Политика

Зміцера Дашкевіча і Мікалая Дземідзенку будуць судзіць за падтрымку ваўкавыскіх прадпрымальнікаў

Актывісты “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч і Мікалай Дземідзенка затрыманы ў Мінску пасля акцыі ў падтрымку ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. У пятніцу, 13 лютага, іх чакае суд.

Лідэра арганізацыі Зміцера Дашкевіча і актывіста Мікалая Дземідзенку затрымалі пасля заканчэння акцыі, якая прайшла каля следчага ізалятара па вуліцы Валадарскага. Супрацоўнікі АМАПа схапілі маладых людзей каля будынка Нацыянальнага банка і адвезлі ў аддзяленне міліцыі Ленінскага раёна.

На актывістаў быў складзены пратакол па артыкуле 23.34 КаАП -- "арганізацыя або ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах". Ноч Дашкевіч і Дземідзенка правялі ў РУУСе. Суд над апазіцыянерамі адбудзецца 13 лютага.

— Арышты нашых сяброў — відавочная спроба сарваць сьвята на Дзень Любові і запалохаць моладзь, якая будзе прымаць удзел у акцыі, — адзначыла ў інтэрв’ю сайту www.mfront.net намесніца старшыні “МФ” Наста Палажанка. — Але нягледзячы на ганебныя, жорсткія дзеяньні ўлады, маладафронтаўцы пастараюцца зрабіць усё магчымае, каб нашыя сьвяточныя мерапрыемствы прайшлі цікава і захапляюча.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)