Общество
Іна Студзінская, Радыё Свабода

Жаніх быў у турэмнай робе, нявеста — у чырвонай сукенцы

У Івацэвіцкай калёніі «Ваўчыныя норы» у пятніцу пабраліся шлюбам Павал Вінаградаў і Сьвятлана Гарохавік. На ўрачыстую цырымонію дапусьцілі бацькоў і сьведак. Нявеста была ў чырвонай сукенцы, а жаніх, нягледзячы на дазвол пераапрануцца ў цывільнае, вырашыў застацца ў турэмнай робе.

Святлану ў калонію праважалі блізкія сяброўкі

Жаніх вырашыў распісвацца ў турэмнай робе

Бацька жаніха Юры Вінаградаў паведаміў «Радыё Свабода», што ўсё адбылося цудоўна:

— У калёніі вельмі добра паставіліся да вясельля. Па-чалавечы паставіўся намесьнік начальніка. І сьведкам, і родным далі пропускі, дазволілі ўбачыцца з Пашам. З намі было яшчэ адно вясельле, дык там нават родным ня ўсім дазволілі прысутнічаць».

Карэспандэнтка: «Такім чынам, у Івацэвіцкай калёніі сёньня два вясельлі было?».

— Так, дзьве пары расьпісваліся. Крыху, праўда, зацягнулася, бо чакалі, пакуль прыедзе прадстаўніца ЗАГСу расьпісваць. На КПП ёсьць адмысловы пакой для росьпісу. Вельмі хутка Пашу і Сьвету расьпісалі, але гэта, магчыма, і добра, бо нармальна ахова да нас паставілася. Нам усім далі час — прыкладна паўгадзіны, з Пашам усе пасьпелі паразмаўляць. Нагаварыцца, вядома, не, але пагаварыць пасьпелі ўсе. Павал — малайчына, трымаецца добра, крыху схуднеў, але ён аптыміст, вясёлы».

Карэспандэнтка: «Сьвятлана набыла такую прыгожую чырвоную сукенку. А ці дазволілі Пашу пераапрануцца? Альбо ў робе давялося пабрацца шлюбам?».

— У прынцыпе, дазволілі, і мы нават узялі вопратку. Але Павал адмовіўся. Паша сказаў, што ня той гэта выпадак, і ў робе турэмнай расьпісваўся.

Карэспандэнтка: «Сьвятлана ўчора столькі прысмакаў на вясельле накупляла…».

— Так, ледзьве дацягнулі мы гэтыя сумкі да КПП. Але там ёй далі вазок і дапамаглі».

Карэспандэнтка: «Сьвятлане на трое сутак дазволілі спатканьне?».

— Так, адзінае — у панядзелак у калёніі санітарны дзень, і толькі да 10 гадзіны будзе спатканьне. Магло быць да 17-й гадзіны, але выйдзе толькі да 10-й.

Зрабіць фота на памяць маладым на вясельлі не дазволілі, бо калёнія лічыцца рэжымным аб’ектам. Заручальных пярсьцёнкаў таксама не было, бо ў турме насіць пярсьцёнкі нельга. Але Сьвятлана спадзяецца, што як толькі Павал выйдзе на свабоду, абявязкова падорыць ёй пярсьцёнак — гэта ж мужчынская справа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)