Политика
Якуб Сушчынскі, «Радыё Рацыя»

Зміцер Дашкевіч сядзіць у камеры адзін

Прайшла сустрэча адваката з палітвязнем, лідарам «Маладога фронту» Зміцерам Дашкевічам, які знаходзіцца цяпер у гродзенскай турме.

Як паведаміла яго нявеста Наста Палажанка, Зміцер за мінулыя паўтары тыдня пасля этапу ні на што не скардзіцца. Пакуль ён у камеры адзін.

- Сказаў, што няма радыёкропкі ў камеры, але ёсць магчымасць яе прынесці. А так нічога не дазволена. Тым людзям, якія ўтрымліваюцца ў турме на строгім рэжыме, за год дазваляецца атрымаць адну бандэрольку на 2 кілаграмы. Харчавацца ён можа толькі тым, што даюць у турме. Максімум можна набыць штосьці ў мясцовым кіёску: яны пішуць заявы на пэўныя рэчы агульным коштам у 100 тысяч беларускіх рублёў.

Зміцер Дашкевіч быў затрыманы перад акцыяй пратэсту 19 снежня 2010 года і асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі за справакаваную спецслужбамі бойку з невядомымі. Яго судзілі тройчы: у Мінску, Глыбокім, Мазыры.