Профсоюзы
Анастасія Зелянкова

З’езд пераможцаў

Чарговы, ІХ з’езд Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны адбыўся, нягледзячы на тое, што за некалькі дзён да пачатку мерапрыемства ўлады забаранілі яго правядзенне ў тэатральнай залі Чырвонага касцёла. У нядзелю, 30 кастрычніка, у сядзібе БНФ сабраліся каля 130 дэлегатаў, а таксама госці і сябры арганізацыі. На пасаду старшыні ТБМ пераабраны гісторык і грамадскі дзеяч Алег Трусаў.

— Мы прынялі шэраг дакументаў, у тым ліку рэзалюцыю, якая датычыць сучаснага стану беларускай мовы, — падсумаваў вынікі з’езду Алег Трусаў. — Быў прыняты таксама зварот да Еўразвязу з прызывам ажыццяўляць вяшчанне на Беларусь па-беларуску. Нам хапае русіфікацыі з Усходу, таму мы не жадаем яшчэ і русіфікацыі з Захаду. Мы заклікалі выкарыстоўваць беларускую мову ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкай кампаніі 2006 года, узнялі пытанне пра адкрыццё Беларускага нацыянальнага універсітэта.

Сваімі меркаваннямі наконт сучаснага стану беларускай мовы з удзельнікамі з’езду падзяліліся вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы: Пятро Краўчанка, Уладзімір Колас, Аляксандр Мілінкевіч і іншыя.

Паводле спадара Трусава, далейшая стратэгія арганізацыі не зменіцца.

— За гэты час нам многае ўдалося зрабіць, — кажа ён. — Яшчэ раней хто б мог падумаць, што рэклама замежных фірм загучыць па-беларуску? Мы распрацавалі тактыку дзеяння з кожным чыноўнікам. У тым, што зараз беларуская мова набывае ўсё большую павагу насельніцтва, ёсць і наша заслуга.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)