Жонка затрыманага прапаршчыка: «Якога-небудзь палкоўніка не пасадзяць. Усе хочуць выйсьці чысьценькімі»

Родныя Артура Вірбала перакананыя, што яго хочуць зрабіць адзіным вінаватым.

Артур Вірбал, фота з сацыяльных сетак

Прапаршчыка Артура Вірбала затрымалі 14 кастрычніка. Родныя пакуль ня ведаюць, ці прад’яўленыя яму абвінавачваньні і ў чым яго падазраюць. «Мы нічога ня ведаем. Толькі тое, што яго затрымлівалі на 72 гадзіны. Цяпер мой муж знаходзіцца ў СІЗА ў Менску», — расказвае Настасься Вірбал. Яна перакананая, што яе мужа і двух затрыманых сяржантаў хочуць зрабіць у справе Коржыча крайнімі.

«Вы самі разумееце, якога-небудзь палкоўніка не пасадзяць. Яны ўсе хочуць выйсьці (з гэтай гісторыі. — РС) чысьценькімі. Я ведаю свайго мужа, я жыла зь ім. Ён пра сваіх салдат гаварыў, што гэта ягоныя дзеці. Што ён за іх гарой стаяў, абараняў заўсёды», — кажа Настасься. Яна гаворыць, што настроеная рашуча. «Артур ня мог зрабіць таго, у чым яго цяпер абвінавачваюць. Калі спатрэбіцца, я ўсім дакажу, што ён невінаваты», — кажа яна.

Родныя Артура Вірбала зьбіраюцца наймаць яму адваката. Таксама Настасься хоча заблякаваць старонку мужа «ВКонтакте». «Людзі ўбілі сабе ў галаву, што мой муж і затрыманыя сяржанты ва ўсім вінаватыя, пішуць цяпер, абвінавачваюць яго. Я зьвярнулася ў тэхпадтрымку сацыяльнай сеткі, хачу заблякаваць старонку мужа. Альбо хаця б каб далі мне паролі, каб я магла кантраляваць старонку. Гэты бруд вельмі непрыемна чытаць», — гаворыць Настасься.

Яна дадае, што муж дома аб працы не размаўляў. На ўсе пытаньні адказваў, што ўсё добра, падрабязнасьцяў не раскрываў.

«Калі шчыра, я нічога ня ведаю пра знойдзеную ў мужа плястыкавую картку Коржыча. Разумееце, я яго жонка, я буду абараняць Артура ад усяго, што цяпер пішуць у інтэрнэце. Ён не такі. Артур іншы», — гаворыць Настасься.

Государственная газета называла задержанного прапорщика из Печей «отцом» для солдат

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)