Общество
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»

Жонка «Джона Сільвера»: Эдуард рабіў важную і патрэбную справу

Ад студзеня ў зняволенні знаходзіцца аўтар патрыятычнага сайта 1863x.com Эдуард Пальчыс, больш вядомы сярод інтэрнэт-карыстальнікаў як «Джон Сільвер». Эдуарда затрымалі ў Расіі, але ад чэрвеня яго перавялі ў Беларусь, дзе яго чакае судовы прцэс.

Вікторыя Пальчыс, жонка Эдуарда Пальчыса, упершыню пагутарыла з журналістамі пра справу мужа.

Вікторыя Пальчыс: Я разумею, што журналістам цікавыя канкрэтныя факты яго крымінальнай справы — што адбывалася з Эдуардам пасля 5 мая 2015 года, калі ён быў арыштаваны. Але я знаходжуся пад падпіскай аб неразгалошванні, таму шмат чаго не магу гаварыць, каб не трапіць пад крымінальную адказнасць. Па-другое, я не валодаю ўсё паўнатой карціны, бо ніхто мне матэрыялы крымінальнай справы не паказваў. Я вельмі абмежаваная ў інфармацыі, таму магу казаць толькі свае меркаванні.

«НН»: Раскажыце трошку пра сябе і Эдуарда.

ВП: Мы з Эдуардам з аднаго горада — з Ліды. Мы там выраслі, але не былі знаёмыя ў Лідзе, хаця шмат дзе перасякаліся. Мы пазнаёміліся ўжо ў Мінску, калі абодва вучыліся ва ўніверсітэце. Мы пачалі сустракацца, ён стаў для мяне блізкім чалавекам, я – для яго.

Эдуард паступіў на гістарычны факультэт БДУ як алімпіяднік, ён не здаваў іспытаў. На пятым курсе, калі яму заставалася толькі здаць дзяржіспыты, ён вырашыў гэтага не рабіць, каб не праходзіць праз прымусовае размеркаванне, бо трапіць на добрую працу гісторыку — шанец вельмі маленькі.

Эдуард – вельмі добры гісторык. Ён любіць гісторыю, разумее яе. Ён разумее, як адбываюцца гістарычныя працэсы. Яму была цікавая сучасная гісторыя, ён шмат чытаў навін, заўсёды быў у курсе навін у Беларусі і за мяжой. Цікавасць да ўсяго, што адбываецца навокал, яго неад’емная частка.

«НН»: Чым займаўся Эдуард пасля таго як кінуў універсітэт?

ВП: Адзін час ён у якасці рэпетытара па гісторыі рыхтаваў школьнікаў да паступлення. Потым працаваў спецыялістам па SMM у адной кампаніі.

«НН»: А дзе вучыліся і працавалі вы?

ВП: Пад час навучання ў школе я ўдзельнічала ў рэспубліканскіх алімпіядах па іспанскай мове, маю такія-сякія лінгвістычныя здольнасці. Потым паступіла на філалагічны факультэт БДУ, на кітайскую філалогію. Лічыла, што кітайская філалогія – гэта перспектыўны напрамак.

«НН»: Наколькі рамантычны Эдуард быў у адносінах?

ВП: Эдзік вельмі ўважлівы, вельмі клапатлівы. Які падарунак зрабіць, куды запрасіць на спатканне — ён заўсёды адгадваў так, каб гэта сапраўды ўразіла. Зразумела, дарыў мне кветкі, але ён большы майстар нестандартных падарункаў, такіх, якія нават не чакаеш. Ён ніколі нічога не робіць «для галачкі».

«НН»: Вы цяпер жывеце ў Беларусі?

ВШ: Так. У пачатку кастрычніка 2015 года мы з’ехалі ва Украіну і ў канцы студзеня — я вярнулася.

«НН»: Вы ад пачатку ведалі, што «Джон Сільвер» – гэта Эдуард Пальчыс, што ён вядзе сайт 1863x.com?

ВП: Так, адразу. Я адзіная ведала, хто такі «Джон Сільвер». Сайт 1863x.com з’явіўся ў 2014 годзе, але патрэбу запусціць падобны праект Эдуард адчуваў даўно. Дарэчы першапачаткова праект павінен быў мець іншую назву. Якую – не скажу, бо назва 1863x.com нашмат больш удалая.

Я не адгаворвала яго весці сайт і не памяняла свайго стаўлення і сёння. Калі б нават мы вярнуліся ў 2014 год, калі ён пачынаў ствараць свой праект, і я ведала, што ўсё так скончыцца, то ўсё роўна не адгаворвала бы яго гэтага рабіць. Я падтрымліваю погляды мужа і перакананая, што ён рабіў вельмі важную і патрэбную справу.

Ёсць такі выраз: «Рабі што павінен, і няхай будзе што будзе». Мне здаецца, што сайт якраз пачынаўся з такога пасылу.

«НН»: А чаму ён вёў сайт ананімна?

ВП: Думаю, каб не прягваць ўвагі да сваёй асобы. Эдуард заўсёды аглядваўся на тое, што ў яго ёсць сям’я, родныя, я. Усё ж большую частку ён прысвячаў спачатку вучобе, пасля – зараблянню грошай. Да апошняга часу ён не хацеў раскрывацца, каб СМІ стала вядомае яго імя. Гэта нават не з пытанняў бяспекі, бо ён жа не збіраўся весці нейкую злачынную дзейнасць.

«НН»: Калі ў Эдуарда з’явіліся першыя праблемы?

ВП: З’явіліся яны вельмі раптоўна 5 мая 2015 года. Ён тады пайшоў на нейкае сумоўе па рабоце, я яго праводзіла, пасля гэтага мы пабачыліся толькі праз месяц. Тады супраць яго і была заведзеная крымінальная справа.

«НН»: Чаму ён спачатку агучыў версію, што ён хаваўся ад спецслужб, а не знаходзіўся ў турме і бальніцы?

ВП: Як мне здаецца, ён спачатку думаў, што гэта нейкая памылка. Ніякага экстрэмізму, распальвання міжнацыянальнай варажнечы з яго боку не было. Дома ў нас не знайшлі ніякай зброі, нічога супрацьзаконнага. Ён спадзяваўся, што гэтая памылка вырашыцца, Следчы камітэт ва ўсім разбярэцца і справа будзе закрытая. Калі ж была заведзеная другая крымінальная справа за распаўсюд парнаграфіі, то стала відавочна, што Эдуарда проста хочуць пасадзіць.

«НН»: Што гэта за справа з парнаграфіяй?

ВП: Эдуарду скінулі карцінкі з абразлівым кантэкстам у дачыненні да беларусаў, нацыянальнай сімволікі. Ён абурыўся. Як патрыёт, ён не мог гэта праглынуць, прапусціць. Напісаў саркастычны артыкул, у якім выкрываў тую абразлівую «творчасць», а ў якасці прыкладу недабрачыннага стаўлення да беларусаў скарыстаў гэтыя карцінкі.

«НН»: А як на яго выйшлі спецслужбы?

ВП: Ён сам дакладна не ведаў, аднак лічыў, што даставаў і ўстаўляў сім-карты ў тэлефоны ў непатрэбных месцах.

«НН»: Калі вы вырашылі з’ехаць з краіны?

ВП: 12 верасня 2015 года мы пабраліся шлюбам. Мы вырашылі на нейкі час з’ехаць ва Украіну, каб пабыць разам. Потым Эдуард прыняў рашэнне вярнуцца ў Беларусь. Вярнуцца тым жа шляхам, якім прыехаў ва Укаріну, то бок праз Расію. У Расіі яго і затрымалі.

«НН»: Была версія, што ён ехаў у Расію па нейкую інфармацыю.

ВП: Я пра гэта нічога не ведаю. Ён паспеў напісаць мне sms, што дакументы правяраюць у Бранску. Здаецца, гэта была лінейная паліцыя. Потым мы яго знайшлі ў СІЗА. Эдуард ведаў, што яго затрымаюць у Беларусі, ён ехаў праз Расію, бо хацеў яшчэ паспець убачыць бацькоў, а пасля гэтага пайсці здацца следству. Ён не разлічваў на тое, што яго затрымаюць у Расіі.

«НН»: Перажывалі, што яго могуць пакінуць у Расіі?

ВП: Канечне. Тамтэйшая адвакатка адразу сказала, што экстрадыцыя ў Беларусь зойме да паўгода, яна яшчэ тады нават справу не бачыла.

«НН»: Чаму не хацелі далей заставацца ва Украіне?

ВП: Калі мы пажылі троху ва Украіне, то зразумелі, што ў Беларусь трэба вяртацца. Хоць краіна і суседняя, хоць і сяброўская, але жыць за мяжой гэта не тое. Трэба было вырашаць праблемы, якія ў нас былі дома.

«НН»: Вы казалі, што можаце выказаць сваю версію, чаму ўсё гэта адбываецца.

ВП: Чалавек быў занадта непадкантрольны. Ён гуляў не па правілах спецслужб, нікому не падпарадкоўваўся, таму яго вырашылі так жорстка прыхлопнуць. Ён крытыкаваў усіх, у тым ліку і беларускіх чыноўнікаў, і апазіцыю, але асабліва расійскую прапаганду.

«НН»: Вы не бачыліся з Эдуардам пасля затрымання?

ВП: Не, і мяне гэта вельмі засмучае. Пабачыцца да суда, думаю, практычна немагчыма.

«НН»: Што ён піша ў лістах?

ВП: Цяжка сказаць, наколькі добра нашы лісты даходзяць да Эдзіка. 1 чэрвеня ён ужо быў на Валадарцы, мы пра гэта даведаліся 6 чэрвеня. Зразумела, адразу напісалі. 10 чэрвеня яго перавялі ў Жодзіна, таму лісты, што пісалі на Валадарку, усё яшчэ не дайшлі.

Адзін ліст ад Эдуарда прыйшоў бацькам, адзін мне, адзін брату. Ён піша пра рэчы асабістыя. У нас была стабільная перапіска, калі Эдуард сядзеў у Бранску. Нас найперш хвалявала, ці сыты ён, ці не прымяняюцца да яго спецсродкі. У Бранску ў турме ён глядзеў расійскія тэлеканалы. Кажа, што пра Беларусь там расказваюць ці нейтральна, ці ў плане, што «Бацька – хітры». На ўмовы ён не скардзіцца, нібыта з ім усё больш-менш нармальна. Наколькі нармальна можа быць з чалавекам, які сядзіць у турме.

«НН»: Што людзі могуць рабіць у падтрымку Эдуарда?

ВП: Заўсёды добра працуе, калі людзі пішуць лісты. Бо чалавек ізаляваны і яму можа здавацца, што ён усімі забыты. Яму важна ведаць, што яго помняць. Прагноз па справе ніхто даць не можа. Мы з боку сям’і хочам аднаго, каб ён як мага хутчэй пайшоў дамоў.

***

Эдуарду Пальчысу можна пісаць на адрас:

222160, Мінская вобласць, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, турма №8. Пальчысу Эдуарду Аляксандравічу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)