Скандалы

Жонка Зянковіча: «Што рабілі беларускія спэцслужбы ў суседняй краіне і якое яны мелі права затрымліваць там грамадзяніна ЗША?»

Да затрыманага беларускімі спэцслужбамі ў Маскве юрыста Юрася Зянковіча, які цяпер у СІЗА КДБ у Менску, пусьцілі адваката. Пра дэталі Радыё Свабода расказала жонка арыштанта Алена Дзянісавец.

Беларускага і амэрыканскага грамадзяніна затрымалі 11 красавіка ў маскоўскім гатэлі невядомыя людзі. Супрацоўнікам гатэля яны сказалі, што Зянковіч падазраецца ў тэрарызьме.

Алена Дзянісавец жыве ў ЗША. У сераду яна размаўляла зь дзяржаўным абаронцам яе мужа.

«Адвакат кажа, што Юрась паголены, ружовенькі, сьвежы. Але я яму ня веру»

— Адвакат пацьвердзіў, што Юрася затрымалі ў Маскве. Я спытала: а хто яго затрымліваў? Ён адказаў, што беларускія спэцслужбы. Калі я перапытала, ці не расейскія, ён сказаў, што не, беларускія. Тады я паспрабавала дазнацца, што рабілі беларускія спэцслужбы ў суседняй краіне і якое яны мелі права затрымліваць там грамадзяніна ЗША. Адвакат адказаў: — «Вы ж разумееце».

Жонцы Зянковіч перадаў праз адваката, каб яна адключыла яго дэвайсы. Падчас арышту пры ім быў лаптоп і два мабільныя тэлефоны. Усё гэта забралі. Паводле адваката, статус Зянковіча на дадзены момант — падазраваны. Але канкрэтнага артыкула адвакат не назваў.

— Сказаў, што дэталяў паведаміць ня можа. Але ў Маскве, калі яго затрымлівалі, то сказалі супрацоўнікам, што ён падазраецца ў тэрарызьме. Два чалавекі яго скруцілі, а яшчэ дзьве асобы прыйшлі і сказалі, што мы забіраем яго рэчы. Паводле адваката, выглядае Юрась выдатна. Кажа, паголены, ружовенькі, сьвежы. Калі так кажуць, то чалавек хлусіць, я так лічу. У Юрася няма там ніякіх рэчаў, яму трэба штодня прымаць лекі ад ціску. Ня ведаю, хто можа яму там памагчы. Сваякоў нават баюся прасіць, а то яшчэ і іх арыштуюць.

Паводле Дзянісавец, яна мае намер адмовіцца ад дзяржаўнага адваката і наняць для мужа новага абаронцу.

«Я ведаю, што яны знаёмыя зь Фядутам»

Ці мог арышт Зянковіча быць зьвязаны з арыштамі палітоляга Аляксандра Фядуты і старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва? Паводле жонкі, мэтай візыту Юрася ў Эўропу, а ён меўся пабываць, акрамя Масквы, яшчэ і ў Варшаве, былі пытаньні бізнэсу. Але падчас бізнэс-паездак, па яе словах, ён часта сустракаўся са знаёмымі.

— Я ведаю, што яны знаёмыя зь Фядутам. Юрась даўно ў БНФ, які ўзначальвае Кастусёў, ён з партыі не выходзіў, ён жа і палітык. Але я ня ведаю, ці меўся ён зь імі сустракацца.

«У сацсетках Юрась пісаў свае меркаваньні, бо ў ЗША можна казаць усё, што хочаш»

Апошнія два месяцы на старонцы Юрася Зянковіча ў Фэйсбуку было некалькі палітычных допісаў. Ён, напрыклад, заклікаў далучацца да народных дружынаў, публікаваў адрасы чат-ботаў, празь якія туды можна ўступіць. Вельмі радыкальна выказваўся пра прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі.

— У сацыяльных сетках ён пісаў свае меркаваньні. Юрась жыве ў ЗША, гэта свабодная краіна, тут можна казаць усё, што хочаш. І пра дружыны ён пісаў чыста тэарэтычна. Яму хтосьці скінуў такую прапанову, маўляў, калі вы палітык, то вось, калі ласка, давайце запусьцім такое. І ён гэта апублікаваў. Але не было такога, што гэта менавіта ён кіруе нейкім пераваротам, — кажа жонка Юрася Зянковіча.

Яна нагадала, што ў іх ёсьць свой ютуб-канал, на якім яе муж вёў некалькі перадачаў, запрашаў розных экспэртаў, і яны там абмяркоўвалі розныя сцэнары разьвіцьця падзеяў у Беларусі.

— Там і пра дружыны, як нейкі тэарэтычны варыянт. Але сам Юрась іх не ствараў, — кажа Дзянісавец.

«Амэрыканскі дыплямат будзе спрабаваць сустрэцца зь Юрасём»

Адкуль КДБ мог ведаць пра паездку яе мужа ў Маскву, яна ня ведае.

— Ён разумеў небясьпеку, але казаў — гэта Масква, іншая краіна, страшнага нічога ня здарыцца. А ў выніку яго сілай, нелегальна, даставілі ў Беларусь. Нідзе ж гэта не зафіксавана. Гэта скандал, што ў іншай краіне выкралі амэрыканскага грамадзяніна. Са мною ўжо кантактавалі з амбасады ЗША ў Менску. Дыплямат будзе спрабаваць зь ім сустрэцца, — расказала Свабодзе жонка Юрася Зянковіча Алена Дзянісавец.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(10)