Скандалы
Сяргей Навумчык, «Радыё Свабода»

Зьбіцьцё дэпутатаў БНФ. Хроніка, фота, вiдэа

Пятнаццаць гадоў таму у Авальнай залі Дома ўраду былі зьбітыя дэпутаты Апазыцыі БНФ, якія абвясьцілі галадоўку супраць ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму.

Увесну 1995 г. Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка выступіў з ініцыятывай рэфэрэндуму аб скасаваньні бел-чырвона-белага сьцяга і герба “Пагоня” як дзяржаўных сымбаляў, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць Вярхоўны Савет.

У сакавіку ВС прыступіў да разгляду прапаноў прэзыдэнта. У іх абарону выступалі камуністы, дэпутаты ад вэтэранскай арганізацыі, а таксама прыхільнікі Лукашэнкі. Дэпутаты Апазыцыі БНФ заявілі, што прапановы прэзыдэнта супярэчаць Канстытуцыі і законам і могуць выклікаць раскол у грамадзтве.

23 сакавіка 1995г. дэпутаты Апазыцыі БНФ падрыхтавалі праект пастановы ВС: адхіліць прапанову Лукашэнкі аб рэфэрэндуме на той падставе, што “пытаньні аб статусе рускай мовы і дачыненьнях з Расейскай Фэдэрацыяй супярэчаць частцы 3 артыкула 3 Закону “Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) ў Рэспубліцы Беларусь”, а пытаньні аб Дзяржаўным гербе і сьцягу, а таксама магчымасьці роспуску Вярхоўнага Савету ня маюць юрыдычнай дакладнасьці і не даюць магчымасьці атрымаць адназначны адказ”.

Дэбаты цягнуліся некалькі дзён. Прапанова дэпутатаў БНФ не была прынятая. 9 красавіка перад будынкам Вярхоўнага Савету па вул. Карла Маркса (цяперашняя адміністрацыя прэзыдэнта) адбыўся мітынг жыхароў Менску. У рэзалюцыі казалася, што “гэтыя рэфэрэндумы, калі б яны адбыліся, толькі зганьбілі б нашу краіну, раскалолі і пасварылі наш народ, яны не палепшылі б, а пагоршылі б жыцьцё нашых людзей. Мы пратэстуем і не прымаем такую антынародную палітыку. Патрабуем ад прэзыдэнта Лукашэнкі зьняць сваю ініцыятыву аб рэфэрэндуме. Просім нашых дэпутатаў ад Апазыцыі Народнага Фронту адстойваць нашыя грамадзянскія, чалавечыя, сацыяльныя, нацыянальныя правы”.

Раніцай 11 красавіка, у 09.25 з трыбуны сэсіі ВС старшыня Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк зрабіў наступную заяву (цытуецца па стэнаграме):

Пазьняк З.С. (Ангарская выбарчая акруга нумар 9, г. Мінск). “Спадары дэпутаты! Мінула амаль пяць гадоў дзейнасьці Вярхоўнага Савету, у якім усё вызначала і вызначае былая камуністычная намэнклятурная большасьць. Які ж вынік вашай дзейнасьці за пяць гадоў, спадары дэпутаты? Што вы нарабілі і што натварылі?

Пяць гадоў назад у нас быў аднолькавы жыцьцёвы ўзровень, як і ў краінах Балтыі. Але краіны Балтыі прайшлі па шляху свабоды і эканамічных рэформаў і цяпер ужо пачынаюць карыстацца пладамі сваёй разумнай палітыкі. Беларусь жа, дзякуючы перш за ўсё вашай дзейнасьці, пакацілася ў яму жабрацтва, разбурэньня эканомікі, інфляцыі. Ад рэформаў адмовіліся, краіну абрабавалі, народ абакралі, маёмасьць “прыхватызавалі”. У людзей забралі грашовыя ўклады і аблігацыі, не далі ні зямлі, ні працы, ні нармальнага сацыяльнага забесьпячэньня. На кожную душу павешалі вялізарную дзяржаўную пазыку.

І што прапануеце вы цяпер, разам з вашым прэзыдэнтам, якога вы прыдумалі, спадары намэнклятурныя дэпутаты? Што прапануеце вы цяпер, пад заслону, у канцы вашай бясплённай і разбуральнай дзейнасьці? Абрабаваўшы народ, вы, топчучы Канстытуцыю і закон, прапануеце яму рэфэрэндум аб яго сьвятой беларускай мове, аб яго гістарычным сьцягу і гербе ва ўмовах жабрацтва, бяспраўя, інфармацыйнай блякады і поўнага беззаконьня. Абрабаваўшы народ, вы прапануеце яму грамадзкі раскол і грамадзянскае супрацьстаяньне. Абрабаваўшы народ, вы гатовы прадаць незалежнасьць яго Бацькаўшчыны, кінуць яго пад эксплёатацыю і расправу сваёй і замежнай мафіі. Вось вынік вашай пяцігадовай дзейнасьці.

Мы, дэпутаты Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, пратэстуем супраць зьдзекаў над нашым народам, над нашай Айчынай, над нашай Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь. Вычарпаўшы ўсе магчымасьці, у знак пратэсту супраць антызаконнасьці і згубнасьці вашых дзеяньняў мы аб’яўляем галадоўку тут, у цэнтры гэтай залі. Пачынаем яе цяпер, з гэтай хвіліны. Мы патрабуем выкананьня Канстытуцыі, законаў Рэспублікі Беларусь, свабоды слова і ліквідацыі цэнзуры... (Шум у залі) ... спыніць рабаваньне народа і Бацькаўшчыны! (Шум у залі).

Шаноўная Інэса Міхайлаўна! Вы – міністар аховы здароў’я. Прашу Вас прыслаць урача і зафіксаваць пачатак галадоўкі (Шум у залі).

Прадаўжайце, спадары дэпутаты, сэсію.”

Зянон Пазьняк, Лявонцій Зданевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Сяргей Папкой, справа ад трыбуны – Барыс Гюнтар, Сяргей Наумчык, Лявон Баршчэўскі, Сяргей Антончык, Аляксандар Шут, Пётра Садоўскі, Валянцін Голубеў

У галадоўцы ўдзельнічалі 19 дэпутатаў: Мікалай Аксаміт, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Юрась Беленькі, Ігар Гермянчук, Валянцін Голубеў, Уладзімер Заблоцкі, Барыс Гюнтэр, Лявон Дзейка, Лявонцій Зданевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Мікола Маркевіч, Віталь Малашка, Сяргей Навумчык, Зянон Пазьняк, Сяргей Папкоў, Пётра Садоўскі, Алег Трусаў, Аляксандар Шут.

Адметна, што адразу пасьля абвяшчэньня галадоўкі галасаваньне па прапановах Аляксандра Лукашэнкі дало адмоўныя для яго вынікі: прапановы не набіралі патрэбнай для прыняцьця рашэньня колькасьці галасоў.

Алег Трусаў, Барыс Гюнтар, Ігар Гермянчук (за трыбунай), Валянцін Голубеў, Сяргей Навумчык, Лявон Дзейка, Уладзімер Заблоцкі.

16.00. Дэпутаты-галадоўшчыкі зьвяртаюцца да старшыні ВС Мечыслава Грыба: “Як нам стала вядома, з боку спэцслужб прэзыдэнцкай адміністрацыі і сілавых утварэньняў ноччу магчымыя дзеяньні, якія пярэчаць нашаму канстытуцыйнаму праву на свабоду волевыяўленьня і парушаюць дэпутацкую недатыкальнасьць. Просім забясьпечыць нашу ахову і выкананьне законаў і Канстытуцыі.”

У 20 гадзін начальнік галоўнага ўпраўленьня дзяржаўнай аховы Міхаіл Цесавец і начальнік службы аховы прэзыдэнта Вячаслаў Каралёў запатрабавалі ад дэпутатаў-галадоўшчыкаў пакінуць Авальную залю на той падставе, што паступіла інфармацыя пра нібыта замінаваньне будынку. Дэпутаты адмовіліся. На бальконе Авальнай залі зьяўляюцца два чалавекі з відэакамэрамі.

Цесавец і Каралёў спрабуюць выцягнуць дэпутатаў з Авальнай залі

У 23 гадзіны Каралёў з падначаленымі спрабавалі фізычна выдаліць дэпутатаў, але не атрымалася – дэпутаты трымаліся адзін за аднаго (гэты эпізод Лявону Дзейку ўдалося сфатаграфаваць).

У 0.40 (ужо 12 красавіка) група сапёраў правяла абсьледаваньне залі. Мінаў знойдзена не было, пра што складзены адпаведны акт. З Авальнай залі была выдаленая журналістка Алена Радкевіч, якая перадавала рэпартажы на радыё Свабода.

У 02.45 па цэнтральным праходзе Авальнай залі да дэпутатаў ідуць Каралёў і двое невядомых у камуфляжнай форме. Яны даюць пяць хвілінаў, каб вызваліць памяшканьне.

Празь некалькі хвілінаў дзьверы Авальнай залі адчыняюцца, па пэрымэтру ўбягаюць аўтаматчыкі ў касках, фае перад Авальнай заляй запаўняецца міліцыянтамі і вайскоўцамі (пазьней было выяўлена, што ў тую ноч у будынку было больш за 600 ўзброеных байцоў унутраных войскаў і спэцслужбаў).

На дэпутатаў Апазыцыі БНФ нападае некалькі дзясяткаў чалавек у чорных трыко і ў чорных масках (група афіцэраў КДБ “Альфа”). Дэпутатаў зьбіваюць, вывалокваюць у двор Дома ўраду, дзе закідваюць у міліцэйскія “варанкі” і выкідаюць у цэнтры Менску. Па дарозе некаторыя дэпутаты (як Аляксандар Шут) былі зьбітыя міліцыянтамі дубінкамі. Сем дэпутатаў адразу зьвяртаюцца ў лечкамісію, дзе фіксуюць цялесныя пашкоджаньні. У тую ж ноч дэпутаты зьвяртаюцца ў Генэральную пракуратуру.

На наступны дзень Васіль Быкаў у інтэрвію Свабодзе называе падзеі той ночы “прэлюдыяй фашыстоўскага перавароту, калі група асобаў учыняе крымінальную справу ў сьценах парлямэнту і захоплівае ўсю паўнату ўлады ў краіне... Ужо пэўна, што ў Беларусі ня будзе парлямэнту, ня будзе дэмакратычных выбараў, зьнікнуць рэшткі вольнае прэсы. Краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта”.

Празь некалькі дзён пасьля зьбіцьця дэпутатаў журналісты незалежнай арганізацыі “Мас-мэдыя цэнтар” Аляксандар Старыкевіч і Сьвятлана Карпякова выпусьцілі фільм, які ніколі не дэманстраваўся на тэлебачаньні і ў сеціве ўпершыню зьмяшчаецца на вэб-сайце Свабоды.

Дадамо, што дэпутаты Апазыцыі БНФ заявілі, што не прызнаюць вынікі рэфэрэндуму 1995 году, паколькі ён супярэчыў Канстытуцыі і заканадаўству. Таксама вынікі рэфэрэндуму ніколі не былі зацьверджаныя Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)