Политика
Галіна Абакунчык, ”Радыё Свабода”

Жыхары трох менскіх дамоў адмаўляюцца галасаваць

Жыхары трох шматпавярховікаў на вуліцы Бельскага ў Менску пратэстуюць супраць таго, што мясцовыя ўлады не вырашаюць праблему ўпарадкаваньня дваровай тэрыторыі. З адпаведнай заявай пратэстоўцы зьвярнуліся ў місію АБСЭ ў Беларусі, Цэнтарвыбаркам, а таксама прэзыдэнцкую адміністрацыю. Ці выніковыя пратэсты выбарцаў, высьвятляла Галіна Абакунчык.

Супрацьстаяньне жыхароў дамоў № 14, 16 і 18 па вуліцы Бельскага зь мясцовымі ўладамі трывае працяглы тэрмін. І адмова ісьці на галасаваньне сталася апошнім спадзяваньнем на вырашэньне праблемы, кажа адзін з заяўнікаў Зьміцер Вусаў:

“Я жыву па адрасе Бельскага,14. Гэта такі вялізны дом. Пасярод дому ў нас уязная арка. І праз гэтую арку пусьцілі аўтатрасу. Газуюць аўтамабілі, дзецям няма дзе гуляць. Мы зьвярталіся ў адміністрацыю гораду, у адміністрацыю прэзыдэнта, да прэзыдэнта, у пракуратуру – выніку няма. Таму нашыя тры дамы, мы напісалі ў місію АБСЭ, у Цэнтарвыбаркам, а таксама адміністрацыю прэзыдэнта, што мы на выбары не ідзём”.

Ці паступаюць у Цэнтральную выбарчую камісію падобныя ж заявы выбарцаў і як на іх рэагуе Цэнтарвыбаркам, цікаўлюся ў сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка:

“Падчас выбараў у ЦВК паступае шмат скаргаў, якія ня маюць непасрэднага дачыненьня да выбарчай кампаніі. Гэта праблемы сацыяльнага, камунальнага характару. Натуральна, што Цэнтрвыбаркам не займаецца разглядам такіх скаргаў і пераадрасоўвае іх тым, хто і павінны вырашаць гэтыя пытаньні”.

Кіраўнік управы гарадзкой гаспадаркі Фрунзенскага раёну Ўладзімер Сягай паведаміў: аўтатраса на вуліцы Бельскага пракладзеная ў адпаведнасьці з праектам:

“Будзе нарада ў гэтым пытаньні ў кіраўніка адміністрацыі. Ёсьць там пытаньні, якія тычацца маёй часткі працы, ёсьць, што тычацца аддзелу будаўніцтва й іншых службаў раёну”.

На адмову ўдзельнічаць у выбарах, як на крайнюю меру пратэсту і ўплыву на мясцовых чыноўнікаў, спадзяюцца ня толькі менчукі. Вось што паведаміла на Радыё Свабода нашая слухачка Антаніна Міхайлаўна зь вёскі Кібуці Валожынскага раёну:

“У нас цячэ вада, прарвала трубу ўжо з паўгода. Я зьвярнулася да старшыні сельсавету, кажу: “Ня зробіце – ня пойдзем на выбары”. Ён на мяне паглядзеў з такой яхіднасьцю і кажа: “Не ідзіце, ніхто вас ня просіць”. А я яму: “Пэўна ж намалюеце тое, што вам зьверху загадаюць”. Ён мне адказвае: “Бо мне трэба працаваць і атрымліваць заробак, і дзяцей карміць”. Вось які прагрэс і празрыстасьць выбараў!”

Праваабаронца і юрыст Сяргей Альфер кажа, што ў адрозьненьне ад савецкага рэжыму, цяперашняя ўлада ў Беларусі на адмовы ўдзельнічаць у выбарах не рэагуе:

“У савецкі час адмовіўся галасаваць, бо не атрымліваў кватэру. На наступны дзень да мяне прыйшлі і сказалі, каб ішоў і атрымоўваў гэтую кватэру. Зараз праблем так шмат, што на гэта ўжо не зьвяртаюць істотнай увагі.

А правальны вынік яўкі выбарцаў – ён вельмі істотна рэгулюецца. Напішуць той вынік, які быў зараньне заплянаваны, незалежна ад таго, пайшлі гэтыя людзі галасаваць альбо не пайшлі”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)