Зьміцер Жалезьнічэнка будзе круціць кіно

Прызванага служыць у чыгуначныя войскі студэнта-выдатніка Зьмітра Жалезьнічэнку камандзіры хочуць прызначыць кінамэханікам. Дэмакратычны актывіст ня траціць аптымізму й заяўляе: “Жаўнеры плакаць не павінны!”

Адмовіўшыся 9 лютага прымаць вайсковую прысягу на знак пратэсту супраць сьпешнага прызыву на тэрміновую службу, Зьміцер Жалезьнічэнка распавёў сябрам пра свае салдацкія будні й пра стаўленьне да сябе з боку камандзіраў.

— Яны адразу ведалі, хто я такі. Спачатку адносіліся, як да міністра абароны. Прыглядаліся! Цяпер ставяцца, як і да ўсіх астатніх. Я выконваю тое, што мне кажуць. Іншая справа — можа, агрызаюся больш за астатніх, — кажа Жалезьнічэнка.

На галаўны боль пасьля спыненьня галадоўкі Зьміцер ня скардзіўся. Паведаміў толькі, што чамусьці баляць ногі. Але ж, па словах Зьмітра, “жаўнеры плакаць ня могуць”.

У вайсковай чыгуначнай частцы ў Жлобіне, дзе служыць паўторна адлічаны з унівэрсытэту дэмакратычны актывіст Зьміцер Жалезьнічэнка, салдаты займаюцца рознымі будзённымі справамі шаснаццаць гадзінаў у суткі.

Навабранцаў навучаюць розным нескладаным спэцыяльнасьцям — быць стропальшчыкамі, бульдазэрыстамі.

Зьміцер, хутчэй за ўсё, будзе кінамэханікам:

— А шостай гадзіне раніцы — пад’ём. І да дзясятай вечара бегаем, як кажуць, туды-сюды. А дзясятай спаць кладземся. Сказалі мне, што пайду ў кінамэханікі. Буду салдатам кіно паказваць.

Між іншым выконваць рашэнне суду пра прыпыненьне загаду аб яго прызыве на вайсковую службу дагэтуль ніхто не зьбіраецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)