Политика

Знак беларусам, якія ня вельмі цікавіліся палітыкай: хочаце лятаць у Эўропу — рабіце нешта

Чаму Эўразьвяз прыняў жорсткія авіясанкцыі адносна Беларусі? Ці ўлічваліся пры прыняцьці рашэньня інтарэсы беларусаў, якія вымушаныя ўцякаць з краіны? На гэтыя пытаньні Свабоды адказвае палітоляг, дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько.

Кудзько:

Гэты інцыдэнт з самалётам быў на першых старонках усіх эўрапейскіх газэтаў.

Грамадзкая думка Эўропы вельмі ціснула на свае ўлады, каб рашучыя крокі былі зробленыя.

І гэта ўжо не пытаньне ўнутранай палітыкі Беларусі, гэта пытаньне бясьпекі грамадзянаў краінаў ЭЗ.

На прыкладзе інцыдэнту з Ryanair у менскім аэрапорце многія дыктатары сьвету могуць падумаць, што і яны могуць рабіць, як Лукашэнка.

Я мяркую, што на жорсткасьць рашэньня ЭЗ паўплывала і тое, як беларускія ўлады абыходзяцца з Пратасевічам і Сапегай.

Усім бачна, пад якім прэсінгам на яго запісваліся гутаркі зь ім.

Некаторыя могуць сказаць, што ўскосна адказнасьць за гэта ляжыць і на Эўразьвязе.

Пратасевіч прасіў прытулку, але гэта асобная гісторыя.

Да 21 чэрвеня будуць яшчэ прынятыя санкцыі — візавыя і эканамічныя.

Беларускі бок кажа, што гатовы да расьсьледаваньня інцыдэнту з самалётам. Але ці адбываецца гэта ў рэальнасьці?

Беларускія ўлады ня вельмі дапамагаюць расьсьледаваньню.

Тыя электронныя лісты, якія былі нібыта накіраваныя ад ХАМАСу з сэрвэру ў Швайцарыі, ня выклікалі станоўчай рэакцыі ў ЭЗ.

Тое, што беларусам зараз стане складаней уцячы з краіны, ратуючыся ад рэпрэсіяў, — гэта фактар сытуацыі.

Яго ўзмацняе і той чыньнік, што Беларусь зачыніла і аўтапераходы на мяжы.

Гэта ўсё абмяркоўваецца, сытуацыю ўсьведамляюць асабліва краіны-суседзі — Літва і Польшча.

Сярод варыянтаў вырашэньня праблемы — распрацоўка дадатковых маршрутаў праз Маскву.

Закрыцьцё паветранай прасторы ЭЗ — гэта і знак тым беларусам, якія ня вельмі цікавіліся палітыкай: калі вы хочаце лятаць у Эўропу — рабіце нешта, каб зьмяніліся парадкі ў Беларусі.

Вельмі доўгі час, нават яшчэ ўвосень летась і ўзімку сёлета, многія ў ЭЗ разважалі так: Лукашэнка ўсё ж ня цалкам падпарадкоўваецца Маскве, давайце пачакаем з больш моцнымі санкцыямі.

Цяпер гэты аргумэнт робіцца ўсё менш пераканаўчым.

Калі беларускія самалёты будуць лятаць у Крым — гэта ўжо няважна.

Нават калі Беларусь афіцыйна прызнае Крым часткай РФ, наўрад ці гэта стане прэцэдэнтам для Казахстану ці Армэніі.

Для гэтых краінаў важныя адносіны з Эўразьвязам.

Тэарэтычна ў Лукашэнкі ёсьць задні ход у гэтым крызісе — вызваліць Пратасевіча і Сапегу, выбачыцца, заплаціць кампэнсацыю.

Але ня думаю, што ён гэтым ходам скарыстаецца.

Для Лукашэнкі занадта высокія палітычныя страты ад такога ходу.

Гэта стала б сыгналам для апазыцыі, што ёй час ісьці ў наступ.

Гэтыя санкцыі — гэта сродак і пакараньня, і выхаваньня.

Санкцыі могуць і будуць выкарыстоўвацца ў сукупнасьці з торгам з рэжымам наконт вызваленьня палітвязьняў і агульнай лібэралізацыі ўнутры краіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(31)