Зьміцер Дашкевіч вярнуўся на лесапільны ўчастак

Зьміцер Дашкевіч зноў працуе ў калёніі на лесапільным ўчастку. Кацярыне Садоўскай канчаткова адмовілі ў датэрміновым вызваленьні. Мікалай Статкевіч піша артыкул аб эканамічнай сытуацыі ў краіне. Паўла Севярынца чакае кароткатэрміновы адпачынак.

Ці вярнулі Зьмітра Дашкевіча па вяртаньні з менскага турэмнага шпіталя на лесапільны ўчастак, дзе ён раней працаваў і дзе ў яго пачаліся праблемы з хворай сьпіной? Болей за тыдзень ад палітвязьня не было пра гэта зьвестак. І вось маладзёвы актывіст Артур Фінькевіч атрымаў паведамленьне пра свайго сябра ад знаёмых.

“Асабліва ён нічога не піша. Піша, што ўсё нармальна, працуе зноў там, дзе і працаваў. Гэта ён сам так вырашыў. Магчыма, ён ужо не цягае гэтыя цяжкія бярвёны, а робіць нешта іншае. Магчыма, для яго гэтак лепей”.

У самога Артура Фінькевіча справы ідуць без асаблівых навінаў. Нагадаю, актывіст адбывае “хімію” ў Магілёве за графіці палітычнага зьместу, а Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца ў зьняволеньні ў Шклоўскай калёніі. Былога лідэра “Маладога фронту” пакаралі на 1,5 года.

Камісіі не спадабалася шчырасьць К.Садоўскай

Камісія ў Гомельскай жаночай калёніі канчаткова вырашыла, што зьняволеная Кацярына Садоўская ня будзе вызвалена ўмоўна-датэрмінова. Жанчына адсядзела трэцюю частку тэрміну, ня мае парушэньняў дысцыпліны, да таго ж, перанесла апэрацыю, што таксама можа быць падставай для датэрміновага вызваленьня. Для выхаду на волю праваабаронцы дастаткова было згоды турэмнай камісіі, але ўзьніклі праблемы. Кацярыну Садоўскую выклікалі на паседжаньні камісіі для адказу на пытаньні, але шчырасьць жанчыны ня ўсім спадабалася, кажа муж праваабаронцы Віктар Садоўскі:

“Яна старалася, але проста шчыра адказала на іх пытаньні. Што ня згодна ў чымсьці зь іх мэтадамі перавыхаваньня. Вось і вырашылі яе яшчэ перавыхоўваць. Там людзей у калёніі шмат – дзьве тысячы. Што ім гэтыя людзі?”

Паводле Віктара Садоўскага, зараз яго жонка спадзяецца на магчымую амністыю. Вязьні калёніі расчараваныя, што не адбылося абвяшчэньня амністыі, як усе чакалі, да Дня Перамогі.

М.Статкевіч: “Моладзі патрэбны эўравыбар”

Адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч на “хіміі” ў Пухавіцкім раёне працуе над артыкулам, прысьвечаным праблемам эканомікі. Погляд палітыка на сытуацыю ў краіне грунтуецца ў тым ліку на назіраньнях за гаспадараньнем у вёсцы Блонь, дзе ён адбывае “хімію”. Паводле Мікалая Статкевіча, Беларусь мусіць разьвівацца эўрапейскім шляхам.

“Нам патрэбны сьцяг, ідэя, людзей трэба запаліць. Чым запаліць? Малой канстытуцыяй, рэформай жыльлёвай гаспадаркі? Гэта сьмешна. Эўравыбар – вось што патрэбна моладзі, самым адукаваным і энэргічным. А гэта яны ствараюць нашу асноўную падтрымку”.

Павал Севярынец, магчыма, атрымае на будучым тыдні адпачынак і наведае бацькоў у Віцебску. Нагадаю, актывіст адбывае двухгадовае пакараньне абмежаваньнем волі ў Полацкім раёне. Тым часам з працы звольнілі маці актывіста, настаўніцу Тацяну Севярынец. Жанчына падала ў суд на адміністрацыю раённай ўправы адукацыі.

Болей за тыдзень няма дакладных зьвестак пра самаадчуваньне Аляксандра Казуліна. Сваякі палітыка плянуюць днямі атрымаць зь ім кароткатэрміновае спатканьне. Паводле апошніх зьвестак, экс-кандыдат на прэзыдэнта яшчэ знаходзіцца на адмысловым рэжыме харчаваньня для выхаду з галадоўкі і не працуе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)