Скандалы

Жыхара Гомля з анкалёгіяй пакаралі годам турмы за абразу Лукашэнкі

Суд Хойніцкага раёну 16 сьнежня прысудзіў 1 год у калёніі агульнага рэжыму інваліду 2-й групы ў сувязі з анкалягічным захворваньнем Аляксею Раманаву за «абразу прэзыдэнта» (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу), піша Радыё Свабода.

Аляксей Раманаў, архіўнае фота

Вёў працэс судзьдзя Андрэй Кардаш.

Прысуд яшчэ не набыў сілу і можа быць абскарджаны. Аляксея Раманава ўзялі пад варту ў залі суду.

Ён актыўна ўдзельнічаў у агітацыйных пікетах штабу Сьвятланы Ціханоўскай як валянтэр. На пікеце ў Хойніках 28 ліпеня мужчына нэгатыўна выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку. Супраць Раманава распачалі крымінальную справу.

У крымінальнай справе зазначана, што Аляксей Раманаў, «маючы намер публічна абразіць прэзыдэнта, наўмысна прамовіў словы і фразы ў непрыстойнай форме, якія, згодна з экспэртызай, зьмяшчаюць нэгатыўную ацэнку прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі».

Аляксей прызнаў сябе вінаватым у тым, што абразіў чалавека Лукашэнку, але не прэзыдэнта.

— Прэзыдэнта я не абражаў. Бо я не лічу Лукашэнку прэзыдэнтам, ён нелегітымны, — патлумачыў Свабодзе актывіст.

Паседжаньне на патрабаваньне пракурора Андрэя Судома праходзіла ў закрытым рэжыме. Пракурор запатрабаваў пакараць Аляксея калёніяй на адзін год. Адвакатка Рагнеда Тагай выказалася, што яе падабароннага варта пакараць штрафам.

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(16)