Беседка
Анастасія Зелянкова

Зміцер Бартосік: “Не бабнік я, хоць ты трэсні!”

Беларускі бард Зміцер Бартосік распавёў “Салідарнасці” пра тое, што з жонкай пазнаёміўся ў Інтэрнеце, што з тэатральнага яго выперлі за бяздарнасць і пра сваё эстэтычнае задавальненне ад развалу СССР.

Доўга дамаўляцца на інтэрв’ю з Бартосікам не прыйшлося. Я ўжо разгарнула нататнік, каб пазначыць час сустрэчы на наступным тыдні, як пачула ў слухаўцы: “Гатовы, хоць зараз. Прыязджайце”. Адзначыўшы пра сябе, што заўсёды ўпадабала рашучых мужчын, я тэрмінова выехала на месца.

Загадзя ведаючы акрэсленую пазіцыю Бартосіка ў пытаннях палітыкі, я дала сабе зарок у размове не кранацца гэтай тэмы ўвогуле. Атрымалася не надта. Нават у пытаннях, датычных сексу і эротыкі, Бартосіка чамусьці ўвесь час цягнула на палітычныя развагі.

З таго, як ён дайшоў да такога жыцця, мы і вырашылі пачаць.

“З тэатральнага мяне выперлі за бяздарнасць”

— Нарадзіўся я ў расейскім горадзе Рыбінску, — пачаў свой біяграфічны аповед Бартосік. — Праўда, я не чысты маскаль: у мяне ёсць чвэрць польскай крыві. Яна дасталася мне разам з прозвішчам. Дзед мой быў паляк, але з адэскіх палякаў. Ён гандляваў рыбай на Прывозе. Мае ж бацькі былі тэатраламі: маці — акторка, бацька — рэжысёр. Я вам скажу, матляла нас па ўсім Саюзе.

Як распавёў Бартосік, з гэтай прычыны ў школу ён пайшоў у горадзе Усць-Каменагорску, што ва ўсходнім Казахстане. На Беларусь, у горад Гомель, прыехаў, калі ўжо быў трэцякласнікам, праўда, паспеўшы да гэтага яшчэ павучыцца ў Варонежы і Ніжнім Ноўгарадзе.

— І кім жа марыў стаць маленькі Зміцер?

— Ды, здаецца, не было ў мяне нейкіх акрэсленых мар пра будучае, — задумаўся на хвіліну Бартосік. — Касманаўтам не хацеў быць дакладна. Праўда, аўтарская песняй я захапляўся даўно, можна сказаць з дзяцінства. У нас заўсёды круціліся пласцінкі Высоцкага, Акуджавы. Гітарай жа авалодаў гадоў у 13.

— Ну, гэта дзеля таго, каб дзяўчат завабліваць?.. — здагадалася я.

— Не, што вы, — тут жа азваўся Зміцер і пасля невялічкай паўзы: — Хаця і дзеля гэтага таксама... Толькі вы не падумайце, што гэта было галоўным!

(Канешне-канешне.)

— А па бацькоўкіх шляхах на тэатральныя падмосткі не цягнула?

— Калі мне было 13 год, я нават зняўся ў фільме. Як потым высветлілася, вельмі добра. Карціна называлася “Чужая Бацькаўшчына”, гэта па раману Вячаслава Адамчыка — культавы беларускі фільм. Іграў там галоўнага героя ў дзяцінстве. Гэта быў значны эпізод. Фактычна карціна пачынаецца з мяне і мною заканчваецца. За гэтую ролю атрымаў велізарныя грошы — 60 рублёў. На іх і купіў сваю першую гітару. Яна, дарэчы, і дагэтуль жывая — тыя, што былі пасля, ламаліся, развальваліся, губляліся, — а гэтая вось не.

Па словах Бартосіка, бацькі ніколі не настойвалі на тэатральнай кар’еры сына. Але ў Ніжагародскае тэатральнае вучылішча ён усё ж такі паступіў. Кажа, па ўласным жаданні.

— Правучыўся там паўтары гады, пакуль мяне не выперлі за бяздарнасць, — успамінае бард. — Я ні на хвіліну не шкадую, што так адбылося: лёс кепскага акцёра — не самая лепшая рэч.

— А вас сапраўды выперлі за бяздарнасць? — засумнявалася я, прыгадваючы папярэдні расповед пра ўдалы акцёрскі дэбют. — Ці гэта вы проста прызнавацца не жадаеце, што за гітарай ды дзяўчатамі часу на вучобу не заставалася?

— Як акцёр, баюся, я поўная бяздарнасць, — фактычна праігнараваў апошнюю частку майго пытання Бартосік. — З нашага курса прабіўся ў людзі хіба што Саша Дзядзюшка — ён зараз у розных расейскіх серыялах здымаецца. Можа, ведаеце?

(На той момант мяне больш цікавіў не Дзядзюшка, а прыроджаны дар Бартосіка пазбягаць “слізкіх” тэм.).

Бартосік, між тым, працягваў расповед пра сваё працоўнае жыццё. А яно і сапраўды аказалася працоўным у поўным сэнсе гэтага слова.

“Калі развальвалася краіна, я атрымліваў эстэтычнае задавальненне”

— Пасля развітання з вучылішчам я ўладкаваўся шліфоўшчыкам на Гомельскі завод станочных вузлоў, — успамінае бард. — Прычым быў вельмі горды сабой. Звычаўна ўсё наадварот — як жа так: ты думаў, што ты будзеш Гамлетам, а насамрэч ты звычайны шліфоўшчык? Для мяне ж гэта зусім не было драмай. Я адчуваў сябе на сваім месцы. Мне вельмі падабаўся гэты завод. Падабалася вазіцца са станком, апрацоўваць гэтыя дэталі...

(Ага, хто б сумняваўся — не, дарэмна Бартосіка выгналі з тэатральнага.)

— Перад войскам я ўсё ж вырашыў даць сабе слабіну, — працягваў ён. — Некалькі месяцаў прапрацаваў грузчыкам у магазіне (нічога сабе расслабіўся! — Аўт.). Пасля было войска. Стройбат. Шчыра кажучы, гэта не самае лепшае месца для жыцця і творчай дзейнасці. Нарэшце, так-сяк я аддаў доўг краіне, якой, здаецца, нічога і не быў павінен і якая літаральна праз год пасля майго дзембелю ляснулася. Дарэчы, калі гэта адбывалася, я адчуваў проста нейкае эстэтычнае задавальненне і нават вырашыў прыняць пасільны ўдзел у яе далейшым развале.

Для гэтага Зміцеру спатрэбілася вывучыць беларускую мову. На гэта ў расейца Бартосіка пайшло тры мясяцы — як кажуць, было б жаданне.

— Што дзіўна: калі я пісаў па-руску, — гэта было слаба, відавочна слаба. А вось на беларускай адразу ж пайшло. Прынамсі, глыбока брыдка гэта не было.

Да таго, як канчаткова вызначыцца з жыццёвым шляхам, Бартосік паспеў яшчэ папрацаваць рабочым сцэны ў гомельскім тэатры — відаць, акцёрскія амбіцыі ўсё ж такі не давалі спакойна спаць — ды пабываць віленскім бізнесменам.

— Я вырашыў паступіць на беларускі філфак у Гомельскі дзяржаўны універсітэт, але на дзённае аддзяленне не дабраў балаў. Тады паехаў паступаць у Вільню — не атрымалася: падвяла мая замежная мова. Я ім кажу, што “очень хорошо говорю по-руски — чем вам не иностранный язык”? А яны: “замежны ды не зусім”. Але ж мне так спадабалася Вільня, што я любымі сіламі вырашыў там застацца. Вось і заняўся бізнесам.

— І што рабіў бізнесмен Бартосік?

— Умацоўваў дзвярныя скрыні. Забіваў штыры з дапамогай перфаратара і малатка. Спачатку рабіў усё сам, пасля арганізаваў брыгаду. Напрыканцы ж гэтай дзвярной кар’еры я толькі атрымліваў грошы, адлічваў штыры і выдаваў перфаратары. Там жа, у Вільні я патрапіў у вельмі добрую кампанію, якая вызначыла далейшы мой лёс — “Нашу Ніву”. А зараз езджу па вёсках і раблю перадачы для Радыё Свабода.

— Напэўна, шмат чаго цікавага падчас гэтых падарожжаў адбывалася?

— Мне вельмі спадабалася сустрэча з адной цёткай, сваячкай Якуба Коласа. Яна працуе ў яго музеі і сама, здаецца, стала ўжо музейным экспанатам. Пытаюся ў яе: “Як вы думаеце, чаму Лукашэнка не ведае беларускай мовы?” А яна: “А чаму вы думаеце, што ён не ведае?” — “Дык, — кажу. — не гаворыць жа”. — “А гэта таму, што яму трэба сустракацца з усялікімі іншаземнымі дэлегацыямі, а яны беларускай мовы не ведаюць...” Далей пытаюся: “А ці быў Лукашэнка калісьці ў вашым музеі?” — “Не, — кажа. — не быў. Затое быў гэты... Ну, той, які збег ад Лукашэнкі... Пазьняк”. — “І што рабіў?” — “Ды сядзеў са сваёй жонкай. Чай піў”. — “А што цікавага казаў?” — “Казаў: я не п’ю. Ну, не п’еш і не п’еш. Яму ніхто і не налівае. Усе выпіваюць. А ён сядзіць. Глядзіць. А пасля сам пачаў сабе наліваць”. Праз невялікую паузу цётка робіць фенаменальную выснову: “Непастаянны чалавек”. Такой характарыстыкі Пазьняка я больш ніколі не чуў.

“З жонкай я пазнаёміўся ў Інтэрнэце”

— Вас, напэўна, пазнаюць, калі кудысьці прыязджаеце? Дзяўчаты на шыю вешаюцца... — паспрабавала я выцягнуць майго суразмоўцу на эратычную тэму.

— Ёсць адзіны рэгіён, дзе я магу адчуць сябе зоркай эфіру: гэта там, дзе “Свабода” ловіцца на сярэдніх хвалях — Маладзечаншчына, Валожыншчына. Там мяне ведаюць.

— А дзяўчаты? — нагадала я сваё пытанне.

— Не, дзяўчаты на шыю не вешаюцца, — з засмучэннем адзначыў Бартосік. — Шкада, канешне. Ну што зробіш, калі наша аўдыторыя — гэта тыя, каму за 40. А як выканаўцу мяне мала хто ведае. Ды і не славалюбівы я, — зноў перавёў ён размову.

— А што натхняе на напісанне вершаў? — паспрабавала я вярнуць гутарку.

— Скажам, нейкая палітычная падзея, — не даў мне шанцаў Бартосік. — У мяне больш за пару дзесяткаў песень і ў кожнай свая гісторыя напісання. Павінен быць нейкі знешні раздражняльнік — асабліва што тычыцца палітычнай сатыры — тады яно само проста вырываецца. Напрыклад, песню пра дона Лукаса з “Гандураскага серыялу” я напісаў, калі ехаў з Гомеля ў Мінск у цягніку.

— А “Сексрэвалюцыйная”? — вырашыла я ісці напрасткі.

— Гэта Адамовіч мяне натхніў.

— ???

— ... сваімі развагамі.

— А можна падумаць самі на “сексуальным фронце” не шчыруеце? — не паверыла я. — А як жа ваша праграма па адраджэнні беларускай нацыі — “я спаць кладуся з дзевачкай прастой, а прачынаюся са шчырай беларускай”?

— Не, я не супадаю з лірычным героем. Абсалютна, — канчаткова расчараваў бард. — Ну што зробіш, не бабнік я па натуры, хоць ты трэсні.

Каб зусім не дабіваць прыхільніц Бартосіка, я вырашыла напрамую спытаць, ці лічыць ён беларусак сексуальнымі?

— Беларускія жанчыны вельмі прыгожыя, — адазваўся бард. — Мне здаецца сярэднестатыстычны беларус проста разбэшчаны гэтай прыгажосцю навакольных жанчын. Я ўсё думаю, ці не ад гэтай разбэшчанасці самыя яго горшыя якасці: навошта тут штосьці рабіць, чагосцьі мяняць у краіне, калі ты і так ужо сядзіш у раю?

(Ну вось табе і пагаварылі пра секс).

— А першае сваё каханне памятаеце?

— Упершыню я закахаўся ў дзіцячым садку, — нібыта не разумеючы, што я ад яго хачу, пачаў свой расповед Бартосік. — Яе звалі Анжэлай. Вобраз так за смугою часу крыху сцерся, але...

— А пазней? — (мяне чамусць не асабліва цікавіла гэтая душашчыпальная гісторыя).

— Так-так. Была “страстная любов”, — да маёй радасці адазваўся бард. — У школе. Увогуле, школьнае каханне ніколі не затухае.

— Спевы пад гітару, пацалункі каля пад’езду... — дапамагала я развіць тэму.

— О, не. Гэта быў самы жорсткі варыянт.

— ???

— Гэта было абсалютная безадказнае каханне. І ўсе мае серэнады з гітарамі ёй былі па барабану...

— А з жонкай вы як пазнаёміліся? — губляла я апошнюю надзею.

— У Інтэрнэце. З мяне яшчэ ўсе смяяліся. Казалі: дарослы чалавек, чым ты займаешся, нармальныя людзі шукаюць у Інтэрнэце дзяўчат зусім для іншых мэтаў. А я не звяртаў на іх увагі. Лічу, калі ты хочаш знайсці свайго чалавека, не варта грэбаваць ні чым — ні Інтэрнэтам, ні вечарынай “Каму за 30”. Дзе-небудзь, ды выпадзе “зеро”.

— Вы, я гляджу, рамантык. Напэўна, і прапанову рукі і сэрца жонцы рабілі вельмі рамантычна. З букетам ружаў, на белым кані...

— Ды не, да “белых коняў” не дайшло, — рассмяяўся мой суразмоўца. — Проста на шостыя суткі знаёмства прыйшоў і застаўся жыць.

Зараз у “рамантыка” Бартосіка ўжо двое малых дзяцей.

— Мая жонка хоча трэцяга. Я, дарэчы, цалкам падтрымліваю, — адзначае ён.

На гэтай аптымістычнай ноце мы развіталіся. Кожны пабег па сваіх справах: я — пісаць матэрыял, Бартосік — шчыраваць на ніве адраджэння.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)