Жанну Літвіну, Іосіфа Сярэдзіча і Алену Міронаву запрасілі ў каардынацыйную раду па СМІ

Савет Міністраў прапануе старшыні БАЖ Жанне Літвіной, галоўнай рэдактарцы «"КП" в Белоруссии» Алене Міронавай і галоўнаму рэдактару «Народнай волі» Іосіфу Сярэдзічу ўвайсці ў склад грамадскай каардынацыйнай рады ў сферы масавай інфармацыі. Пра гэта гаворыцца ў праекце пастановы Саўміну «Аб змяненні складу каардынацыйнай рады ў сферы масавай інфармацыі», які БАЖ атрымаў 16 студзеня па факсе з Міністэрства інфармацыі.

Разам з гэтым дакументам у БАЖ прыйшоў афіцыйны ліст за подпісам першай намесніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч. «Просім узгадніць гэты праект у тэрмін да 19.01.2009 года, а таксама прадаставіць копіі ўстаноўчых дакументаў і пасведчанняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі», — гаворыцца ў пасланні.

У гутарцы з прэс-службай БАЖ Жанна Літвіна выказала папярэднюю гатовасць уступіцьу раду, але ад аптымістычных прагнозаў пакуль устрымліваецца. «Пакуль рана казаць пра тое, што прысутнасць прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ будзе дзейснай, што мы зможам уплываць на прыняццё рашэнняў рады, — пракаментавала прапанову старшыня БАЖ Жанна Літвіна. — Канешне, быў бы ідэальны варыянт, калі б рада (калі яна будзе на нешта ўплываць) прыняла да разгляду пытанне роўных эканамічных умоваў для СМІ рознай формы ўласнасці, доступу да інфармацыі, прывядзення ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі закона „Аб СМІ“, калі б у паўнамоцтвах рады былі такія пытанні, як перарэгістрацыя, стварэнне цывілізаванага медыярынку… Але ўсё гэта пакажа час».

Нагадаем: 29 кастрычніка віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка падпісаў пастанову Саўміну «Аб стварэнні грамадскай каардынацыйнай рады ў сферы СМІ». Тэкст гэтага дакумента можна знайсці ў «Эталонным банку дадзеных прававой інфармацыі РБ».

Асноўнымі задачамі рады, паводле пастановы Саўміну, з’яўляюцца: каардынацыя ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб’яднанняў і іншых арганізацый, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у сферы масавай інфармацыі; забеспячэнне правільнага прымянення норм закона «Аб СМІ»; разгляд спрэчных пытанняў, датычных прымянення гэтага закона і іншага заканадаўства ў сферы СМІ. Разам з тым, рашэнні рады маюць рэкамендацыйны характар і не могуць лічыцца правамоцнымі дакументамі.

У раду ўвайшлі ў асноўным прадстаўнікі дзяржаўных органаў, дзяржаўных установаў і дзяржаўных СМІ. Старшынём каардынацыйнай рады, паводле пастановы Саўміну, з’яўляецца галоўны рэдактар газеты прэзідэнцкай адміністрацыі «Советская Белоруссия» Павел Якубовіч. Акрамя яго, у склад рады ўвайшлі: старшыня Беларускага саюза журналістаў Анатоль Лемяшонак; супрацоўніцы прававога ўпраўлення Мінінфармацыі Лілія Богдан і Вікторыя Мялешка; дырэктар Інстытута журналістыкі БДУ Сяргей Дубовік і дацэнт журфаку Наталля Доўнар; першы намеснік старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандр Саламаха; намеснік старшыні праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» (АНТ) Андрэй Бас; першы намеснік гендырэктара ЗАТ «СТВ» Віктар Дудко; выканаўчы дырэктар Тэлекамунікацыйнага галіновага саюза Сяргей Казаннікаў; галоўны рэдактар газеты «Аргументы и факты» в Белоруссии» Ігар Сакалоў, галоўны рэдактар дзяржаўнай «Маладзечанскай газеты» Аляксандр Хазянін і сябра ГА «Саюз выдаўцоў і распаўсюднікаў друку» Аляксандр Чачора.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(1)