста вобраз. Было б нецікава, калі б я пісаў: «Як шыкоўна, мне ўсё падабаецца, жыццё ўдалося». Мне падаецца, гэта гідка. Калі ж ты пішаш «Божа, як я стаміўся!», з аднаго боку, людзям смешна. З другога, гэта правакуе негатыў: «Ды колькі можна пісаць! Я тут на вучобе, а ты сядзіш у «Макдональдсе» і ясі трайны чызбургер».

— Уяўляеце жыццё без сацсетак? Колькі дзён максімум праводзілі без твітара?

— Не ўяўляю, бо ў мяне кожны дзень пачынаецца з сацсетак і заканчваецца імі. Нядаўна ездзіў у Кіеў, не было інтэрнэту. Шчыра кажучы, у нейкі момант мне гэта спадабалася, нікому нічога не трэба было адказваць, я проста адпачываў. Гэта цягнулася тры-чатыры гадзіны, пакуль не злавіў вай-фай.

— Што для вас найлепшае баўленне часу?

— У мяне вельмі мала вольнага часу. Калі ён у мяне ёсць, я імкнуся пачытаць навіны, якія прапусціў, аналітыку, люблю паглядзець Youtube. Ненавіджу тэлебачанне, хоць тэлевізар і вісіць. Не чытаю кніг, няма на гэта часу, хаця вельмі хачу знайсці яго ці перайсці на аўдыёкнігі.

— Як стаць паспяховым блогерам? Распавядзіце залатыя правілы ад Максіма Пушкіна.

— Шчыра, я не скажу, якія залатыя правілы, бо ўвогуле няма ніякіх правілаў. Мне падаецца, што трэба рабіць тое, што падабаецца.

Прыслухоўвацца да меркаванняў, але не губляць свайго. Раней, калі ў мяне яшчэ не было падпісантаў, мае знаёмыя казалі: «Максім, ты пішаш лухту». Але потым яны памянялі меркаванне, цяпер іх знаёмыя просяць са мной пазнаёміць. Мінск настолькі маленькі, што нават пры дапамозе твітара можна стаць папулярным.

— Ці шмат месцаў, дзе фразай «Я ад Максіма Пушкіна» можна зарабіць зніжку?

— На дадзены момант толькі ў адным, дзе рамантуюць тэхніку Apple. Іншых — няма. Адзін хлопец напісаў, што прыйшоў на Камароўку, сказаў, што ад Максіма Пушкіна, паказаў маю візітоўку і яму далі шаурму са скідкай 80%. Мне гэта падалося досыць забаўным, думаю, дай рэтвітну.

Рэтвітнуў, і ў гэты дзень 50 чалавек мне напісалі: «Максіме, дай сваю візітоўку, я таксама хачу скідку». Людзі рэальна паверылі. Былі жарты кшталту: «Зайшоў у метро, хацеў купіць жэтончык са скідкай, сказаў, што ад Максіма Пушкіна, але мяне ўдарыла турнікетам».

— Як ставіцеся да такога сцёбу? Крыўдзіцеся?

— Я нармальна да гэтага стаўлюся. Зразумела, што калі хтосьці пачынае мяне абражаць, матам і без канкрэтыкі, то я гэтага чалавека проста блакую. І больш ужо ніколі не разблакую. Памятаю, стаю на станцыі метро. Падыходзіць да мяне хлопец, кажа: «Ты Максім Пушкін? Слухай, я табе калісьці ў твітары напісаў паскудства і ты мяне заблакаваў. Разблакуй, калі ласка, хачу чытаць. Ты, насамрэч, малайчына, проста ў цябе бываюць такія твіты… Калі я быў п’яны, яны мяне проста насцярожвалі». І я яму сказаў: «Выбачай, хлопча. Я цябе заблакаваў. І ўсё».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)