Жыхар Бярозаўскага раёна атрымаў год папраўчых работ за абліты фарбаю бюст Леніна
Да году папраўчых работ і адлічэнне 15 адсоткаў з заробку за абліты фарбаю бюст Леніна ў мястэчку Малеч Бярозаўскага раёна засуджаны жыхар Малечы Віталь Шылінец.
Дзяржаўны абвінаваўца Якубец запатрабавала пакараць Шылінца па крымінальным артыкуле двума гадамі папраўчых работ з адлічэннем 25% з заробку. Па выраку суддзі Бярозаўскага суда Наталлі Вакульчык, Шылінец пакараны годам папраўчых работ з адлічэннем 15% з заробку.
Віны сваёй па крымінальным артыкуле абвінавачаны не прызнаў. Ён лічыць, што помнікі злачынцу Леніну не павінны стаяць на беларускіх плошчах.
Кажа Віталь Шылінец:
– Ленін разагнаў заканаўчы канстытуцыйны орган – Устаноўчы сход. Бальшавікі расстралялі мірную дэманстрацыю, якая была нязгодная з гэтым разгонам, што прывяло да грамадзянскай вайны і да мільёнаў-мільёнаў ахвяраў… Не было такога чалавека, хто б сказаў, што я зрабіў нешта не так. Многія выказвалі салідарнасць са мной.
Па словах намесніка дырэктара па гаспадарчай частцы аграфірмы «Малеч» Віталя Дзюка, бюст не стаіць нідзе на балансе, паставілі дзесьці ў 80-м годзе. Да гэтага бюст ніхто не чапаў. Таму малечукі былі абураны ўчынкам Шылінца.
Але ніякага асуджэння не было, пагаварылі і ўсё, сказаў адзін з жыхароў Малеча:
– Гэта вёска – тут усё абмяркоўваюць. Не тое што помнік Леніну абліць, можна было і дзверы абліць, і таксама абмяркоўвалі б, бо гэта ж вёска. Паводле Віталя Шылінца, ён намераны абскардзіць прысуд Бярозаўскага суда.
Читайте еще
Избранное