Общество

Жыхары Асмалоўкі ператварылі грамадскія слуханні ў мітынг

У панядзелак, 26 чэрвеня, пачалося грамадскае абмеркаванне праекта забудовы Асмалоўкі, піша «Наша Ніва».

Відэа «Радыё Свабода»

Напачатку прадстаўнікі ўладаў заявілі, што слуханні праходзяць з парушэннямі: людзі не давалі пачаць прэзентацыю праекта, абураліся будаўніцтвам.

Прадстаўнік Мінгарвыканкама ўрэшце пачаў прэзентацыю праекта. Патлумачыў, якія будынкі плануюць узвесці ў квартале на месцы цяперашніх двухпавярховікаў.

«Праект яшчэ не прыняты. Яго могуць падтрымаць і адхіліць. Але зразумейце правільна. Вось зараз тут усе сядзяць, абмяркоўваюць, а потым нехта з тых, хто ў зале, скажа, што хоча тут жыць, толькі ў новым доме», — сказаў Бузоўскі.

«Ага, у Каменнай Горцы», — заўважыў слухач у зале.

«Нам трэба дакладна ведаць!» — сказалі іншыя.

«Знайдзіце тых, хто можа адстойваць вашы інтарэсы ў прававым полі, а не крыкам», — дадаў Ігар Бузоўскі.

Напрыканцы прэзентацыі ён сказаў: «Вам сёння давялі інфармацыю, якую вы павінны былі ведаць. Вы можаце планамерна працаваць з гэтай інфармацыяй».

Антон Матолька папрасіў мікрафон: «Створаныя дзве петыцыі: за знос і супраць зносу. За знос сабрана 27 подпісаў. Супраць — больш за 6 000 подпісаў. Як вы гэта пракаментуеце?»

«Каментаваць мы нічога не будзем, гэта не абмеркаванне», — адказаў кіраўнік Цэнтральнага раёна Мінска.

Затым Ігар Бузоўскі аб'явіў, што афіцыйная частка абмеркавання завершаная.

«Зразумела, нічога не далі сказаць і нічога не далі запытацца», — пракаментавала жыхарка Асмалоўкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)