Коктейль
Юлія Аляксандрава

Зміцер Вайцюшкевіч: “Ведаеце, хто я? Я — Зюзя!”

Калядны канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra адбыўся ў атмасферы сапраўднага, па-сямейнаму ўтульнага свята. Якая мара звязаная ў Зюзі Вайцюшкевіча з АМАПам і якім чынам перад гледачамі апынуўся зборны хор беларускіх дзетак — у рэпартажы “Салідарнасці”.

— Ведаеце, хто я? — запытаўся Зміцер у залі перад выступам. — Я — Зюзя! Прынамсі, першую частку канцэрта. Мароз нам сёння дапамог. Я — Зюзя.

(Заўвага рэдакцыі: у беларускай міфалогіі Зюзя — гэта бог зімы).

Першая частка імпрэзы, па словах музыкі, мусіла быць больш дзіцячай. Другая, адпаведна — больш дарослай. Але адарваць дзетак ад Зюзі было проста немагчыма.

Разам з прысутнымі ў залі дзецьмі музыкі выканалі калыханку з аднайменнага праекта. Такім чынам “зборны хор беларускіх дзетак” далучыўся да музыкаў са сваімі спевамі, танцамі і вясёлым настроем.

Яшчэ адну калыханку, больш дарослую, Зміцер вырашыў прадставіць у розных варыяцыях. Атрымалася нават “Я цябе закалышу...” у выглядзе марша.

— Мая мара, каб брыгада мінскага АМОНа праспявала гэта, — падзяліўся Вайцюшкевіч са слухачамі.

Святочны канцэрт прайшоў у межах кампаніі “Будзьма”. А якое ж свята без падарункаў? Так у залю літаральна ляцелі торбы з лагатыпам “Будзьма” ды цукеркі ад музыкаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)