Прыгажуня дня
Марына Загорская, фота Уладзiмiра Багданава

Жалезная заслона ВКЛ

Не толькі косамі ды янчаркамі былі ўзброеныя паўстанцы Тадэвуша Касцюшкі. Зброя для іх кавалася ў Вішневе на першым і самым буйным у Вялікім княстве Літоўскім металургічным заводзе. Сын заснавальніка прадпрыемства — канцлера ВКЛ Яўхіма Храптовіча — змагаўся ў шэрагах інсургентаў за дэмакратычныя каштоўнасці, якія на пару з навукова-тэхнічным прагрэсам прывялі сямейны бізнес да... краху.

 

І ўсё ж завод Храптовічаў пратрымаўся на рынку нашмат даўжэй за тутэйшых канкурэнтаў. Амаль стагоддзе ў Вішневе з мясцовай балотнай руды з выкарыстаннем драўнянага вугалю выплаўлялі чыгун, выраблялі сельскагаспадарчыя прылады і будаўнічае паласавое жалеза.
— Храптовічы першымі ў ВКЛ займелі даменную печ. У 1825 годзе на заводзе выплавілі каля 23 тысяч пудоў чыгуну. Адзін жа злітак яго каштаваў 30 злотых (ці 4 рублі). Прадукцыю, вытворчасцю якой былі занятыя больш за сто спецыялістаў і рабочых, пастаўлялі ў Вільню і Мінск, — дырэктар Валожынскага краязнаўчага музея Наталля Лоўчая дзе-ліцца скупымі звесткамі пра тыя часы, калі Вішнева мела для нашага рэгіёну такую ж ролю, што і Урал для Расіі.
У абодвух металургічных цэнтрах, дарэчы, былі аднолькавыя тэхналогіі вы-творчасці і кадравы састаў. Урал трымаўся тады на нестандартнай феадальнай павіннасці — цэлыя “прыгонныя” вёскі прымацоўваліся да заводаў. Сяляне Храптовічаў таксама замест адпрацоўкі паншчыны збіралі вызначаную колькасць жалезнай руды ці выпальвалі вугаль у лясах. У год адмены прыгоннага права і расійскія прамыслоўцы Дзямідавы, і беларускія жалезныя магнаты Храптовічы пазбавіліся бясплатнай працоўнай сілы. Амаль адразу ж распачалося асваенне Данбаса. Адначасова інтэнсіўна будаваліся чыгункі. Па рэйках вугаль, руду і прадукцыю можна было вазіць куды заўгодна і колькі патрэбна. Такім чынам, Урал паступова здаваў пазіцыі Крыварожска-Данецкаму раёну, а Вішнеўскі металургічны завод, не вытрымаўшы канкурэнцыі з капіталістычнымі прадпрыемствамі, сканаў. Хоць і ратавалі яго Храптовічы як маглі, перадаўшы нават у арэнду немцам.
— Дагэтуль тое месца, дзе стаялі калісьці заводскія корпусы, мясцовыя жыхары называюць “гісэрняй” (ад нямецкага «giessen» — “ліць”), — расказвае Наталля Лоўчая. — Гэта пацвяр-джае версію, што кіравалі прадпрыемствам іншаземцы.
Цяпер падмуркі завода ледзь угадваюцца сярод зарасніку. З усіх будынкаў дзейнічае толькі ліцейка, якую, праўда, даўно перапрафілявалі ў цэх дрэваапрацоўкі. Але ў Вішневе не тояцца, што дагэтуль пажынаюць плады эканамічнай дзейнасці Храптовічаў.
— Калі ўзяць у рукі рыдлёўку ды капнуць глыбей, і цяпер можна знайсці кучы шлаку, — сцвярджае настаўніца мясцовай школы Наталля Іванкевіч.
Адходы былой вытворчасці карыстаюцца вялікім попытам. Са шлаку ў вёсцы выраслі каплічка і шматлікія агароджы. Аб “жалезным веку” Вішнева нагадваюць старыя помнікі на могілках ды фігурнае ліццё брамы касцёла св. Марыі — справа рук храптовічавых сялян.
...Зрэшты, сляды металургічнага промыслу захаваліся ў Беларусі амаль паўсюдна. “Будамі” называліся тыя месцы, дзе выпальваўся драўняны вугаль. Адваяваную ў леса прастору засялялі людзі. Адтуль пайшлі Буда Грэская, Буда-Кашалёва ды іншыя шматлікія Буды.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)