Скандалы

Злачынца, якога найбольш шукаюць у сьвеце, хаваецца ў Беларусі?

Ян Марсалек зьяўляецца сёньня адным з самых шуканых злачынцаў у сьвеце. Месяц таму кіраваная ім нямецкая кампанія Wirecard раптоўна абвалілася пасьля таго, як аўдытары зьвярнулі ўвагу на дзірку ў балянсе, амаль у 2 млрд эўра, пiша Радыё Свабода.

Неўзабаве высьветлілася, што Марсалек зьвязаны ня толькі зь фінансавымі махінацыямі, але і з расейскай прыватнай вайсковай кампаніі (ЧВК) Вагнэра ў Лібіі, і шчыльна кантактуе з расейскімі спэцслужбамі.

Выданьню The Insider супольна з Bellingcat, Der Spiegel і McClatchy удалося ня толькі выявіць месца яго знаходжаньня (Марсалек хаваецца ў Беларусі), але і знайсьці новыя пацьверджаньні ягоных сувязяў з ФСБ.

Зьнікненьне

Заснаваная ў 1999 годзе кампанія Wirecard была самым вядомым нямецкім тэхналягічным стартапам. Кампанія займалася плацёжным працэсінгам, факусуючыся на высокарызыкоўных кліентах, якіх пазьбягалі банкі і аплатныя сыстэмы: нелегальных казыно і порнасайтах.

А мяркуючы па той інфармацыі, якая зьяўляецца пра Яна Марсалека, менавіта гэтая кампанія магла займацца грашовымі пераводамі для фінансаваньня расейскіх ЧВК у Афрыцы, піша The Insider.

У 2019 годзе журналісты Financial Times выявілі неадпаведнасьці ў фінансавых паперах сынгапурскага аддзяленьня Wirecard, у тым ліку падробленыя кантракты. Пазьней журналісты паведамілі пра «бурбалку» у справаздачнасьці аб продажах і прыбытку падразьдзяленьняў Wirecard у Дубаі і Ірляндыі.

Расьсьледаваньне выявіла, што ў балянсе кампаніі бракавала каля 2 млрд эўра. Грошы, якія павінны былі захоўвацца на рахунках Wirecard ва Ўсходняй Азіі, зьніклі. Менавіта Ян Марсалек, 40-гадовы грамадзянін Аўстрыі, галоўны апэрацыйны дырэктар Wirecard ад 2010 году, адказваў за дзейнасьць кампаніі ў Азіі.

18 чэрвеня 2020 году топ-мэнэджмент Wirecard, уключаючы Яна Марсалека, быў звольнены. Гендырэктар кампаніі Маркус Браўн быў арыштаваны па абвінавачваньні ў фальсыфікацыі справаздачнасьці і маніпуляваньні рынкам. Марсалек жа сказаў сваім калегам, што зьбіраецца на Філіпіны, каб знайсьці зьніклыя мільярды і даказаць сваю невінаватасьць. Ад таго часу яго ніхто ня бачыў. Хоць браніраваньне авіябілетаў і іміграцыйныя запісы паказалі, што ён дабраўся да Манілы 23 чэрвеня і зьехаў у Кітай, расьсьледаваньне, праведзенае ўладамі Філіпінаў, паказала, што гэта быў няправільны сьлед, іміграцыйныя запісы ад ягонага імя былі падробленыя.

Ад таго часу яго шукалі ня толькі ўлады Нямеччыны і Аўстрыі за ягоныя фінансавыя махінацыі, але і спэцслужбы іншых краін, бо падазравалі яго ў сувязях з расейскай выведкай.

Сувязі з Крамлём

Выданьне The Insider піша, што ад 2015 году Марсалек рэалізоўваў свае праекты ў Лібіі, уключаючы інвэстыцыі ў Лібійскую цэмэнтавую кампанію, і актыўна ўзаемадзейнічаў з расейскімі дарадцамі і эўрапейскімі чыноўнікамі пры абмеркаваньні плянаў «гуманітарнага аднаўленьня ў Лібіі», што на справе было плянам па стварэньні прыватных вайсковых кампаніяў для абароны камэрцыйных інтарэсаў у краіне, якую разьдзірае вайна.

Дасьледнікі пералічваюць надзвычай частыя аднадзённыя паездкі Марсалека ў Расею – да 60 за год. Вельмі падобныя пастаянныя кароткачасовыя паездкі ў Расею ўжо сустракаліся дасьледнікам у іншым расьсьледаваньні, аб фінансаваньні Крамлём італьянскай партыі «Ліга Поўначы».

Тады яны выказалі здагадку, што такія пастаянныя аднадзённыя паездкі функцыянэраў гэтай партыі ў Маскву — з частым выкарыстаньнем бізнэс-джэтаў цяжка растлумачыць неяк інакш, акрамя як спосабам перавозіць буйныя сумы наяўнымі. Аднак у 2017 расейскія памежнікі раптам ня выпусьціла яго з краіны, хоць пазьней яму ўдалося гэта палагодзіць.

Злачынец з дыпляматычным пашпартам

Марсалек езьдзіў у Расею па 6 розных аўстрыйскіх пашпартах, а таксама карыстаўся нейкімі іншымі пасьведчаньнямі асобы, і ўсе яго паездкі па гэтых іншых дакумэнтах былі пазьней выдаленыя з базы дадзеных аб перасячэньні мяжы (гэта асобная база, адрозная ад міграцыйнага дасье).

Мяркуючы па міграцыйным дасье, ён прылятаў у Расею па загадкавым «дыпляматычным пашпарце, выдадзеным неграмадзяніну» з нумарам DA0000051. Ніводная эўрапейская дзяржава не выдае дыпляматычныя пашпарты людзям, якія маюць статус неграмадзяніна.

Як паведамляе Handelsblatt, у размове з былым калегам празь некалькі дзён пасьля свайго зьнікненьня Марсалек намякнуў, што зьяўляецца ганаровым консулам і выхваляўся наяўнасьцю «пашпартоў розных краінаў».

Аб’ект распрацоўкі ФСБ

Трэцяя база дадзеных, да якой атрымаў доступ Bellingcat, пацьвярджае асаблівую цікавасьць ФСБ да перасоўваньня Яна Марсалека. Фактычна з пачатку 2015 году ФСБ адсочвала і абʼядноўвала ў даступнай для пошуку базе дадзеных усе ягоныя міжнародныя паездкі.

У зону ўвагі ФСБ трапілі частыя рэйсы ў Сынгапур (адзін з азіяцкіх хабаў Wirecard), Стамбул (магчыма, як транзытны вузел) і Дубай — яшчэ адзін цэнтар дзелавых апэрацый Wirecard.

Матывацыя зацікаўленасьці ФСБ у Марсалеку ясная дасьледнікам не да канца. Адна з магчымых інтэрпрэтацый — у 2014 годзе ФСБ вырашыла, што ён можа быць цікавым абʼектам для вярбоўкі. Іншая магчымая інтэрпрэтацыя — увесь гэты час ад 2014 году Марсалек ужо супрацоўнічаў з расейскімі спэцслужбамі.

18 чэрвеня 2020 году Ян Марсалек даведаўся, што яго «часова адхілілі ад кіраўніцтва Wirecard і зьнік. У гутарцы з былым калегам, пра якую паведаміла Handelsblatt, яго спыталі, ці знаходзіцца ён у «палітычна стабільным асяродзьдзі». Марсалек засьмяяўся, сказаўшы: «Не хвалюйцеся, ва ўладзе тут адны і тыя ж людзі апошнія 25 гадоў».

Вельмі нешматлікія краіны ў сьвеце могуць пахваліцца такой ступеньню «стабільнасьці», нават Расея пакуль не трапляе ў іх лік. А вось Беларусь — трапляе (хоць у апошнія дні яна ўсё менш падобная на палітычна стабільную), піша The Insider. Аое высновы пра месца знаходжаньня Марсалека робяцца не на падставе фразы пра 25 гадоў.

У базе аб перасячэньні мяжы (якая для Расеі і Беларусі абʼяднаная) значыцца, што Ян Марсалек уехаў у Беларусь на прыватным самалёце ў ноч на 19 чэрвеня 2020 году. Згодна з памежнымі дадзенымі, ён не пакідаў краіну пасьля гэтага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(25)