Коктейль

Ждановіч пра сустрэчу з Качанавай: «Там было тры з паловай гадзіны проста ваніты»

Жыццё-маліна пагутарыла з Аляксандрам Ждановічам, які больш вядомы ў якасці лепшага сябра ўсіх беларускіх дзяцей Маляваныч.

Званне народнага артыста, Качанава і ваніты

Я атрымаў у 2013-м годзе ордэн Скарыны, і ёсць такая дамоўленасць, што праз 5 гадоў падаюць на званне. Я ніколі не займаўся гэтай кар'ерай, не займаўся гэтымі справамі, таму, напэўна, пра мяне забыліся, яно б так і вісела да 2020-га года.

І гэта праўда, што летам 2020-га года мае дакументы падалі на званне. Дарэчы гэта быў такі шантаж, я хадзіў на сустрэчу, дзе спачатку павінен быў быць прэзідэнт. Там сабралі ўсю эліту культурную, а потым патэлефанавалі і сказалі, што дзякуй богу будзе не прэзідэнт, а Качанава.

Я не быў такі пушысты, я быў чалавекам сістэмным, і мне таксама хацелася нейкага перніка, і я пайшоў. А там было тры з паловай гадзіны проста ваніты.

36 год у тэатры, звальненне і 33 артыкул Канстытуцыі

Ніякіх высокіх эмоцый ад звальнення я не адчуваў. Чамусьці мне здавалася, што адбываецца нешта, што павінна адбыцца, а тады ты спакойны. Адно, канешне, я можа не з тых артыстаў, я не магу жыць без сцэны – гэта маё жыццё, дыханне.

Мяне шмат што цікавіць у жыцці: я пісаў вершы, я маляваў і малюю, тэлебачанне, я працаваў з дзецьмі рознымі, і з дзецьмі з інтэрнатаў з асаблівасцямі, і можа ў гэтым бачыў сваю місію, таму я дзіўлюся, чаму звальненне мяне не вельмі чапае. Адно толькі, што без сцэны будзе губляцца нейкі ўзровень.

Жонка, вялікае каханне і ліст да Лукашэнкі, каб ён пакаяўся

З жонкай быў 31 год. Жыць з такім чалавекам як Люда было вельмі адказна, і я магу сказаць, што я не адпавядаў гэтаму. Калі Люды не стала, я разумеў, што гэты экзамен не вытрымліваю, цяжка жыць з чалавекам, які жыве па Евангелле амаль.

Ёсць досвед такі, што калі чалавек сыходзіць, ты бачыш яго ў поўным аб'ёме. Усе, хто яе ведалі, яны не маглі быць абыякавымі да яе. Я дзівіўся момантамі, яна была крыху блажэнная, вось у яе не было ніякіх аўтарытэтаў, яна магла сказаць каму заўгодна што заўгодна, калі яна лічыла, што мае на гэта права. І гэта стварала не вельмі прыемныя сітуацыі.

Люда тапіла за Лукашэнку калісьці, гэта такі праваслаўны трэнд – усякая ўлада ад бога. Яна казала, што Лукашэнка адкрывае храмы, мы з дзецьмі з ею спрачаліся, казалі, што ён забойца, знішчае. Яна так напружылася, падумала, потым пайшла і напісала яму ліст, каб ён пакаяўся, калі гэта праўда. Гэта ж яна рабіла сур'ёзна, вось узровень.