Жыхароў Горак папрасілі «скінуцца» на Дажынкі

«Прашу, каб з майго заробку вылічвалася 3% на рамонтныя працы».

Працаўнікі школаў і садкоў змушаныя пералічваць адсоткі ад свайго заробку на рамонт будынкаў.

Падрыхтоўка гораду да «Дажынак-2012» ужо пачалася. Паводле зацверджанага Саветам Міністраў плану, тут маюць з’явіцца Лядовы палац, амфітэатр, бібліятэка, новы інтэрнат сельскагаспадарчай акадэміі.

Аднак апроч узвядзення новых аб’ектаў па ўсім горадзе запланаваны рамонт старых будынкаў, у тым ліку аўтавакзалу, жылых дамоў, дзіцячых садкоў і школаў. Напярэдадні працаўнікам сферы адукацыі сказалі, што яны таксама павінны паўдзельнічаць у рамонце. «Нас выклікаў дырэктар. Патлумачыў, што ў горадзе чакаецца буйное будаўніцтва, але цяпер крызіс, таму жыхары Горак таксама павінны паўдзельнічаць ў добраўпарадкаванні, — паведаміла настаўніца гарадской школы. — Нам сказалі, каб мы напісалі заяву: «Прашу, каб з майго заробку вылічвалася 3% на рамонтныя працы».

Са словаў жанчыны, сума гэта невялікая, але педагогаў абурыў падыход да вырашэння праблемы.

«Раней мы павінны былі выбіваць грошы з бацькоў вучняў, цяпер яшчэ самыя будзем пералічваць сродкі! Прытым, што заробак настаўніка ў нашай школе 1,2 млн. руб.», — дадала настаўніца. Суразмоўца адзначае, што гараджане ўсё больш скептычна настроеныя да правядзення свята. «Людзі ходзяць у крамы, бачаць, як усё даражэе. Нашто нам тое свята? Хай бы лепш заробкі павысілі!» — абураецца настаўніца.

Юрыстка Святлана Шлома патлумачыла, што патрабаванне адміністрацыі школы — незаконнае. «Па сваёй волі настаўнікі, несумненна, могуць пераводзіць грошы на рамонт школы, але калі іх прымушаюць, трэба складаць калектыўны зварот у вышэйшыя арганізацыі — аддзел адукацыі — і высвятляць сітуацыю», — падкрэслівае экспертка.

У аддзеле адукацыі Горацкага райвыканкама не каментуюць сітуацыі. Чыноўнікі адмаўляюць праблему і кажуць, што ніякага загаду дырэктарам школаў і загадчыкам садкоў не давалі.

Колькі будуць каштаваць «Дажынкі» бюджэту, а цяпер і жыхарам райцэнтру, пакуль не вырашылі. Вядома, што апошнія «Дажынкі», якія праходзілі ў Маладзечне, каштавалі бюджэту 700 млрд руб.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)