«Зламалі руку, на дзіця наставілі пісталет». Як адбываўся налёт людзей у цывільным на кватэру маці фермера

Маці Аляксандра Вянгуры – Тамара Фёдараўна распавяла Палескай Вясне пра жудасную ноч з 3 на 4 чэрвеня і наступныя дні.

Фэрмэр Аляксандар Вянгура

5 траўня на канале «Страна для жизни», які стварыў Сяргей Ціханоўскі, цяпер арыштаваны і прызнаны палітвязнем блогер, выйшаў ролік, дзе жыхар вёскі Прудок Мазырскага раёна фермер Аляксандр Вянгура распавёў пра тыя цяжкасці, з якімі ён сутыкнуўся, вырашыўшы заняцца фермерскай гаспадаркай. А 4 чэрвеня спачатку ў дом самога фермера, а потым і ў дом ягонай маці ўварваліся невядомыя людзі ў цывільным адзенні, правялі агляд і ў выніку фермер быў затрыманы.

З Тамарай Фёдараўнай мы сустрэліся ў Мазыры. Яна ездзіла ў мясцовы аддзел Следчага камітэта, які праводзіць праверку па факце нанясення ёй невядомымі людзьмі ў цывільным адзенні цялесных пашкоджанняў.

Левая рука спадарыні Тамары ў гіпсе па локаць. Дарогаю да Прудка яна распавядае, што яе сын разам яшчэ з двума мазырскімі хлопцамі, якіх затрымалі 5 чэрвеня, і месца знаходжання якіх сваякі не маглі даведацца больш за двое суткак, знайшоўся ўрэшце рэшт у Мінску у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна.

У панядзелак 8 чэрвеня сваякі паехалі туды, каб перадаць перадачы, але так і не здолелі гэта зрабіць. Зраніцы ім сказалі, што Аляксандр Вянгура, Аляксандр Цуканаў і Дзяніс Колас знаходзяцца ў ІЧУ, што побач з ЦІПам. Але прыём перадачаў у ІЧУ пачынаецца толькі ад 14 гадзіны. Родзічы чакалі гэтага часу, а, калі ён надыйшоў і яны зноў прыйшлі ў ІЧУ, ім адказалі, што хлопцаў перавялі ў ЦІП.

У ЦІПе ж перадачы прымалі толькі да 13-й гадзіны, акрамя таго, у дзень паступлення перадачы не прымаюць. На наступны дзень  родзічы зноў паехалі з Мазыра ў Мінск у ЦІП. Значна спустошаныя перадачы (хаця яны куплялі ўсё, што звычайна прымаюць, але з перадачы выкінулі цукар, каву, сухую каўбасу), усё ж, узялі. Таксама маці Аляксандра Вянгуры склала дамову з адвакатам.

10 чэрвеня ён мусіў сустрэцца з Аляксандрам у ЦІПе, але ўвечары паведаміў спадарыні Тамары, што яго не пусцілі да падабароннага, спаслаўшыся на складаную эпідэміялагічную сітуацыю. Не пусцілі адваката да Аляксандра Вянгуры і да моманту выхаду гэтай публікацыі.

Абставіны таго, што адбывалася ў Прудку, Тамара распавядае ад парога сваёй кватэры ў двухкватэрным двухпавярховым тыпавым панэльным доме. Уваход у кватэры з розных бакоў дома на першым паверсе, але Тамара Фёдараўна жыве на другім.

– У гадзіну ночы я чую – грукаюць у дзверы. Ды так неяк моцна! Я падыйша, а яны адразу крычаць: «Адкрывай! Міліцыя!» Я адмовілася адкрываць. Кажу: «Вы бачылі колькі часу? Якая міліцыя? Я ніякую міліцыю не выклікала».

Яны тады сыйшлі. А праз хвілін 15 зноў грукаюць. Я зноў падыйшла. Яны зноў загадваюць адчыніць. Тады чую, мой Сашка за дзвярыма кажа: «Мама, гэта я!» Гэта яны спецыяльна яго прывезлі, каб я адчыніла, бо ведаюць жа, што за сваё дзіця маці будзе турбавацца, – распавядае Тамара Фёдараўна.

Яна кажа, што ніхто з іх не быў у нейкай форме – усе ў цывільным адзенні.

– Першы ўвайшоў адзін такі каранасты, мардаты амбал, паверх скураной курткі на ім была бронекамізэлька. Сказаў, што будуць рабіць вобшук кватэры. Яшчэ чалавекі чатыры стаялі ў калідорчыку. Я на гэтага амбала кажу: «Пакажы мне дакумент, калі ласка, чаго і на якой падставе (рабіць вобшук)» і працягнула да яго руку. А ён гаворыць: «Убрала руку!» і мяне як тузануў за руку, штурхнуў мяне ў грудзі, і я на гэтую тумбачку (упала), а ён бягом – і па лесвіцы.

З пальца ў Тамары Фёдараўны пабегла кроў. Адпачатку яна падумала, што ёй выдралі пазногаць. Яна і Аляксандр Вянгура, а таксама тыя, хто ўварваўся, пачалі ўзнімацца за гэтым першым чалавекам. З рукі бегла кроў, капала на прыступкі. Спадарыня Тамара сказала сыну, каб ён сфатаграфаваў, што адбываецца. Той узяў тэлефон малодшай 10-гадовай дачкі Каці, якая ў гэты час прачнулася ў адным з пакояў, і зрабіў некалькі здымкаў ды аддаў тэлефон дачцэ. Тады адзін з тых, хто ўварваўся, падскочыў па сходах і пабёг у бліжэйшы пакой.

– Дзверы былі прычыненыя, а ён дзверы адчыніў, убачыў, што там нехта ляжыць, і вось так вось на яе з пісталетам. Яна моцна спужалася. Потым адзін падскочыў і забраў у малой тэлефон. Яна пішчала, крычала, – узгадвае спадарыня Тамара.

Тамара Фёдараўна кажа, што ўжо некалькі тыдняў унучка Каця жыве ў яе, бо ў школу яе бацькі не выпраўлялі з-за небяспекі каронавірусу і бабуля дапамагае фермеру і ягонай жонцы глядзець дзіця. Ад тае ночы яна ўжо некалькі дзён водзіць Кацю лекаваць ад спуду.

Потым мужчыны, якія ўварваліся ў кватэру, пачалі ператрасаць шафы, зазіраць у розныя месцы. Тамара Фёдараўна спытала, што ж яны шукаюць. Ёй адказалі, што шукаюць злачынцу-крымінальніка, узброенага.

– Дык што, вы яго знайшлі? Ён што на крылах з балкону паляцеў?! – распавядае Тамара Фёдараўна.

Аляксандр у гэты час ахінуў Кацю і спрабаваў яе супакоіць.

– А гэтыя яму кажуць: «Пайшлі з намі па-добраму!», а Сашка кажа: «Я нікуды не пайду». Я тады пачала крычаць: «Ты яго нараджаў? Ты яго карміў? Ты яго выхоўваў? Ты яго адзяваў? Ты зараз знайшоў у мяне каго забраць? Нікуды ён не пойдзе!» Той зноў: «Пойдзем з намі!» Я кажу: «Калі ён зараз з вамі пойдзе, тут будзе ляжаць мой труп»

 Каля 4-й гадзіны раніцы Тамара Фёдараўна патэлефанавала ў міліцыю. Але міліцыя тады так і не прыехала. Праўда група мужчын у цывільным выйшлі на вуліцу, там крыху пастаялі і сыйшлі. Потым патэлефанавала жонка Аляксандра і паведаміла, што ў іх у хлеўчуку, дзе захоўваецца камбікорм і розныя прылады працы, знайшлі нейкую торбу. І тады Тамара Фёдараўна і Аляксандр пайшлі дамоў да Аляксандра ў іншай частцы вёскі.

Там адзін з тых, хто быў у яе ў кватэры сказаў спадарыне Тамары, што ў яе нешта з пальцам, і ён можа завезці яе ў лякарню. Тады ўжо было 9 гадзін раніцы. Адзін з тых, хто ажыццяўляў налёт, завёз Тамару ў прыёмнае аддзяленне лякарні. Там ёй зрабілі здымак рукі. Калі яна выйшла з лякарні, ёй патэлефанавалі і спыталі дзе яна. Яна ж збіралася ісці ў міліцыю пісаць заяву на тое, што ёй нанесеныя пашкоджанні. Але яе забралі ўжо міліцыянты ў форме ад лякарні і прывезлі дамоў. Там чакалі тры следчыя – маладая жанчына і два мужчыны. Яны прад’явілі пасведчанні і ордэр на ператрус. У якасці панятых былі старшыня сельсавета і сакратар.

– Я кажу: «У мяне там ноч штосьці шукалі, нічога не знайшлі. Шукайце ўжо вы!» І яны пайшлі. У адным пакоі, у другім, у трэцім, усё перагледзелі, ператрасалі бялізну ў шафах. Я сама смела адкрываю ўсё, дапамагаю ім.

Прыходзяць яны ў залу, тая дзяўчына зайшла на балкон, а тады вяртаецца: «О! А што гэта за такі рукзачок?» А гэты рукзачок культурна стаіць каля канапы. Я спачатку была падумала, што гэта рукзачок майго кватаранта – у мяне жыў кватарант, хлопец з Калінкавічаў з жонкай разведзены, працаваў у нас на комплексе, дапамагаў Сашу там па гаспадарцы ўпраўляцца, а тады як раз паехаў да дзяцей ці куды. То я думала, што то яго. Мо пакуль мяне вазілі, дык ён прыехаў ды паставіў.

Яны тут жа яго вытрасаюць, адтуль вытрасаюцца нагавіцы, шкарпэткі, майткі, майка і кашуля. Потым пашпарт, партманэ, у ім 53 рублі расійскія, карткі нейкія і ўсякія паперкі. Я кажу: «А хто там такі? Вы ж пашпарт вытрусілі, то пакажыце мне». Яны чытаюць мне: «Папоў Дзмітрый». Па-бацьку не памятаю. З Северадзвінска Архангельскай вобласці. Яны гэта ўсё сфатаграфавалі, апісалі, у скрыначку склалі, я распісалася, яны селі ды паехалі, – распавяла Тамара Фёдараўна.

На наступны дзень Тамара Фёдараўна, усё ж, напісала заяву наконт пашкоджанняў. Следчыя прыязджалі зноў да яе дамоў, узялі ўзоры крыві з падлогі і аналіз у Тамары Фёдараўны. Потым яе адправілі да судмедэксперта, каб той даў заключэнне аб цяжкасці траўмы.

– У мяне ж з лякарні была даведка, што ў мяне пералома няма. А там жанчына-эксперт кажа: «Я як жанчына, як чалавек раю вам пайсці ў паліклініку і зрабіць кантрольны здымак. Бо я бачу па вашых руках, што ў вас будзе пералом, ці ў лепшым выпадку цяжкі парыў звязак». У пятніцу было ўжо позна, дык я ў панядзелак паехала ў паліклініку і мне зрабілі здымак. І доктар кажа, што ў мяне падвоены пералом, дык наклалі гіпс, ­– кажа жанчына. 

Тамара Фёдараўна гаворыць, што ёй нават цяжка параўнаць з чымсьці тое, што адбывалася ў яе кватэры ўночы на 4 чэрвеня.

– Ці то трыццаць сёмы год, ці нейкія фашысты ў хату ўварваліся. Ці ж у іх саміх бацькоў няма? Дзяцей няма? Я не ўяўляю, як так можна! – абураецца спадарыня Тамара.   

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(65)