Журналістаў Сяргея Краўчука і Вольгу Чайчыц аштрафавалі на 5,4 млн. рублёў кожнага

1 чэрвеня судзя суда Дзяржынскага раёна Іна Шайко пастанавіла аштрафаваць журналістаў Вольгу Чайчыц і Сяргея Краўчука на 30 базавых велічыняў кожнага (па 5 млн 400 тыс. рублёў).

На суд у Дзяржынск прыехалі каля 20 журналістаў, у тым ліку старшыня ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец, намеснік старшыні Міхась Янчук і прэс-сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі.

Справы разглядалі адну за адной, з невялікім перапынкам.

Усіх ахвотных упусцілі ў памяшканне, але суддзя забараніла весці ў зале суда фота- і відэаздымкі і адхіліла хадайніцтва Вольгі Чайчыц пра вядзенне працэсу па-беларуску.

Вольга Чайчыц перад пачаткам суда. Фота Барыс Гарэцкі

Абодвух абвінавацілі ў парушэнні арт. 22.9 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). Падставай для складання пратаколаў стаў сюжэт з Фаніпалю (Дзяржынскі раён Мінскай вобл.) пра нядопуск здымачнай групы на грамадскае абмеркаванне генеральнага плану забудовы горада. Фаніпальская міліцыя раздрукавала тэкст і выявы сюжэта з сайта “Белсат” і звінаваціла журналістаў у працы без акрэдытацыі на замежны СМІ.

Вольга Чайчыц заявіла ў судзе, што толькі збірала інфармацыю, але не размяшчала яе на сайце "Белсата", бо не з'яўляецца супрацоўніцай ні гэтага, ні якога-кольвек іншага СМІ. Таму абвінавачваць яе ў “вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ” недарэчна. Адзін з фігурантаў згаданага сюжэту Уладзімір Высоцкі расказаў у судзе, што ў дзень правядзення здымкаў размаўляў са многімі журналістамі і не памятае, ці паказвала яму Вольга Чайчыц якія-кольвек дакументы. Адвакатка Чайчыц Кацярына Пятровіч настойвала на невінаватасці падабароннай з-за адсутнасці доказаў таго, што яна працуе як журналіст замежнага СМІ без акрэдытацыі.

Слуханні справы Сяргея Краўчука адбываліся аналагічным чынам.