В мире
Генадзь БУРАЎКIН

Жывы курылка!

Пасля цiхага сканання сумнавядомай агрэсіўнай праграмы “Рэзананс” сівагаловыя ветэраны зацятай прапагандысцкай вайны ніяк не маглі знайсці на тэлеэкранах знаёмы малады твар з пранізлівымі злоснымі вачамі і акуратнымі вусікамі над пульхнымі вуснамі.

Ім так не хапала здзеклівага гаваркога каментатара, каб радасна адчуць сябе ў выдатнай байцоўскай форме і пераканацца, што ў прытомленыя гадамі і выпрабаваннямі рукі нявымерлыя бальшавікі яшчэ ўкладуць дрэўкі старых сцягоў і транспаранты з прывычнымі заклікамі да барацьбы з далёкімі і блізкімі ворагамі!..
Яркая і спакуслівая зорка Аляксандра Зімоўскага закацілася за адміністрацыйны небасхіл і пачынала патрошку забывацца ў бясконцай чарадзе будзёншчыны і новых палітычных узрушэнняў. З экранаў не сыходзілі ўжо іншыя старанныя трубадуры, якiя вызначалі ўзровень і эмацыйны напал так званай праўладнай аналітыкі. А незабыўны белагрывы Зімоўскі абжываў крэсла шэфа сталічнага тэлебачання і, як сцвярджалі зласліўцы, дэмакратызаваўся ў час вячэрніх сядзенняў з найбольш адданымі падначаленымі. Для тэлевізійнага “выхаду ў людзі” ён абраў сабе непублічныя спосабы: “закадравы голас”, суаўтарства і мудрагелістыя псеўданімы, адзін з якіх “Аляксандр Вьюгін”, відаць, прысвяціў свайму галоўнаму настаўніку і натхняльніку Уладзіміру Замяталіну, чые традыцыі і дасюль вольна пачуваюць сябе ў самых высокіх кабінетах на мінскай вуліцы Карла Маркса.
Праўда, былыя армейскія палітрукі і ахрыплыя ідэалагічныя “гарлапаны-завадатары” дарэмна скрушліва ўздыхалі, уключаючы свае тэлевізары. Як прызнаўся неяк сам Аляксандр Леанідавіч аднаму незалежнаму карэспандэнту, ён “ніколі не спыняў займацца практычнай журналістыкай”. З нехаванай гордасцю ён засведчыў: “Усе выходзіўшыя фільмы, звязаныя з контрпрапагандай, ствараліся не без майго ўдзелу”. Проста ён, так бы мовіць, стаў свое-асаблівым салдатам нябачнага фронту (зноў жа, відаць, з улікам багатага замяталінскага вопыту). І фільмы тыя былі з адпаведным зместам і назвамі — напрыклад, “Дарога ў нікуды” (каму ж лепей ведаць, куды вядзе гэтая небяспечная дарога?)...
Затойванне ў часовай прапагандысцкай канспірацыі было для Зімоўскага дастаткова паспяховым: ён стаў сенатарам, членам Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу. Прытым туды ніхто яго не выбіраў, пасадзіў яго ў “верхнюю палатку” сам кіраўнік краіны, які, трэба думаць, добра ведае і здольнасці, і слабасці вернага “рэзанатара”. Так ці інакш, а “практычны журналіст” зноў з’явіўся на тэлеэкранах, яшчэ больш упэўнены ў сваіх пазіцыях і яшчэ больш іранічны ў аналі-тычных адкрыццях.
Сваю новую праграму ён назваў гранічна ясна — “Жорсткая размова”. Каб ніхто раптам не засумняваўся, ці не стаў ён абачлівым згоднікам — аб’ектывістам ці, не дай Бог, нейкім лібералам накшталт Познера ці Сванідзе. Ідэалагічны бос не збіраўся цырымоніцца са сваімі апанентамі і спакойнага жыцця ім не абяцаў. Праўда, у першых выпусках ён выглядаў даволі рэспектабельна і ўзважана. У канцы кастрычніка нават дазволіў сабе ўсумніцца ў тым, а ці ёсць такая нацыя — беларусы: маўляў, краіна ёсць, сцяг ёсць, сталіца ёсць, правадыр ёсць, а з наяўнасцю нацыі трэба разбірацца. Даволі паблажліва дазволіў выступаць незалежнаму палітолагу. І прызнаў нявырашаныя праблемы, якія непакояць грамадства...
Даўнія бескампрамісныя прыхільнікі Зімоўскага, напэўна, пачалі ўжо здзіўлена пераглядвацца: ці не памяняўся палітычны вецер, ці не перагледзеў свае перакананні іхні любімы “тэлесалавей”? Але страхі былі нядоўгія — апошнім часам Аляксандр Леанідавіч абверг наіў-ныя старэчыя апасенні і адназначна пацвердзіў, што белы свой пірог ён есць недарэмна і зубы ягоныя на перамолванні костачак апазіцыянераў не затупіліся. Калі не на сваіх, дык на суседскіх “ворагах” ён адвёў сваю кіпучую душу напоўніцу. Каб пачуў яго, напрыклад, новы ўкраінскі прэм’ер-міністр, дык наўрад ці захацеў бы яшчэ раз дзяліцца ўражаннямі пра наведванне Мінска... Ну, але, я так думаю, гэта толькі, так бы мовіць, артпадрыхтоўка перад генеральным сакрушальным наступам.
“Жорсткай размове”, як можна меркаваць па месцы ў вяшчальнай сетцы, адво-дзіцца не абы якая роля. Яна не толькі паўтараецца ў праграме Сталічнага тэлебачання (тут дзіўнага нічога няма — “свая рука ўладыка”), а нават уціскваецца па незразумелых прафесійных законах у афіцыйны канал братняй дзяржавы “Расія”, як было гэта ў святочны для беларусаў “чырвоны паня-дзелак”, калі адзначалася чарговая гадавіна кастрычніцкай рэвалюцыi. Гэта ўжо нейкі таемны знак — прысутнасць у галоўным “тэлеменю” расі-ян добра праперчанага “тутэйшага” палітычнага прадукта (хоць, як я здагадваюся, на неабсяжную тэрыторыю РФ Зімоўскі наўрад ці быў дапушчаны, абмежаваўся ён, хутчэй за ўсё, нашымі палескімі ды прыдзвінскімі прасторамі). Але факт сам па сабе — невыпадковы...
Так што можна смела віншаваць наш заспаны грамадскі бамонд з вяртаннем да актыўнага публічнага жыцця аднаго з самых адыёзных і скандальных тэлепубліцыстаў. І не варта сур’ёзна звяртаць увагу на ягоныя какетлівыя заявы: “...Я ніколі не займаўся палітыкай. Я не палітык, крый Божа!..”
Ах, мілы Аляксандр Леанідавіч, схадзіце ў царкву на споведзь. І калі не пакайцеся, дык хоць папрасіце літасці і даравання грахоў. Бо чым жа вы займаліся, шчыруючы ў “Рэзанансе”? Што вы рабілі, мосцячы замшэлымі камянямі “Дарогу ў нікуды”? Як вы называеце свае заліхвацкія пасажы ў “Жорсткай размове”?.. Палітыка гэта, шаноўны тэлеаналітык, палітыка. Пэўнага накірунку, пэўнага кшталту, пэўнага ўзроўню. І “прачнуліся” вы невыпадкова, а па палітычным пакліканні — напярэдадні вельмі важнай, можна сказаць, лёсавызначальнай выбарчай кампаніі. Пакуль што вы толькі “разаграецеся” перад галоўнымі бітвамі. Асноўны запас вашай невычэрпнай яхіднасці i злараднасці мы яшчэ ўбачым і пачуем. Мы ж вас добра ведаем...
Жывы курылка!..

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)