Политика
Юлія Аляксандрава

Змены ў лозунгі на Дзень Волі дадасць эканамічны крызіс

Падчас традыцыйнай акцыі 25 сакавіка прадстаўнікі апазіцыі плануюць прадставіць уладам свае прапановы-патрабаванні па барацьбе з крызісам. Заяўку на правядзенне мерапрыемства, прысвечанага Дню Волі, кіраўнікі партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч падалі яшчэ 6 лютага.

- Мы ўсіх запрашаем да ўдзелу ў акцыі! – паведаміў “Салідарнасці” старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі. – Для тых, хто пажадае выступіць, будзе такая магчымасць.

Гатоўнасць падтрымаць мерапрыемства 25 сакавіка ўжо выказалі палітык Анатоль Лябедзька, актывіст прадпрымальніцкага руху Віктар Гарбачоў, старшыня ГА “Саюз Чарнобыль-Беларусь” Аляксандр Валчанін, арганізацыя “Малады фронт” (Чэхія) і кампанія “За Еўрапейскую Беларусь”.

Падтрымаць заяўленую акцыю збіраецца і лідэр “Еўрапейскай кааліцыі” Мікалай Статкевіч.

- Некалькі маршрутаў для адной акцыі было б зашмат. “Еўрапейская кааліцыя” можа ўвайсці ў аргкамітэт акцыі, калі толькі яна не будзе адбывацца на вузкіх тратуарах плошчы Бангалор, -- паведаміў палітык.

Удзельнікі мерапрыемства плануюць сабрацца а 18-й каля Нацыянальнай акадэміі навук і прайсці шэсцем па праспекце Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы.

Свае змены ў лозунгі і патрабаванні акцыі дадаў эканамічны крызіс. Кіраўніцтва партыі БНФ ужо прадставіла прапановы “аб першачарговых захадах па абароне людзей Беларусі ад сацыяльных наступстваў эканамічнага крызісу”. Напрыклад, “выплачваць выходную дапамогу работнікам, якіх звальняюць, у памеры паўгадавога заробку за кошт дзяржавы”, “перадаць у дзяржаўны бюджэт закрыты прэзыдэнцкі фонд” і “увесьці сыстэму льготнай падтрымкі для вучнёўскай моладзі (як гэта робіцца ва ўсім цывілізаваным сьвеце)”.

Па словах Віктара Івашкевіча, пры адсутнасці дзеянняў з боку ўрада, гэтыя прапановы ператворацца ў патрабаванні

- На акцыі 25-га мы заклікаем прагаласаваць за гэтыя прапановы і занесці іх у Адміністрацыю прэзідэнта ў якасці нашага ультыматума, -- паведаміў ён.

Паводле закона, адказ на заяву мусіць прыйсці не пазней чым за пяць дзён да акцыі.

- Па вопыце папярэдніх гадоў мы мяркуем атрымаць яго 20 сакавіка, паколькі ўлады любяць цягнуць да апошняга, - сказаў “Салідарнасці” Івашкевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)