Комментарии
Віталь Тарас, “Наша ніва”

Зламаны код

Зразумела, на тле скандалаў, выкліканых выхадам кнігі амэрыканскага пісьменьніка Дэна Браўна «Код да Вінчы», а потым экранізацыяй гэтага твору, рэакцыя на яго ў Беларусі не выглядае сэнсацыяй.

Адмоўная рэакцыя на раман з боку Ватыкану, а таксама некалькіх брытанскіх гісторыкаў, якія ўгледзелі ў рамане вядомага бэлетрыста плягіят і падалі на аўтара ў суд, толькі дадала папулярнасьці Браўну. Ён ня толькі выйграў суд. Прыкладна за год выданьні й перавыданьні «Коду да Вінчы», дзякуючы скандалам, прынесьлі раманісту прыкладна 75 мільёнаў даляраў даходу. Здавалася б, царква, навучаная тысячагодзьдзямі змаганьня з дысыдэнцтвам і гарэзіямі, павінна была б улічыць сумны досьвед папярэднікаў. Ён палягае на тым, што забарона твору (некалі ж складаўся афіцыйны сьпіс забароненых тэкстаў) ці нават толькі яго крытыка памнажае колькасьць чытачоў.

Сытуацыя склалася тым больш недарэчная, што фільм (у адрозьненьне ад кнігі, якая сама па сабе можа выклікаць спрэчкі), паводле першых водгукаў, выглядае поўным правалам. Прынамсі, яго прэм’ера па-за конкурсам на кінафэстывалі ў Канах, нягледзячы на ўдзел у блокбастэры сапраўдных зорак, пакінула гледачоў, мякка кажучы, у зьдзіўленьні: а чаго, уласна кажучы, шум?

У Канах, напэўна, публіка занадта элітарная і патрабавальная. Але, думаецца, прыхільнікі Дэна Браўна ва ўсім сьвеце, у тым ліку і Беларусі, таксама застануцца расчараваныя. Па-першае, экранізацыі, як правіла, саступаюць паводле ўзроўню мастацкага майстэрства арыгіналу. У раманаў Браўна, якія, безумоўна, не належаць да разраду вялікай літаратуры, ёсьць, тым ня менш, свой шарм. Ён умее заінтрыгаваць чытача, калі хочаце — містыфікаваць яго, трымаць у напружаньні ад пачатку да фіналу, дзякуючы пакручастаму сюжэту, які разгортваецца паралельна адразу ў некалькіх плоскасьцях. Акрамя таго, аўтар пасьпявае мімаходзь паведаміць бездань рознага роду цікавай інфармацыі з гісторыі рэлігіяў і цэркваў (якая, праўда, таксама часам абарочваецца містыфікацыяй). Іншымі словамі, раманы Браўна цікава чытаць, так бы мовіць, даўгімі зімнімі вечарамі. Калі ж раманную тканіну перанесьці на вялікі экран і ўтрамабаваць шматлікія сюжэтныя лініі ў дзьве-тры гадзіны экраннага дзеяньня, вынік наўрад ці можа выйсьці станоўчым.

Права не глядзець

Але справа, вядома, ня ў гэтым. Цяжка паверыць, што царква раптам устурбавалася мастацкім зьместам бэстсэлеру ці ягонай экранізацыі. Сьвятары галоўных хрысьціянскіх канфэсіяў, абсалютна відавочна, заклапочаныя фактам папулярнасьці раману, у якім вядзецца гаворка аб рэчах, аб якіх гаворыцца ў Бібліі, аб нейкіх вялікіх таямніцах, тлумачыць якія заўсёды пакідала за сабой права толькі царква.

Ня варта ўмешвацца ў справы царкоўныя, а тым больш — закранаць хоць нейкім чынам пачуцьці вернікаў. Ніхто ў Беларусі ці іншых сьвецкіх краінах, дзякаваць Богу, не забараняе ім выказваць сваіх пачуцьцяў, у тым ліку абурэньня (хоць гэта й выглядае ня надта па-хрысьціянску). Але ж і царква, аддзеленая ад дзяржавы, не павінна дыктаваць сьвецкім людзям, што ім пісаць, чытаць, выдаваць і экранізаваць. У сьвятароў і простых вернікаў, як і ва ўсіх астатніх людзей, ёсьць сапраўды сьвятое права — не чытаць і не глядзець таго, што ім не падабаецца. Не адпавядае іхным густам альбо маралі.

Калі нейкі твор пагражае грамадзкай маралі альбо канкрэтна некага абражае — існуе суд, куды кожны павінен мець права зьвярнуцца.

Гісторыкі, якія палічылі, што раманіст іх абакраў, пазычыўшы зь іх кніг некаторыя ня факты нават, але гіпотэзы, прайгралі ў судзе. Прайгралі проста таму, што забыліся пра асноўны закон мастацтва. Мастак, нават калі ён абапіраецца на факты, ня ёсьць навукоўцам альбо сьледчым. Ён мае права на выдумку. Ён стварае нейкую сваю, паралельную рэальнасьць. Нават у тым выпадку, калі гэты дар тварыць дараваны яму звыш. А інакш проста не існавала б літаратуры.

Шмат што ў рамане «Код да Вінчы» здаецца ня проста выдумкай, але выдумкай дурною — як, напрыклад, ідэя аб тым, што Хрыстос быў жанаты з Марыяй Магдалінай і што Леанарда выпісаў яе на сваёй карціне «Тайная вячэра» ў абліччы апостала Яна. Але ж аўтар і не прэтэндуе на ісьціну. Ён сьвядома спэкулюе на цікаўнасьці чытача да ўсяго таямнічага, неадназначнага, містычнага. А што, царква ўжо мае адказы на ўсе пытаньні, у тым ліку зьвязаныя з уласнай гісторыяй ці з гісторыяй чалавецтва?

Трывіяльныя ісьціны

Чаму даводзіцца нагадваць пра ўсе гэтыя быццам бы трывіяльныя ісьціны? А таму што апошняя «паўзабарона» на фільм «Код да Вінчы» міжволі нагадала пра нядаўнія падзеі вакол карыкатураў на прарока Мухамэда.

У акцыях пратэсту супраць дацкіх карыкатур па ўсім сьвеце ўдзельнічалі мільёны мусульманаў. Былі зьнішчаныя некалькі пасольстваў эўрапейскіх краінаў. Некалькі дзясяткаў чалавек загінулі. У Беларусі ўсяго толькі зачынілі газэту «Згода». Рашэньне ўладаў пры гэтым было прадыктаванае зусім не рэлігійнымі, а чыста палітычнымі матывамі. Газэту, нагадаем, выдавала сацыял-дэмакратычная партыя, ад якой на прэзыдэнцкіх выбарах выстаўляўся кандыдат Аляксандар Казулін. Але ў гэтага рашэньня знайшліся абаронцы і ў дэмакратычным лягеры. Напрыклад, журналіст Аляксандар Фядута на сайце «Наша думка» пісаў, што абраза пачуцьцяў вернікаў ня можа мець апраўданьня і ўчынак апазыцыйнай газэты заслугоўвае адназначнага асуджэньня.

Трэба аддаць належнае Фядуту: ён і ўсе тыя, хто разважае падобным чынам, у адрозьненьне ад ісламскіх фундамэнталістаў, не патрабуюць пакараць сьмерцю аўтараў малюнкаў ці рэдактараў газэтаў, якія іх надрукавалі. І нават не патрабуюць для іх турэмнага зьняволеньня. Царкоўныя крытыкі фільму «Код да Вінчы» таксама не патрабуюць караў для яго стваральнікаў. Яны патрабуюць цэнзуры. Толькі і ўсяго. А значыць — абмежаваньня правоў усіх тых, чые погляды не супадаюць з поглядамі цэнзараў.

Царква ёсьць часткай — прычым, падмуркавай часткай — хрысьціянскай цывілізацыі. Таксама падмуркавай і неад’емнай часткай гэтай цывілізацыі ёсьць эўрапейскае права, выпрацаванае стагодзьдзямі, заснаванае на самакаштоўнасьці і сувэрэннасьці чалавечай асобы. Правы чалавека, у тым ліку свабода слова, даўно зрабіліся свайго роду генэтычным кодам цывілізацыі.

Цэнзура як сымбаль

Герархі Расейскай праваслаўнай царквы нядаўна абвясьцілі правы чалавека іншародным целам для расейскай праваслаўнай культуры, спараджэньнем гардыні Захаду. Што ж, гэта таксама іхнае права — так думаць.

Аднак, калі гаворка ідзе аб неабходнасьці дэмакратызацыі Беларусі і калі гаворка гэтая вядзецца сапраўды сур’ёзна, а не таму, што камусьці чымсьці не падабаецца асоба дыктатара, трэба даводзіць думкі да лягічнага завяршэньня. Альбо мы падзяляем падмурковыя каштоўнасьці заходняй цывілізацыі, улучна са свабодай сумленьня, свабодай слова, свабодай асобы, альбо мы шукаем, усьлед за Расеяй, нейкага «свайго», асаблівага шляху цывілізацыі, заснаванага на зусім іншых каштоўнасьцях, да якіх свабода ў прынцыпе ня мае дачыненьня.

Фільм «Код да Вінчы» — усяго толькі шараговая падзелка заходняй кінаіндустрыі. Ягоныя стваральнікі могуць толькі падзякаваць Ватыкану за раскрутку.

З раманам Дэна Браўна лепей пазнаёміцца ў арыгінале — тым больш што прачытаць раман у Інтэрнэце не складае цяпер ніякай праблемы. Але хто ведае, ці можна гэта будзе зрабіць пасьля тых зьменаў, якія зьбіраецца ўвесьці беларускі ўрад у Закон аб друку? Пасьля таго, як амаль усе незалежныя выданьні ў Беларусі былі пазбаўленыя магчымасьці друкавацца і распаўсюджвацца, цэнзура пагражае цяпер беларускаму Інтэрнэту. Цэнзура заўсёды была і ёсьць элемэнтам несвабоды. Нават калі цэнзары апраўдваюць свае дзеяньні клопатам пра мараль.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)