Скандалы

Жыхары вёскі Азарычы ў шоку: «Добры быў бацюшка»

Там мясцовы праваслаўны сьвятар Георгій забіў сваю жонку. Радыё Свабода пабывала на месцы падзей.

2 кастрычніка жыхароў вёскі Азарычы шакавала навіна: мясцовы праваслаўны сьвятар Георгій забіў сваю жонку. Сьледчы камітэт паведаміў, што 47-гадовы мужчына затрыманы па падазрэньні ў злачынстве ў стане алькагольнага ап’яненьня. Цяпер ён у ізалятары.

— Ніколі б не падумала. Забойства? Толькі не пра іх! Не сварыліся, ня біліся, ніколі ня бачыла, каб ён быў п’яны! — расказвае суседка сьвятара.

Сьледчыя працавалі на месцы злачынства ўвесь дзень

Ад як мінімум дзесяці вяскоўцаў мы пачулі вэрсію, што ва ўсім вінаватая «сэкта», куды ўступіла, каб пахудзець, 42-гадовая жонка сьвятара Тацяна.

— Яна называецца «Жаночы рай». Там яны худзелі. Тацяна значна схуднела за апошнія шэсьць месяцаў. А раней яна мела лішнюю вагу, ну такая была вельмі пухлая, — кажа сусед Жэня.

Паводле суседа, сьвятар таксама ўдзельнічаў у праграме пахудзеньня і разам з жонкай езьдзіў на сэмінары. Па словах Жэні, і ўчора яны вярнуліся вечарам зь Менску з сэмінару «Жаночага раю».

— Але ні крыкаў, ні сваркі я ня чуў. Ніякіх гукаў. Толькі мой сабака, лайка Бакс, страшна выў ноччу, я выходзіў яго супакоіць, ён і рана раніцай выў. Кажуць, што сабакі нешта адчуваюць, — выказаўся Жэня.

Па яго словах, учора Тацяна з мужам удзельнічала ў «сходцы» ў Менску, была ў рэстаране і выкладвала фота і відэа пра тое, як там было весела. Сапраўды, такія фота і відэа ёсьць на яе старонках у сацыяльных сетках.

Там сябе Тацяна прадстаўляла як «дыетоляга, трэнэра па харчаваньні», які вучыць людзей быць здаровымі і прыгожымі.

Царква, у якой служыў сьвятар

Два вяскоўцы выказалі меркаваньне, што сьвятар меў рэўнасьць да жонкі — яна часта бывала на «сходках», папрыгажэла, шмат часу праводзіла ў інтэрнэце.

Суседка Сьвятлана добра ведала сям’ю, рашуча абвяргае вэрсію і пра п’янства сьвятара, і пра рэўнасьць:

— Такога не было, каб ён раўнаваў. Мы зь ёй нядаўна размаўлялі, і яна казала, што муж яе не раўнуе. Дый яны былі заўсёды разам, заўсёды — на агарод хадзілі, рамонт хаты рабілі.

Новая царква, якая будуецца ў Азарычах

У 19.30 у двары дома сьвятара яшчэ праходзяць сьледчыя дзеяньні. Прадстаўнікі Сьледчага камітэту адмаўляюцца даваць камэнтары. У сям’і сьвятара — двое дзяцей, яны ўжо дарослыя. Па адной з вэрсій, сьвятар ноччу 2 кастрычніка забіў жонку, патэлефанаваў дзецям, якія жывуць у Менску і Астраўцы, і паведаміў пра гэта. Сын цяпер на месцы забойства, каля дома бацькоў. На ім няма твару.

Суседзі ўсе, як адзін, хваляць сьвятара і яго жонку.

— Я нічога благога пра яго не скажу. Добры быў бацюшка. І пропаведзі добрыя былі. І службы ён вёў так, як паложана, — кажа адна з пэнсіянэрак.

— Добразычлівыя, ветлівыя... Ён будаваў новую царкву, бо старая была ў будынку крамы. Нічога благога ня можам сказаць пра іх. Мы проста ў шоку. Каб такое здарылася... — кажуць вяскоўцы.

Аўтамабіль сьвятара знайшлі пашкоджаным за 20 кілямэтраў ад вёскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(2)