Политика
Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

Жонка Статкевіча: Супраць Міколы зноў робяць правакацыі

«Цікава і тое, што гэта было ў нядзелю. Прычым двойчы цягам дня».

Марына Адамовіч, жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, паведаміла, што паводле яе зьвестак супроць мужа ў магілёўскай турме зноў пачаліся правакацыі.

«Цікава і тое, што гэта было ў нядзелю. Прычым двойчы цягам дня. Адбывалася гэта падчас дзяжурства намесьніка кіраўніка ўстановы па палітычнай працы. На дадзены момант мне невядомыя падрабязнасьці. Таму ня буду казаць, менавіта якія правакацыі, але ведаю дакладна, што яны не ўдаліся.

А другая навіна — прыемная. Мікалай перадаў эсэй, прысьвечаны нацыянальнай ідэі. У блізкім часе ён будзе разьмешчаны на сайце Мікалая Статкевіча».

З апошняга ліста палітвязьня вынікае, што Мікалай Статкевіч пачуваецца добра. «Вясна прыйшла нават ў турму», — перадае Марына Адамовіч словы мужа.

Марыну Адамовіч па-ранейшаму турбуе тое, што ў рацыёне вязьняў магілёўскай турмы вельмі мала гародніны. Ці штось зьмянілася пасьля скаргаў? Марына Адамовіч спасылаецца на зьвесткі ад Мікалая Статкевіча:

«Першы раз за ўвесь час, што ён сядзіць ў турме, квашаную капусту выдалі ў верасьні мінулага году. А зараз ён напісаў гэтак: што два разы на тыдзень бывае „вараная былая кіслая капуста“».

Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за арганізацыю беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году. Былы кандыдат на прэзыдэнта сваёй віны не прызнаў і зьвязвае асуджэньне з помстай за крытыку на адрас Аляксандра Лукашэнкі падчас прэзыдэнцкай кампаніі. З калёніі ўжо больш як год таму Статкевіча перавялі ў магілёўскую турму як злоснага парушальніка рэжыму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)