Общество
Настасся Храловіч, «Наша Ніва»

Жэня шые бел-чырвона-белыя сцягі

Дзяўчына жыве ў Мінску, вучыцца ва ўніверсітэце, захапляецца фаер-шоу, якое для яе — сумяшчэнне прыемнага і карыснага: любімая справа, якая перыядычна прыносіць даход. А яшчэ Жэня дома шые нацыянальныя сцягі.

«Маці не супраць маёй дзейнасці. Яна ведае: калі б я гэтым не займалася, то сэрца маё было б неспакойнае.

Таму яна ўсё разумее. Калі я ў першы раз ішла на мітынг, маці сказала: розум у цябе ёсць, ты сама ведаеш, што робіш. А праз некалькі гадзін яна ўжо забірала мяне з аддзялення міліцыі.

Некалькі год запар я хадзіла на ўсе акцыі, у тым ліку і на «Чарнобыльскі шлях», бо лічу, што гэта — мой абавязак як грамадзянкі. Да таго ж, гэтае шэсце, як і любое іншае, у любым выпадку — палітычная акцыя, бо там дазволена сапраўдная нацыянальная сімволіка, і асноўная маса людзей, якія туды ідуць — гэта тыя, хто думае ў правільным кірунку.

Але наконт такіх масавых акцый асабіста ў мяне адчуванні супрацьлеглыя: з аднаго боку — гэта праяўленне сваёй пазіцыі, з другога — гэта санкцыянаванае шэсце, ад кропкі, А да кропкі Б. Сёлета ў нас было некалькі гадзін, і мы павінны зрабіць усё хутка-хутка, і ні ў якім разе не заходзіць за пэўныя лініі. Я гэтага не разумею. Таму сёлета на „Чарнобыльскі шлях“ я вырашыла не ісці, мае погляды не дазволілі мне плесціся ў статку.

Вольны чалавек павінны заставацца вольным, і нельга яго заганяць у жорсткія рамкі, бо які тады сэнс у такой „свабодзе“?

У некаторы момант я распаўсюджвала ўлёткі, удзельнічала ў падрыхтоўцы да „Чарнобыльскага шляху“ — дапамагала сябрам шыць сцягі і іншую сімволіку. Калі штосьці ў самой арганізацыі і абмежаваннях зменіцца, я абавязкова вазьму ўдзел у шэсцях.

Першы раз я трапіла на акцыю, калі два гады таму ў Мінску ладзілі своеасаблівы паўтор Грунвальдскай бітвы. Мяне тады, памятаю, вельмі ўразіла энергетыка людзей: вочы, якія гараць, адчуванне, што чалавек ведае, што ён на сваім месцы. Колькасць народу, эмоцыі — усе ведаюць, што будуць наступствы, але разумеюць, што яно таго варта. Менавіта на той акцыі вельмі расчаравалі паводзіны міліцыянтаў, бо я не чакала такой рэакцыі на нашыя дзеянні, яны вельмі жорстка абышліся нават з рэпарцёрамі і фатографамі.

Па мне, дык усе баяцца чагосьці новага. Людзі не ведаюць, што будзе далей, і ім прасцей пакінуць усё так, як ёсць.

Яны прызвычаіліся прагназаваць штосьці дрэннае, але там можа быць і штосьці добрае. Я ж веру, што лепшае заўсёды наперадзе, галоўнае — штосьці для гэтага рабіць. Увогуле, калі сядзець і нічога не прадпрымаць, то нічога і не зменіцца, асабліва да лепшага.

Асабіста да мяне ўсведамленне прыйшло год у 16, калі я перастала глядзець навіны па дзяржаўных каналах.

І калі людзі маюць іншыя погляды, але гатовыя выслухаць маё меркаванне — я стоадсоткава яго выкажу. Але калі яны як упёртыя бараны проста стаяць на сваім і не хочуць слухаць, то я не збіраюся марнаваць сілы і кагосьці перакрыкваць. У мяне ёсць самадастатковасць у гэтым сэнсе.

У Беларусі, акрамя відавочных рэчаў, не хапае свабоды для артыстаў. На самой справе, ёсць шмат забароненых рэчаў, але такія забароны не маюць сэнсу. Гэта тычыцца не толькі мітынгаў — пытанне нашмат шырэй. То бок дробязі — яны назапашваюцца і назапашваюцца… Вось, напрыклад, калі забаранілі ТНТ — гэта ж поўная бязглуздзіца. Артыстам нашым забараняецца на вуліцы граць на музыкальных інструментах, хоць яны нават не збірюць грошы.

З’язджаць я нікуды не хачу, бо, у адрозненне ад густа заселеных краінаў, у нас у гарадах бачна неба.

Беларусь наогул вельмі прыгожая зялёная краіна, народ хоць і маўклівы, але ўсё роўна людзі ў нас добрыя. Па меншай меры, калі ехаць у метро і ўсміхацца незнаёмцам — яны амаль заўсёды ўсміхаюцца ў адказ.

Я магу дакладна сказаць, чаго я не хачу ў будучыні. Я не хачу тоўпіцца ў чарзе за таннейшым „сацыяльным“ малаком, не хачу апошнія свае грошы з пенсіі выдаткоўваць на лекі. Я не хачу жыць у жаху.

Я хачу з гонарам казаць, што я — беларуска, не баяцца прайсці міма міліцыянтаў, якія могуць коса на цябе паглядзець, не баяцца спяваць на вуліцы цудоўныя песні на роднай мове.

Сябры мяне падтрымліваюць. Не ўсе, канешне, шмат хто з знаёмых кажа: „Дайце нам проста вучыцца, проста працаваць, мая хата з краю“… Але я так не магу, я вельмі люблю сваю краіну і лічу, што яна занадта прыгожая, каб на ўсе заплюшчваць вочы».