Общество
www.baj.ru

Жанна Літвіна: "Выказванні дзяржаўных чыноўнікаў часам даходзяць да абсурду..."

"У нашай краіне, дзе няма традыцыі свабоды слова, выказванні дзяржаўных чыноўнікаў адносна ролі і месца прэсы часам даходзяць да абсурду", — так пракаментавала старшыня БАЖ Жанна Літвіна выступленне намесніка дзяржсакратара Савету бяспекі Беларусі Юрыя Крывашэева. 4 траўня на Беларускім інфармацыйным форуме ён заявіў, што "СМІ могуць і павінныя стаць інструментам інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння, нейтралізацыі і нават падаўлення спробаў супрацьпраўных дзеянняў яшчэ да іх праяўлення". Напярэдадні сваім бачаннем ролі прэсы ў жыцці грамадства падзяліўся таксама старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец. "Трэба здолець зразумець логіку ўладаў і суаднесці яе з логікай абставінаў жыцця. Гэта і ёсць задача прэсы", — лічыць ён.

"У нас у краіне ідзе пастаяннае навязванне бачання месца і ролі СМІ ў грамадстве з боку высокіх дзяржаўных кіраўнікоў, чыноўнікаў ад прэсы і г.д. Усе гэтыя выказванні ў чарговы раз пацвярджаюць, што прафесія журналіста ў Беларусі губляе нармальныя абрысы, і яе ўсё больш напаўняюць чужым зместам...

На жаль, гэтыя святочныя для прэсы дні не сталі нагодай для дыскусіі, якая даўно наспела ў журналісцкім асяродку, адносна нашай ролі ў грамадстве. Учорашні дзень прайшоў пад лозунгам інтэгравання ў сусветную інфармацыйную прастору. Але мы не можам ў яе інтэгравацца, бо ў нашым грамадстве няма свабоднага абарачэння інфармацыі: нам трэба парушыць манаполію выканаўчай улады на інфармацыю ўнутры краіны, а потым ужо марыць пра інтэграцыю ў міжнародную супольнасць, якая функцыянуе па іншых законах, пра якія шмат хто з маіх калегаў нават не падазрае...

Ва ўсім свеце хрэстаматыйнай лічыцца ісціна: улада праз прэсу трымае адказнасць за кожны свой крок. А нам кажуць, што журналіст павінен "спасцігаць яе логіку"... У Польшчы чыноўнік не мае права нават першым пакласці слухаўку, калі размаўляе з журналістам; у нас жа адмовы ў інфармацыі з боку чыноўнікаў усіх узроўняў сталі нормай. І мала хто ўзгадвае, што арт. 198 КК РБ прадугледжвае крымінальную адказнасць за стварэнне перашкодаў дзейнасці і замах на правы і законныя інтарэсы журналіста.

Мы павінны дакладна правесці тую мяжу, дзе сканчаюцца паўнамоцтвы чыноўніка і пачынаюцца правы журналіста. Інакш нашу прафесію канчаткова загоняць у "сферу абслугоўвання", і яна зусім страціць сваё канстытуцыйнае прызначэнне — збіраць і распаўсюджваць поўную, праўдзівую і своечасовую інфармацыю", — зазначыла Жанна Літвіна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)